Scientists of Belarus: Mikhail Fyodoroviсh Pilipenko (To the 70th Anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Mikhail Fyodoroviсh Pilipenko (To the 70th Anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 2, 2006 (pp. 123--124)
SCIENTISTS OF BELARUS
Лакотка А.І., Чаквін І.У., Навагродскі Т.А.
Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (Да 70-годдзя з дня нараджэння).
Lakotka A.I., Chakvin I.U., Navagrodski T.A.
Mikhail Fyodoroviсh Pilipenko (To the 70th Anniversary).
У маі 2006 г. споўнілася 70 гадоў вядомаму беларускаму этнолагу і гісторыку, члену-карэспандэнту, доктару гістарычных навук, прафесару Міхаілу Фёдаравічу Піліпенку. М.Ф. Піліпенка нарадзіўся 19 мая 1936 г. у вёсцы Нежыхаў Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы, затым у 1956 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне. У 1964--1967 гг. вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 г. працаваў на гістарычным факультэце БДУ, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін.
У 1991 г. М.Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 г. ён абараняе доктарскую дысертацыю. Праз год яго выбіраюць членам-карэспандэнтам АН Беларусі, з мая 1994 г. па чэрвень 2004 г. ён працуе дырэктарам інстытута, з 2004 г. на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка.
Працуючы ва універсітэце, Міхаіл Фёдаравіч чытаў агульны лекцыйны курс "Этнаграфія", а таксама спецыяльныя курсы "Этнаграфія Беларусі", "Метады этнаграфічных даследаванняў", "Этнічная гісторыя Беларусі". Шмат увагі М.Ф. Піліпенка надаваў падрыхтоўцы будучых этнографаў. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова былі напісаны і абаронены дыпломныя работы студэнтамі, якія сёння працягваюць даследаванні ў галіне палявой этнаграфіі і тэарэтычнай этналогіі. У гэты ж час М.Ф. Піліпенка сістэматычна займаецца навукова-даследчай работай. Ён распрацоўвае праблему этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні эвалюцыі форм сям'і, сямейных і грамадскіх адносін, традыцыйных народных вераванняў беларусаў і інш. Шмат увагі вучоны надае таксама даследаванню тэарэтыка-метадалагічных пытанняў, гісторыі, сучаснаму становішчу і перспектывам развіцця беларускай этналагічнай навукі.
Міхаіл Фёдаравіч -- вучоны шырокага дыяпазону. Ён аўтар звыш ста новуковых прац, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца "Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў" (1969), "Сям'я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове XIX -- пачатку XX ст." (1970), "3 гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору" (1970), "Даследаванні па гісторыі беларускай этнаграфіі" (1974), "Этнаграфія ў краязнаўстве" (1980), "Этнаграфія Беларусі" (1980), "Сучасныя этнічныя і культурна-бытавыя працэсы ў Беларусі" (1982). "Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый" (1990), "Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі" (1995); сааўтар калектыўных навуковых прац "Беларуская народная педагогіка" (1996), "Беларусы. Т.4. Вытокі і этнічнае развіццё" (2001), "Беларусы. Т. 5. Сям'я" (2001), "Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі" (2002) і інш.
