Scientists of Belarus: Viktor Ivanovich Semenkov (To the 80th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Viktor Ivanovich Semenkov (To the 80th anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 1, 2006 (pp. 117--118)
SCIENTISTS OF BELARUS
Васілевіч Р.А.
Віктар Іванавіч Семянкоў (Да 80-годдзя з дня нараджэння).
Vasilevich R.A.
Viktor Ivanovich Semenkov (To the 80th anniversary).
26 снежня 1925 г. узышла жыццёвая зорка Віктара Іванавіча Семянкова. Год ад году ў складаных, падчас драматычных умовах гэта зорка, не зважаючы на цяжкасці і ўдары лёсу, канцэнтравала ў сабе энергію і разгаралася ўсё ярчэй і ярчэй. Сёння, праз 80 гадоў, яна стала навуковай зоркай першай велічыні, святло якой азарае юрыдычны небасхіл не толькі Беларусі, але і краін СНД.
Шырока вядомаму як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі беларускаму вучонаму-прававеду, член-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару юрыдычных навук, прафесару, заслужанаму дзеячу навукі Рэспублікі Беларусь В.I. Семянкову ў снежні спаўняецца 80 гадоў.
Дзяцінства Віктара Іванавіча Семянкова прайшло ў звычайнай сялянскай сям'і на Магілёўшчыне. Рана застаўшыся без бацькі, Віктар Іванавіч з малых гадоў узяў на сябе мужчынскія клопаты па працы ў асабістай падсобнай гаспадарцы, аказанню дапамогі маці ў выхаванні трох сясцёр. Словам, прыйшлося з маленства далучыцца да сельскай працы, пазнаць цану сялянскага хлеба.
У гады ваеннага ліхалецця ён не схаваўся за спіны таварышаў-аднагодак. Пасля дапрызыўной падрыхтоўкі ў сакавіку 1944 г. Віктар Іванавіч стаў салдатам Савецкай Арміі і ў Пермскай вобласці спасцігнуў азы салдацкай навукі па артылерыі. Баявое хрышчэнне прыняў у раёне Сандамірскага плацдарма, дзе камандаваў разлікам процітанкавай гарматы. Прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі, у штурме горада-крэпасці Брэслаў (Вроцлаў). Быў паранены. Яго баявыя заслугі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі "За адвагу", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941--1945 гг." і іншымі медалямі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1950 г. экстэрнам завяршыў вучобу ў сярэдняй школе і паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, які закончыў з адзнакай "выдатна" праз чатыры гады. Стажыраваўся ў Гродзенскім абласным судзе, працаваў народным суддзёй Зэльвенскага раёна. Аднак маладому юрысту-практыку ўсё часцей прыходзіла думка аб неабходнасці далейшай вучобы.
Якасна новым этапам у жыцці В.I. Семянкова сталі паступленне ў 1958 г. у аспірантуру Аддзела прававых навук АН БССР, яе заканчэнне і паспяховая абарона ў Маскве ў 1962 г. кандыдацкай дысертацыі па пытаннях дзяржаўнага нагляду і грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Яго далейшае навуковае і грамадскае жыццё непарыўна звязана са створаным пазней Інстытутам філасофіі і права, затым -- Інстытутам дзяржавы і права НАН Беларусі. Пачаўшы работу малодшым навуковым супрацоўнікам, Віктар Іванавіч неўзабаве выбіраецца старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара гаспадарчага і працоўнага права. У 1974 г. паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю па праблемах аховы працы, у 1979 г. яму прысвойваецца вучонае званне прафесара, а ў 1980 г. ён выбіраецца членам-карэспандэнтам АН БССР. 3 1995 г. з'яўляецца акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, з 1994 г. -- акадэмікам Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук.
Амаль 50 гадоў навуковай і грамадскай дзейнасці В.I. Семянкова ў акадэмічных і іншых установах, арганізацыях і органах Беларусі прынеслі яму заслужанае прызнанне не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Шлях ад простага аспіранта да буйнога вучонага-прававеда, вопытнага арганізатара юрыдычнай навукі, вядомага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча патрабаваў прыроднага таленту, вялікага розуму, працавітасці і высокай самаарганізацыі. Займаючы з 1983 г. пасаду намесніка дырэктара па навуцы Інстытута філасофіі і права НАН Беларусі, Віктар Іванавіч узначальвае таксама аддзел працоўнага, грамадзянскага права, якім прадаўжае паспяхова кіраваць пасля стварэння ў 1999 г. Інстытута дзяржавы і права НАН Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам работнікамі аддзела апублікавана больш за 50 манаграфій, падручнікаў, даведнікаў, а таксама вялікая колькасць навуковых артыкулаў, ажыццяўляецца актыўны ўдзел у заканатворчай і іншай праватворчай дзейнасці. Вельмі прадукцыйныя і асабістыя навукова-даследчыя вынікі юбіляра. 3-пад яго пяра выйшаў цыкл работ па праблемах аховы працы і працоўнага права, якія вылучаюцца глыбінёй навуковага аналізу, пазнання юрыдычнай практыкі. У цэлым В.I. Семянковым апублікавана больш за 250 навуковых прац, уключаючы 12 манаграфій (5 -- індывідуальных і 7 -- у сааўтарстве). Пад яго рэдакцыяй выдадзена пяць юрыдычных даведнікаў, трохтомнік па заканадаўству аб працы, два Каментарыі да Кодэкса законаў аб працы, шэраг калектыўных манаграфій. Віктар Іванавіч узначальваў аўтарскі калектыў пры напісанні першага і другога ў рэспубліцы падручнікаў па працоўнаму праву, падрыхтоўцы Каментарыя да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (2000 г.). Прыемна, што тэарэтычныя і прыкладныя распрацоўкі гэтага вучонага з'яўляюцца набыткам юрыдычнай навукі Беларусі, развіваюцца беларускімі прававедамі і разам з яго грамадскай дзейнасцю высока ацэнены за мяжой. Так, у чэрвені 2000 г. Кембрыджскім міжнародным біяграфічным цэнтрам (Вялікабрытанія) Віктару Іванавічу прысвоена рэдкае ганаровае званне "Чалавек 2000/2001 года"
за дасягненні і заслугі, якія маюць выдатны характар.
