Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only 
   
  Detailed search
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
Website of the First Congress of Scientists of the Republic of Belarus
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus

Scientists of Belarus: Vasiliy Uladzimiravich Ivashin (To the 95th anniversary)

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: Vasiliy Uladzimiravich Ivashin (To the 95th anniversary)

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 2, 2008 (pp. 118--120)

Journal

SCIENTISTS OF BELARUS

Belsky A.I.
Vasiliy Uladzimiravich Ivashin (To the 95th anniversary)
Бельскі А. I.
Васіль Уладзіміравіч Івашын (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

В.У.Івашын Васіль Уладзіміравіч Івашын прайшоў доўгі жыццёвы і творчы шлях, які, на вялікае шчасце, доўжыцца і на пачатку новага XXI стагоддзя. Гэтаму вядомаму вучонаму, педагогу, акадэміку НАН Беларусі і замежнаму члену Расійскай акадэміі адукацыі, доктару філалагічных навук, прафесару найстарэйшаму беларускаму пісьменніку споўнілася 95 гадоў Для навуковай супольнасці і літаратурнай грамадскасці такая дата сама па сабе -- вельмі значная. салідная, пашаноўная як факт даўгалецця таленавітага чалавека.

Нарадзіўся будучы вучоны 9 мая 1913 г. у вёсцы Ляхавічы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). Родам ён з сялянскай сям'і. У 1933 г. скончыў Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум і год працаваў тэхнікам-эканамістам Белкааппрамсавета. Аднак В. Івашын адчуў зусім іншае прызванне. У 1934 г. ён паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педінстытута. Неўзабаве ў яго сям'і здарылася трагедыя: у 1937 г. быў арыштаваны бацька, які так і не вярнуўся ў родную хату. Пасля заканчэння інстытута (1938) В. Івашын працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Віцебскім педвучылішчы, але ў хуткім часе мірнае жыццё скончылася, грымнула Вялікая Айчынная вайна. Малады педагог быў мабілізаваны ў армію. Прайшоў суровы і цяжкі шлях змагання з гітлераўскім фашызмам, ваяваў на фронце, у званні старшыны сустрэў свята Вялікай Перамогі, якое, дарэчы, супала з яго днём нараджэння. В.У. Івашын узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Пасляваенныя дзесяцігоддзі для былога франтавіка сталі часам станаўлення яго як вучонага. Выкладчыцкую працу ў Рэспубліканскай вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ (1946--1948) В. Івашын паспяхова спалучаў з навучаннем у аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Пасля яе заканчэння (1949) і абароны кандыдацкай дысертацыі пачаў працаваць у гэтым інстытуце: быў старшым навуковым супрацоўнікам, а ў 1954--1967 гг. ён загадваў сектарам беларускай савецкай літаратуры. У 1965 г. у жыцці Васіля Уладзіміравіча адбылася значная падзея: ён стаў доктарам філалагічных навук.

З сярэдзіны 60-х гг. лёс В.У. Івашына цесна звязаны з арганізацыйнай працай на ніве айчыннай адукацыі і творчай дзейнасцю ў галіне педагагічнай навукі. У кастрычніку 1967 г. ён узначаліў Навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР, і на гэтай клопатнай. адказнай пасадзе дырэктара ён працаваў да 1978 г. Перыяд кіраўніцтва Васіля Уладзіміравіча можна лічыць "залатым векам" гэтай буйной навуковай установы, часам яе актыўнага развіцця ў розных напрамках, у тым ліку ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва (гл.: Нацыянальны інстытут адукацыі: гісторыя і сучаснасць (1929--2004) / пад рэд. У.П. Пархоменкі, М.Г. Яленскага. - Мінск: НІА, 2004. - С.15--27). Пра свайго дырэктара ўсе калегі без выключэння гавораць як пра сумленнага, дэмакратычнага і добразычлівага кіраўніка, надзвычай чулага да людзей. У 1967 г. В.У. Івашын абраны акадэмікам Акадэміі педагагічных навук СССР. Ён уваходзіў у склад Прэзідыума АПН (1970-1979). З 1969 па 1979 г. быў членам калегіі Міністэрства асветы БССР. Васіль Уладзіміравіч працягваў сваю працу ў НДІ педагогікі. Мяняліся назвы інстытута, але ён па-ранейшаму заставаўся ў шэрагах гэтага творчага калектыву адным з самых аўтарытэтных і паважаных вучоных. З 1995 па 2007 г. ён працаваў на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Даследчыцкі стаж В.У. Івашына пачаўся ў 1949 г. У беларускім літаратуразнаўстве ён рупліва працуе без малога шэсць дзесяцігоддзяў, што само па сабе ўжо факт рэдкі, нават унікальны. Сфера яго навуковых інтарэсаў -- станаўленне беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя, нацыянальная мастацкая класіка, і найперш спадчына такіх вялікіх мастакоў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, праблемы тэорыі і гісторыі літаратуры, пісьменніцкага светапогляду, творчай індывідуальнасці аўтара, літаратурных уплываў і сувязей, пытанні паэтыкі рэалізму, эстэтыкі слова, метадалогіі і методыкі літаратурнага навучання. Ён выдаў брашуры "Янка Купала - вялікі народны паэт" (1952), "Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры" (1955), манаграфічныя даследаванні "Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг." (1953), "М. Горький и белорусская литература начала XX века" (1956), "У истоков социалистического реализма" (1963), "Да вышынь рэалізму: Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры" (1983), "Выверанае жыццём" (1988), надрукаваў звыш 300 артыкулаў. В.У. Івашын з'яўляецца адным з аўтараў "Очерков истории белорусской советской литературы" (1954), "Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры" (1956) і іншых калектыўных прац. Асобнымі выданнямі выйшлі даклады на міжнародных з'ездах славістаў: "Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры (разам з Н.С. Перкіным, 1958), "Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст." (разам з В.В. Барысенкам, 1963). В.У. Івашын прымаў удзел у падрыхтоўцы двухтомнай "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1964--1966), якая з'явілася ў выніку яго сумеснага рэдагавання з В.В. Барысенкам. Непасрэдна пад яго рэдакцыяй пабачылі свет шэраг выданняў па літаратуразнаўстве і методыцы літаратуры.

