Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line



90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси Барыс Барысавіч Бойка Да 75-годдзя з дня нараджэння

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Барыс Барысавіч Бойка (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларуси
СЕРИЯ ФИЗИКО-МАТЕМАТИЧЕСКИХ НАУК

Издатель: Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 3, 1998 (С. 135--136)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Аляхновіч М.М., Апанасевіч П.А., Ганчарэнка А.М., Пятроў М.С., Сойка А.К.
Барыс Барысавіч Бойка (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

6 жніўня 1998 г. споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага-фізіка, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Барыса Барысавіча Бойка.

Б.Б. Бойка нарадзіўся ў сям'і агранома ў в. Ходараўка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. З юнацкіх гадоў ён захапляецца авіяцыяй, сярэднюю адукацыю атрымлівае ў 1941 г. у спецыяльнай школе ваенна-паветраных сіл у г. Мінску, затым вучыцца ў ваенна-авіяцыйнай школе пад Уфой і нарэшце ў 1944 г. заканчвае Батайскую школу знішнальнай авіяцыі і служыць у ваеннай авіяцыі да 1946 г.

У 1951 г. Б.Б. Бойка заканчвае фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і прыходзіць на працу ў Фізіка-тэхнічны інстытут АН БССР. У гэтай старэйшай навуковай установе Беларусі ён пад кіраўніцтвам акадэміка С.І. Губкіна займаецца даследаваннем фізічных з'яў, якія адбываюцца пры апрацоўцы металаў ціскам, і, у прыватнасці, вывучэннем размеркавання напружанняў у пругка і неабарачальна дэфармаваных асяроддзях метадамі фотапругкасці і фотапластычнасці. Ужо ў гэты пачатковы перыяд сваёй навуковай дзейнасці Б.Б. Бойка праявіў бліскучыя здольнасці эксперыментатара і выключную інтуіцыю. Вынікам даследаванняў стала выдадзеная ў 1957 г. манаграфія "Фотапластычнасць" (сумесна з С.І. Губкіным і С.І. Дабравольскім), якая атрымала шырокую вядомасць і была перакладзена пазней на англійскую, кітайскую і румынскую мовы.

У 1958 г. Б.Б. Бойка паступае ў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР. Тэмай яго навуковай работы становіцца вывучэнне працэсаў цячэння вязкіх асяроддзяў палярызацыйна-аптычнымі метадамі. У гэтым накірунку ім практычна ўпершыню былі дасканала распрацаваны тэарэтычныя і эксперыментальныя асновы палярызацыйна-аптычнага метаду даследавання працэсаў вязкага цячэння. Гэты метад грунтуецца на вывучэнні вымушанай аптычнай анізатрапіі, якая ўзнікае ў выніку ўздзеяння на ізатропнае асяроддзе механічных напружанняў і дэфармацый.

У 1963 г. Б.Б. Бойка прадставіў у якасці кандыдацкай дысертацыі сваю працу "Палярызацыйна-аптычныя даследаванні працэсаў вязкага цячэння", навуковыя і практычныя вынікі якой аказаліся настолькі важнымі і глыбокімі, што яму адразу была прысуджана ступень доктара фізіка-матэматычных навук.

Да 1968 г. Б.Б. Бойка працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, а ў 1968 г. узначаліў толькі што створаную лабараторыю аптычнай электронікі Інстытута фізікі АН БССР. У 1969 г. Б.Б. Бойка быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.

3 1963 г. ён рэзка мяняе накірунак сваіх навуковых інтарэсаў. У гэты час оптыка -- старажытнейшая галіна фізікі -- атрымлівала другое жыццё, што было звязана з узнікненнем лазераў -- крыніц кагерэнтнага аптычнага выпраменьвання. І Барыс Барысавіч з уласцівымі яму энергіяй і талентам даследчыка ўдзельнічае ў развіцці новых раздзелаў оптыкі, якія пазней атрымалі назву квантавай электронікі і нелінейнай оптыкі. У гэтым накірунку амаль што да канца 80-x гадоў Б.Б. Бойкам і яго вучнямі быў выкананы вялікі цыкл узаемазвязаных эксперыментальных і тэарэтычных работ, якія ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі.