Вельмі плённая дзейнасць В.I. Семянкова па падрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі юрыстаў-практыкаў і навуковых работнікаў, развіццю юрыдычнай навукі ў Беларусі. Ён доўгі час з'яўляецца Старшынёй Савета па абароне доктарскіх дысертацый па наступных спецыяльнасцях: працоўнае права; права сацыяльнага забеспячэння; сельскагаспадарчае права; прыродарэсурснае права; экалагічнае права. В.I. Семянкоў рэгулярна ўзначальвае дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі, пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена 25 кандыдацкіх дысертацый і 2 супрацоўнікі яго аддзела сталі дактарамі навук. Віктар Іванавіч з'яўляецца намеснікам Старшыні Міжведамаснага савета па праблемах дысертацыйных даследаванняў у галіне права. Вучні і паслядоўнікі юбіляра прадуктыўна працуюць у многіх навучальных установах, навуковых установах блізкага і далёкага замежжа, дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь.
Свае веды і вопыт В.I. Семянкоў паспяхова ўвасабляе ў практыку нарматворчасці, дзяржаўнага і грамадскага будаўніцтва. Ён прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, многіх іншых нарматыўных прававых актаў, працуе ў складзе шэрагу навуковых і экспертных саветаў. Не перапыняючы сваю навуковую дзейнасць, у 1996 — 1997 гг. Віктар Іванавіч узначальваў Галоўнае ўпраўленне па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пасля чаго зноў вярнуўся да фундаментальнай (акадэмічнай) навукі.
Характэрна, што шматгранная навуковая работа В.I. Семянкова гарманічна спалучаецца з грамадскай дзейнасцю. Больш за восем гадоў (з 1975 па 1983 г.) ён працаваў сакратаром парткома АН БССР на правах райкома партыі, выбіраўся членам Мінскага абкома КПБ, Мінскага гаркома КПБ, членам бюро Першамайскага РК КПБ, дэпутатам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, старшынёй пастаяннай камісіі сацыялістычнай законнасці і аховы грамадскага парадку, на працягу пяці гадоў узначальваў аб'яднаны камітэт прафсаюзаў АН БССР, агульнаакадэмічную прафсаюзную арганізацыю. На ўсіх даручаных яму ўчастках Віктар Іванавіч праяўляў якасці таленавітага кіраўніка, тонкага дыпламата, карэктнага і сціплага чалавека, працаваў з вялікай энергіяй і высокім пачуццём адказнасці. На першым плане для яго заўсёды былі клопат аб людзях, абарона іх інтарэсаў і правоў.
Плённая навуковая і грамадская дзейнасць В.I. Семянкова атрымала заслужаныя ацэнку і прызнанне. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны", медалём "За доблесную працу", дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі многіх дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Прысваенне ў 1996 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктару Іванавічу ганаровага звання заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца высокай адзнакай яго ўкладу ў развіццё беларускай юрыдычнай навукі і падрыхтоўку навуковых кадраў. Не менш важкая ўзнагарода юбіляру -- шчырая павага і любоў з боку ўсіх, хто яго добра ведае, каму пашчасціла працаваць разам з ім, або проста адчуваць настаўніцкую і сяброўскую падтрымку.
Уважлівы, спагадлівы і добразычлівы Віктар Іванавіч Семянкоў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам кіраўніцтва Прэзідыума НАН Беларусі, работнікаў калектыву Інстытута дзяржавы і права і яго адміністрацыі. Супрацоўнікі, вучні, знаёмыя і ўся юрыдычная грамадскасць ад усёй душы віншуюць Віктара Іванавіча з юбілеем, адзначаюць яго разам з ім і жадаюць моцнага здароўя, даўгалецця, поспехаў у навуковай і грамадскай дзейнасці.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: July 12, 2006
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2006 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2006 The Belaruskaya Navuka Publishing House