Асобны кірунак творчай дзейнасці В.У. Івашына -- педагагічныя даследаванні, сярод якіх: "Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской" (разам з М.А. Лазаруком, A.Я. Ленсу, 1988), "З пазіцый гуманізму" (1988), "Праблемы літаратурнага навучання і эстэтычнага выхавання" (2003), а таксама шматлікія артыкулы тэарэтыка-метадалапчнага і праблемнага характару. Некаторыя з прац у гэтым пераліку публікацый пазначаны 2006--2007 гг. напісання: "Характэрныя асаблівасці курса беларускай літаратуры XI класа ў агульнай сістэме літаратурнай адукацыі", "Маральна-эстэтычнае выхаванне ў сістэме літаратурнай адукацыі", "Сумеснае вывучэнне мастацкай літаратуры і мовы" і інш.

Паплечнік акадэміка М.А. Лазарука, пад час так званай рэформы школы ён прыклаў шмат намаганняў у кірунку мадэрнізацыі зместу навучання, браў актыўны ўдзел у распрацоўцы навукова-канцэптуальных і нарматыўных дакументаў: Канцэпцыі літаратурнай адукацыі, адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм і інш.

Выключнае значэнне В.У. Івашын надае навучальнай кнізе, яе духатворчай ролі. Шмат выданняў вытрымалі падручнікі па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, створаныя ім у сааўтарстве з В.В. Барысенкам, а пазней -- з М.А. Лазаруком. Гэтыя навучальныя кнігі на працягу цэлых дзесяцігоддзяў дапамагалі настаўнікам закладваць асновы гісторыка-літаратурных ведаў школьнікаў, фарміраваць іх грамадзянскую і маральную культуру, выхоўваць гуманістычную самасвядомасць, патрэбу ў эстэтычных каштоўнасцях, пачуццё патрыятызму

Шмат часу В.У. Івашын аддаў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Ён заўсёды падтрымліваў таленавітую моладзь, дапамагаў парадамі і добразычлівым словам кожнаму, хто меў у гэтым патрэбу. Васіль Уладзіміравіч кіраваў працай аспірантаў, падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук, узначальваў камісіі па здачы кандыдацкага мінімуму ў Нацыянальным інстытуце адука-цыі, доўгі час працаваў у складзе савета па абароне дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы і інш.

Высока ацэнены арганізатарскі талент, навуковыя дасягненні і педагагічная дзейнасць B.У. Івашына: ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і інш. Вядомы літаратуразнаўца і педагог-тэарэтык быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995), а таксама акадэмікам дзвюх акадэмій адукацыі -- Беларускай і Расійскай.

Ёсць яшчэ адзін важны аспект шматграннай дзейнасці Васіля Уладзіміравіча -- гэта паэтычная творчасць. Пачаў ён пісаць вершы яшчэ ў даваенны час. Аднак вярнуўся да лірычнай творчасці толькі ў 90-я гг. мінулага стагоддзя. На сёння В. Івашын з'яўляецца аўтарам чатырох зборнікаў вершаў: "Слова" (1994), "Покліч памяці" (1998), "З надзеяй і верай" (2003), "Прызванне" (2007), у якіх увасобіліся яго глыбокія маральныя перакананні, высокія ідэалы, шчырыя эмоцыі і мудрыя разважанні. За апошнія пятнаццаць гадоў В. Івашын сцвердзіў сябе як лірык слова і творца філасофскага складу.

Працы В.У. Івашына маюць тэарэтычную каштоўнасць і знайшлі шырокае выкарыстанне ў адукацыйнай практыцы, творчыя набыткі і даследчыцкі вопыт акадэміка асэнсоўваліся пад час Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня яго на-раджэння (матэрыялы гэтых чытанняў склалі зборнік "Актуальныя праблемы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе рэформы школы", 2003). В.У. Івашын мае багаты плен творчай дзейнасці, відавочны яго ўнёсак у развіццё беларускай гуманітарнай навукі і нацыянальнай адукацыі, зробленае ім вылучаецца грунтоўнасцю, значнасцю вынікаў, прыкметным запасам трываласці, хоць і не ўсё вытрымала выпрабаванне часам. Несумненна, Васіль Уладзіміравіч з поспехам здолеў рэалізаваць свой талент у літаратуразнаўстве, педагогіцы, паэзіі, а яшчэ, што вельмі істотна, і ў сям'і: ён разам з жонкай выхаваў сына Аляксандра і дачку Наталлю. У такіх выпадках кажуць: жыццё адбылося. Трэба дадаць: вартае сапраўднага вучонага і чалавека.

Journal Top

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: November 9, 2009
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2008-2009 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2008 The Belaruskaya Navuka Publishing House