Scientists of Belarus: Ilaryon Myafodievich Ignatsenka (To 80th Birthday anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Ilaryon Myafodievich Ignatsenka (To 80th Birthday anniversary)

|
Proceedings of the Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus
|
Separate article from Number 4, 1999 (pp. 146--148)
SCIENTISTS OF BELARUS
Касцюк М.П., Навіцкі У.І., Бараноўскі Я.І.
Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (Да 80-годдзя з дня нараджэння)
Kastsyuk M.P., Navitski U.I., Baranouski Ya.I.
Ilaryon Myafodzievich Ignatsenka (To 80th Birthday anniversary).
У розныя гады беларуская гістарычная навука выдзяляла са свайго асяроддзя асоб, якія выступалі супраць яе фармалізацыі. Сваё месца сярод іх займае вядомы беларускі гісторык, грамадскі дзеяч, таленавіты арганізатар гістарычнай навукі, акадэмік І.М. Ігнаценка.
Жыццёвы і працоўны шлях Іларыёна Мяфодзьевіча аб'ядноўвае настойлівая праца над сабою, вялікая прага да ведаў, прафесійная і навуковая прынцыповасць.
28 снежня 1999 г. Іларыёну Мяфодзьевічу Ігнаценку споўнілася 80 гадоў. Ён выхадзец з сялянскай сям'і, якая пражывала ў вёсцы Дамамеркі Лоеўскага (зараз Брагінскага) раёна Гомельскай вобласці. Як і многія іншыя вясковыя юнакі, ён у 1935 г., пасля школы-сямігодкі, паступіў у Клімавіцкі сельска-гаспадарчы тэхнікум, які закончыў у чэрвені 1939 г. Пачатак працоўнага станаўлення адбыўся ў тым жа годзе на Далёкім Усходзе: у земаддзеле Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці ў якасці заатэхніка.
У час армейскай службы (лістапад 1939 -- люты 1947 г.) І.М. Ігнаценка праявіў сябе чалавекам, адданым Радзіме. Асобае месца ў яго жыцці, як і мільёнаў іншых савецкіх грамадзян, заняла Вялікая Айчынная вайна. Іларыён Мяфодзьевіч сустрэў яе ваенным мараком Ціхаакіянскага флоту. Шляхі і лёс залежалі ад загадаў ваеннага камандавання. У 1942 г. ён вучыцца ў ваенна-марскім палітычным вучылішчы. У пачатку 1943 г. з-за складанай ваеннай сітуацыі яго накіроўваюць у 369-ы асобны батальён марской пяхоты Азоўскай флатыліі, а з красавіка 1944 г. І.М. Ігнаценка служыць на Крымскім паўвостраве парторгам раёна сувязі і назірання (г. Еўпаторыя), парторгам 355-га асобнага інжынернага батальёна Чарнаморскага флоту (г. Севастопаль). У жніўні 1942 г. уступіў у ВКП(б). Выбіраўся членам Севастопальскага гаркома партыі.
У 1947 г. Іларыён Мяфодзьевіч вяртаецца ў Беларусь, у г. Гомель. Ад блізка ведаўшых яго людзей стала вядома, што ехаў ён у родныя мясціны з адным здабыткам -- чамаданам, поўным кніг. Гомельскі перыяд у жыцці і дзейнасці 1. М. Ігнаценкі займае невялікі прамежак часу --усяго тры гады. Але гэта быў пераломны этап у яго чалавечым і прафесійным станаўленні. Сутыкненне яшчэ ў арміі з юрыдычнай службай паўплывала на жаданне паспрабаваць сілы ў сферы права. У жніўні 1947 г. ён раптоўна пакідае пасаду інструктара Гомельскага абкома КП(б)Б і становіцца слухачом курсаў Пракуратуры СССР у г. Ленінградзе. Пасля іх заканчэння (1948 г.) працуе пракурорам г. Гомеля. Яго знаходжанне на юрыдычнай службе працягнулася да 1950 г., калі ён заканчвае гістарычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута і прымае цвёрдае і канчатковае рашэнне назаўсёды заняцца вывучэннем гісторыі роднай краіны. У 1951 г. І.М. Ігнаценка паступае ў аспірантуру Белджяржуніверсітэта па спецыяльнасці "Гісторыя", а ўжо ў 1953 г. паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю.