Вынікам шматгадовай працы вучонага па праблеме паходжання беларускага народа з'явілася новая канцэпцыя, выкладзеная ім у манаграфіі "Узнікненне Беларусі: Новая канцэпцыя" (1991). асноўныя палажэнні якой былі працягнуты і ўдакладнены аўтарам у працах наступнага часу -"Канцэпцыі ўзнікнення Беларусі", "Старажытныя этнічныя супольнасці на тэрыторыі Беларусі", "Фарміраванне Русі", "Пстарычныя, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя ўмовы ўзнікнення Беларусі", "Усталяванне назвы Беларусь", ("Беларусь на мяжы тысячагоддзяў", 2000). Аўтар адмовіўся ад уяўлення аб этнагенетычным працэсе паходжання беларусаў як спрошчанай эвалюцыі папярэдніх этнічных супольнасцей, а таксама тлумачэння этнагенезу вынікамі вялікіх міграцый старажытных славянскіх плямёнаў. У сваім даследаванні ён улічвае'ролю многіх фактараў, якія спрыялі фарміраванню беларускага этнасу і яго роднасці з іншымі ўсходнеславянскімі народамі (сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, гістарычнага), асаблівую ўвагу звяртае на ролю дыфузіі ў этнічных працэсах, прасторавую і эпахальную перагрупоўку, пераемнасць і зменлівасць кампанентаў культуры, мовы і самасвядомасці. Супастаўляючы даныя многіх крыніц, вучоны прыйшоў да высновы, што этнічная тэрыторыя сучаснай Беларусі сфарміравалася ў познім сярэднявеччы ў выніку кансалідацыі паўночнай часткі "палескага" і паўднёвай часткі падзвінска-дняпроўскага субэтнасаў старажытнай агульнай усходнеславянскай ("рускай") этнічнай супольнасці Х--ХІІІ стст. Гэтыя часткі старажытнарускай этнічнай супольнасці склалі аснову беларускага этнасу. Акрамя іх у склад беларускага народа з цягам часу паступова ўвайшлі некаторыя асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага) населыііцтва.
У якасці аўтара М.Ф. Піліпенка прымаў удзел у падрыхтоўцы і выданні "Беларускай савецкай энцыклапедыі", кароткай энцыклапедыі "Беларуская ССР", "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі", энцыклапедычнага даведніка "Беларусь", энцыклапедый "Этнаграфія Беларусі", "Гісторыя Беларусі" ў 6 тамах. У сучасны перыяд вучоны прымае ўдзел у падрыхтоўцы энцыклапедый "Беларускі фальклор", "Рэспубліка Беларусь", "Беларуская універсальная энцыклапедыя" ў 18 т. і інш. Ён з'яўляецца членам навукова-рэдакцыйных саветаў, рэдакцыйных калегій і навуковым кансультантам шэрагу рэспубліканскіх часопісаў, сярод якіх "Беларускі гістарычны часопіс", "Роднае слова" і інш.
На працягу 2001--2005 гг. М.Ф. Шліпенка ажыццяўляў кіраўніцтва выкананнем тэмы "Славянскія этнакультурныя традыцыі Беларусі", падрыхтоўкай шматтомнага даследавання "Беларусы", прысвечанага прамысловым і рамесным заняткам, народнаму дойлідству, гісторыі этналагічнага вывучэння беларусаў, паходжанню і этнічнай гісторыі, сям'і і сямейнаму быту, грамадскім традыцыям і культуры беларускага народа.
Вялікую ўвагу надае Міхаіл Фёдаравіч падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ён узначальвае спецыялізаваны савет на абароне доктарскіх дысертацый, выступае афіцыйным апанентам, кіруе навуковай працай аспірантаў, з'яўляецца навуковым кансультантам дактарантаў, падрыхтаваў 6 кандыдатаў навук. Як вядомаму спецыялісту па беларускай этналогіі, аўтару шматлікіх грунтоўных прац, ініцыятыўнаму арганізатару навукова-даследчай працы, клапатліваму настаўніку М.Ф. Піліпенку з 1995 г. было прысвоена званне прафесара, у 1994 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1999 г. яму было прысуджана ганаровае званне заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Свой юбілей Міхаіл Фёдаравіч сустракае ў росквіце творчага таленту, поўны цікавых ідэй і планаў. Ён працягвае працу ў галіне беларускай этналогіі, актыўна ўдзельнічае ў навуковых дыскусіях, выступае з дакладамі на навуковых канферэнцыях, чытае лекцыі па праблеме этнагенезу беларускага народа. Вучні і калегі юбіляра шчыра віншуюць яго з 70-гадовым юбілеем і жадаюць яму моцнага здароўя, поспехаў і плёну ў працы, здзяйснення ўсіх планаў і задум.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: July 12, 2006
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2006 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2006 The Belaruskaya Navuka Publishing House