Першая з іх тычыцца даследавання фундаментальных праблем лазернай оптыкі. У першую чаргу гэта пытанні, звязаныя з адбіццём, праламленнем і праходжаннем святла на мяжы падзелу двух асяроддзяў, але ва ўмовах, па-першае, вялікіх магутнасцей выпраменьвання, па-другое, калі самі асяроддзі могуць быць паглынальнымі, узмацняльнымі (інверснымі) або аптычна нелінейнымі. Тут Барысам Барысавічам (сумесна з М.С. Пятровым) атрыманы шэраг выдатных вынікаў. Так, тэарэтычна ўпершыню прадказана з'ява ўзмацнення святла пры адбіцці яго ад інверснага асяроддзя. Сёння гэта з'ява ляжыць у аснове работы цэлага класа лазераў. Таксама тэарэтычна і ўпершыню была, прадказана і даследавана з'ява гістэрэзісу ў адбіцці лазернага выпраменьвання вялікай магутнасці ад аптычна нелінейнага асяроддзя. Пазней гэта з'ява была знойдзена эксперыментальна французскімі даследчыкамі, і сёння яна выкарыстоўваецца ў прыборах оптыкі магутных лазерных пучкоў святла. Гэтыя і іншыя вынікі ў галіне нелінейнай лазернай оптыкі выкладзены ў манаграфіі Б.Б. Бойкі (сумесна з М.С. Пятровым) "Адбіццё святла ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў" (Мінск, 1988 г.). За выдатныя поспехі ў распрацоўцы фундаментальных праблем лазернай фізікі і нелінейнай оптыкі Б.Б. Бойку і М.С. Пятрову была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР у галіне навукі і тэхнікі за 1990 г.

Другая частка работ гэтага перыяду звязана з прыкладнымі аспектамі квантавай электронікі. Тут Барысам Барысавічам і яго вучнямі створана некалькі тыпаў арыгінальных лазераў на рубіне, гранатаx і неадымавым шкле, а таксама мноства розных прыбораў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў квантавай электроніцы. З іх асабліва трэба адзначыць бязлюстравыя лазерныя рэзанатары з двух- і трохмерным ходам промняў, якія цяпер вядомы як аптычныя рэзанатары хваляводнага тыпу.

Значная частка навуковых работ Барыса Барысавіча звязана з вывучэннем уласцівасцей рэчыва ў моцных магнітных палях, а таксама з фізікай і тэхнікай атрымання моцных магнітных палёў. Так, яшчэ ў канцы 60-х гадоў Б.Б. Бойкам (сумесна з В.В. Валяўкам) былі праведзены фундаментальныя даследаванні ўплыву моцных магнітных палёў напружанасцю да 105 эрстэд на аптычныя ўласцівасці лазерных крышталёў рубіну. Вынікам гэтых даследаванняў стаў новы монаімпульсны рубінавы лазер, які кіраваўся магнітным полем. Гэты лазер у 1970 г. быў удастоены залатога медаля ВДНГ СССР. Пазней, у 70-я і 80-я гады Б.Б. Бойкам (сумесна з А. К. Сойкам) былі распрацаваны і створаны больш дасканалыя крыніцы моцных магнітных палёў напружанасцю да 106 эрстэд, у якіх выкарыстоўваўся прынцыпова новы метад атрымання ў вагальныx разрадных ланцугах уніпалярных імпульсаў магнітнага поля рознай формы, у тым ліку і прамавугольных. У магнітааптычных эксперыментах з прымяненнем такіх палёў упершыню быў выяўлены ўплыў моцнага магнітнага поля на квантавы выхад люмінесцэнцыі рубіну (з'ява тушэння магнітным полем люмінесцэнцыі рубіну).

У 1974 г. Б.Б. Бойка выбіраецца правадзейным членам АН БССР, а з 1975 па 1993 г. ён працуе дырэктарам Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. У гэтыя гады найбольш поўна праявіўся навуковы талент Барыса Барысавіча і яго выдатныя арганізатарскія здольнасці.

Б.Б. Бойкам апублікавана звыш 200 навуковых работ; ён з'яўляецца аўтарам многіх вынаходніцтваў. Яго асабісты ўклад у навуку высока ацэнены навуковай грамадскасцю краіны. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі і многімі медалямі.

Сёння Барыс Барысавіч -- Ганаровы дырэктар Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі. Ён па-ранейшаму поўны творчых задум. Па-ранейшаму яму ўласцівы нестандартнасць мыслення, глыбокае разуменне сутнасці фізічных праблем і здольнасць да генерацыі новых ідэй.

Калегі і шматлікія вучні Барыса Барысавіча сардэчна віншуюць яго з 75-годдзем і жадаюць яму добрага здароўя і новых поспехаў.

Журнал

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 7 ноября 2006 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 1998-2006 Национальная академии наук Беларуси
Копирайт © 1998 Издательство "Беларуская навука"