У 50-я гады Іларыён Мяфодзьевіч двойчы выбіраецца сакратаром парткома універсітэта, сакратаром Мінскага гаркома КПБ (1958--1960 гг.). У 1955--1956 гг. саюзны ўрад паслаў яго ў навукова-педагагічную камандзіроўку ў Венгрыю, у г. Будапешт. Тут ён блізка знаёміцца з Ю. У. Андропавым, у той час паслом СССР у ВНР і будучым генсекам ЦК КПСС. Андропаў уразіў І.М. Ігнаценку асабістай мужнасцю ў час вядомых падзей у Будапешце ў 1956 г.
Рост навыкаў І.М. Ігнаценкі як грамадскага дзеяча суправаджаўся дасягненнем важных поспехаў у навуковым і педагагічным жыцці БДУ. Ён у 1961--1964 гг. выбіраўся дэканам падрыхтоўчага факультэта, а ў 1964--1965 гг. -- юрыдычнага. Выконваў абавязкі загадчыка кафедры гісторыі СССР. Яго імя стаіць ля вытокаў заснавання ў БДУ сістэмы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для замежных краін.
У чэрвені 1964 г. на падставе манаграфіі "Бяднейшае сялянства -- саюзнік пралетарыяту ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі (1917--1918)" Іларыён Мяфодзьевіч абараніў доктарскую дысертацыю. Абарона стала адметнай з'явай у вывучэнні пачатку пераходу беларускай вёскі ад прыватнай да калектыўнай формы ўласнасці.
60--70-я гады займаюць важнае месца ва ўмацаванні статуса беларускай гістарычнай навукі, у прыняцці мер па праблемах падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў, у паляпшэнні гістарычнага выхавання моладзі, актуалізацыі тэматыкі.
Трэба адзначыць прыняцце ў той час ЦК КПБ прынцыповых пастаноў аб структуры і штатах Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, аб перабудове Інстытуга гісторыі АН БССР, аб камісіі па ўдакладненні матэрыялаў аб звсрствах нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі ў гады вайны (1941--1944 гг.), аб мерах па паляпшэнні навуковай распрацоўкі гісторыі падпольных антыфашысцкіх арганізацый, аб прыраўноўванні партызанскіх сувязных да ветэранаў вайны, аб напісанні трохтомнага выдання па гісторыі партызанскага і падпольнага руху ў Беларусіў 1941--1944 гг.
Ва ўсёй гэтай рабоце І.М. Ігнаценка прыняў самы актыўны ўдзел як вучоны, арганізатар навуковых даследаванняў, як дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ (сакавік 1966--чэрвень 1969 г.; студзень 1975--верасень 1980 г.), Інстытута гісторыі АН БССР (чэрвень 1969--студзень 1975 г.).
Калі раней гістпарт папаўняў свой кадравы патэнцыял галоўным чынам былымі партыйнымі і камсамольскімі работнікамі, ветэранамі рэвалюцыйнага і партызанскага руху, то І.М. Ігнаценка шырока адчыніў дзверы перад здольнымі выпускнікамі гістарычных факультэтаў. Маладыя людзі па яго рэкамендацыі і пры яго творчай падтрымцы актыўна ўключаліся ў вывучэнне палітычнай і ідэалагічнай сістэм Беларусі, нацыянальнай, нацыянальна-дзяржаўнай і культурнай палітыкі, актуальных праблем ваеннай гісторыі. Менавіта ўжо тады ўтваралася школа І.М. Ігнаценкі, заснаваная на сумленным і дакументальным вывучэнні гісторыі беларускай рэспублікі.
3 яго імем як навуковага кіраўніка, аўтара і навуковага рэдактара, у першую чаргу галоўнага, непарыўна звязана падрыхтоўка такіх фундаментальных прац, як пяцітомная "Гісторыя Беларускай ССР", "Нарысы гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі" (2-я частка), "Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР" (у 4 тамах), "Рэвалюцыйны шлях Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі", "Перамога Савецкай улады ў Беларусі", "Усенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941--ліпень 1944 г.)" (у 3 тамах) і іншыя.
Добрыя адносіны да сябе Іларыён Мяфодзьевіч заваёўваў сваёй творчасцю, аб'ектыўнасцю, пераадоленнем схематызму. Вывады яго доктарскай дысертацыі аб невялікай колькасці бальшавікоў у Саветах Беларусі ў 1917 г. крытыкаваліся артадаксальнымі гісторыкамі як адступленне ад марксісцка-ленінскай метадалогіі. А сёння так пішуць звычайныя падручнікі.
І.М. Ігнаценка ўнёс важны ўклад у паглыбленае даследаванне гісторыі Мінскага антыфашысцкага падполля, у вяртанне праўды аб І. К. Кавалёве -- кіраўніку Мінскага падполля, сакратару Мінскага падпольнага ГК КП(б)Б. Зрабіць гэта ўдалося з дапамогай правядзення збору вялікай колькасці новых успамінаў удзельнікаў ваеннай эпапеі, распрацоўкі падпольных груп і арганізацый, удакладнення звестак аб лёсе соцен падпольшчыкаў. У тым, што сёння імя І. К. Кавалёва стаіць у назве адной з вуліц г. Мінска, ёсць заслуга і І.М. Ігнаценкі.
Як кіраўнік аўтарскага калектыву пяцітомнай гісторыі БССР ён станоўча паўплываў на ліквідацыю "белых плям" у вывучэнні этнічнай гісторыі Беларусі, этапаў сацыялістычнага будавання ў БССР, ролі ў грамадскім прагрэсе нацыянальнай дзяржавы.
Яго як прадстаўніка беларускай гістарычнай навукі з павагаю прымалі вучоныя, кіраўнікі дзяржаўных устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева, Прыбалтыкі. За гэтым стаіць прызнанне на саюзнай і міжнароднай арэнах навуковага значэння фундаментальных прац, падрыхтаваных з удзелам Іларыёна Мяфодзьевіча.
У 1969 г. І.М. Ігнаценка выбіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1974 г. -- правадзейным членам АН БССР. У другой палове 70-x гадоў ён быў членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Але навуковае наватарства, сумленнасць у тыя гады не заўсёды артымлівалі аб'ектыўную ацэнку. Гістарычная навука Беларусі, як і другіх савецкіх рэспублік, у многім залежала ад рашэнняў цэнтральных партыйных органаў.
Адносіны І.М. Ігнаценкі да І. К. Кавалёва як да мужнага барацьбіта, кіраўніка падполля не знайшлі ў той час поўнай падтрымкі ў ЦК КПБ. Гэты момант унёс сваю адмоўную лепту ў ацэнку ў лютым 1980 г. рукапісу трохтомніка па гісторыі партызанскага і подпольнага руху ў Беларусі. І хоць праца амаль была гатова, вучоны перайшоў на работу ў Інстытут гісторыі АН БССР на пасаду загадчыка сектара. Поглядаў, заснаваных на фактах, мяняць не стаў. 3 пачатку 90-x працуе ў статусе галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
І.М. Ігнаценка -- чалавек моцнай волі. Усе яго сілы зноў кінуты ў навуку -- любімую справу ўсяго жыцця. У 80--90-я гады адна за другой выйшлі яго кнігі: "Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі", "Вялікі Кастрычнік ў лёсах беларускага народа", "Кастрычніцкая рэвалюцыя і самавызначэнне Беларусі". Калі дабавіць да іх доктарскую манаграфію, атрымоўваецца творчая спадчына па складанай тэме гісторыі Расіі і яе нацыянальных ускраін -- тэме рэвалюцыі. Доўгі час вывучэнне рухаючых сіл расійскіх рэвалюцый у пачатку ХХ ст. лічылася прэрагатывай вучоных Масквы і Ленінграда. Нацыянальным гісторыкам адводзілася роля збіральнікаў прыкладаў распрацаваных цэнтрам схем. Пройдзенае паказала, што час такіх "адкрыццяў" прайшоў, што гісторыя Беларусі мае свае адметныя асаблівасці, якія да сённяшняга дня да канца не вывучаны.
І.М. Ігнаценка, даследуючы пераход Беларусі ад аднаго гістарычнага тыпу ўласнасці да другога, змог захаваць усё лепшае ў старой гістарыяграфіі і стварыць новы гістарыяграфічны накірунак, які поўнасцю адпавядае сучаснаму этапу развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы, сувязей Беларусі з народамі-суседзямі. У яго кнігах на багатай дакументальнай базе асвятляюцца сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый у Беларусі і на Заходнім фронце, роля і месца нацыянальных партый і арганізацый Беларусі ў рэвалюцыйных пераўтварэннях краіны, гісторыя нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі адразу пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, уплыў знешняга фактару на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі, заканамернасці ўтварэння беларускай савецкай дзяржавы.
Творчасць І.М. Ігнаценкі характарызуюць не асобныя словы, выразы, а сукупнасць вывадаў, у якіх рэвалюцыя, народ, улада, класы, ідэалогія разглядаюцца ў кантэксце ўсяго гістарычнага шляху Беларусі. Як чалавек, які добра ведае гісторыю беларускай вёскі, ён унёс важкі ўклад у пазнанне нацыянальнай псіхалогіі вясковага жыхара, з ліку якога за гады савецкай улады выйшла значная колькасць настаўнікаў, урачоў, заводскіх інжынерна-тэхнічных работнікаў, будаўнікоў, чыгуначнікаў, аграрыяў, літаратурных і культурных дзеячаў.
Іларыёну Мяфодзьевічу належыць больш за 200 навуковых прац. У іх, акрамя сказанага вышэй, змешчаны глыбока дакументальны аналіз гісторыі палітычных партый і арганізацый Беларусі ў ХХ ст., адлюстраваны месца і роля Беларусі ў перамозе над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, праблемы развіцця беларускай гістарыяграфіі ў кантэксце падзей ХХ ст. і іншыя.
І.М. Ігнаценка ўпершыню выказаў свае меркаванні аб перабудове беларускай гістарычнай навукі на круглых сталах, што праходзілі ў Мінску ў сярэдзіне 80-х гадоў. Яго слушныя і арыгінальныя думкі ўвайшлі састаўной часткай у матэрыялы, выдадзеныя асобнай кнігай "На скрыжаванні думак".
Безумоўна, любы гісторык не застрахаваны ад памылак. Гэта ў пэўнай меры адносіцца і да Іларыёна Мяфодзьевіча. Адна з прычын -- абмежаванасць доступу да архіўных матэрыялаў, але гэта не віна, а бяда даследчыка.
Акадэмік І.М. Ігнаценка -- навуковы кіраўнік больш за 60 кандыдацкіх і звыш 20 доктарскіх дысертацый. Ен удзельнік многіх міжнародных канферэнцый, сімпозіумаў. На працягу многіх гадоў з'яўляецца членам спецыялізаваных вучоных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Доўгі час уваходзіў у склад членаў савецкай часткі Камісіі гісторыкаў СССР -- ЧССР, быў членам прэзідыума і кіраўніком секцыі грамадскіх навук Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, намеснікам старшыні Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскай дружбы, старшынёй праўлення мінскага гарадскога, членам прэзідыума рэспубліканскага і членам праўлення ўсесаюзнага таварыства "Веды".
Ратны і працоўны шлях акадэміка І.М. Ігнаценкі адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалём "За абарону Каўказа", Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, іншымі ўзнагародамі.
Біяграфічныя і працоўныя даныя І.М. Ігнаценкі, памножаныя на прыродны талент, арганізатарскія здольнасці, высокую самадысцыпліну, маральныя прынцыпы, малююць вобраз чалавека, які мае ўсе падставы для таго, каб у час свайго юбілею не толькі аглянуцца на мінулае, але і смела глядзець у будучае. Шчыра жадаем паважанаму Іларыёну Мяфодзьевічу і яго навуковай спадчыне доўгіх гадоў жыцця.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: February 5, 2002
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000-2002 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1999 The Belaruskaya Navuka Publishing House