Scientists of Belarus: Aleksandr Nikolaevich Danilov (To the 50th Anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Aleksandr Nikolaevich Danilov (To the 50th Anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 3, 2005 (pp. 123--124)
SCIENTISTS OF BELARUS
Бабосаў Я.М., Падлужны А.I., Шыраканаў Д.I. і інш.
Аляксандр Мікалаевіч Данілаў (Да 50-годдзя з дня нараджэння).
Babosau Ya.M., Padluzhny A.I., Shyrakanau D.I., et al.
Aleksandr Nikolaevich Danilov (To the 50th Anniversary).
У маі 2005 г. споўнілася 50 гадоў выдатнаму беларускаму вучонаму, намесніку старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, намесніку акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару сацыялагічных навук, прафесару Аляксандру Мікалаевічу Данілаву.
А.М. Данілаў нарадзіўся 14 мая 1955 г. у г. Віцебску. У гэтым старажытным беларускім горадзе з багатымі творчымі традыцыямі ён атрымаў сярэднюю і вышэйшую адукацыю (скончыў у 1980 г. адну з старэйшых ВНУ Беларусі -- Віцебскі ветэрынарны інстытут). I хаця свой шлях у навуку Аляксандр Мікалаевіч распачынаў са знаёмства з прыродазнаўчымі ведамі, ужо ў студэнцкія гады акрэслілася яго цікавасць да сацыяльных праблем тагачаснага грамадства, асабліва да праблем студэнцкай моладзі як найболыы актыўнай часткі гэтага грамадства. Таму цалкам заканамерным выглядае той факт, што першыя навуковыя публікацыі А.М. Данілава, якія пабачылі свет у 1985--1986 гг., былі прысвечаны пытанням фарміравання палітычнай культуры і аптымальнай структуры патрэбнасцей моладзі. Задавальненню інтарэсу даследчыка да маладзёжнай праблематыкі ў значнай ступені спрыяла яго непасрэдная шматгадовая праца з моладзю: на працягу 1978--1991 гг. ён працаваў сакратаром камітэта камсамола інстытута, загадчыкам аддзела Віцебскага абласнога камітэта ЛКСМ Беларусі, загадчыкам аддзела і загадчыкам сацыялагічнай лабараторыі ЦК ЛКСМ Беларусі. Найбольш значныя вынікі сацыялагічных даследаванняў, якія ажыццяўляліся Аляксандрам Мікалаевічам у той час, знайшлі адлюстраванне ў шэрагу калектыўных манаграфій з яго удзелам: "Дыялог з моладзю: 100 пытанняў -- 100 адказаў" (Мн., 1986), "Сям'я і моладзь: прафілактыка дэвіянтных паводзін" (Мн., 1989), "Моладзь і дэмакратызацыя савецкага грамадства: сацыялагічны аналіз" (Мн., 1990), "Чалавек і рынак (сацыялагічны маніторынг)" (Мн., 1992), а таксама ў асабіста ім напісанай манаграфіі "Пераходны працэс і моладзь" (Мн., 1993).
Назапашаныя А.М. Данілавым практычныя і тэарэтычныя веды ў галіне беларускага грамадазнаўства, асабліва ў рамках такіх яго напрамкаў, як сацыялогія і паліталогія, дазволілі яму істотна паглыбіць свае навуковыя інтарэсы, а таксама пашырыць кола выконваемых ім службовых абавязкаў. Пасля абароны ў 1990 г. кандыдацкай дысертацыі на тэму "Сацыялагічны аналіз духоўных патрэбнасцей моладзі (па матэрыялах Беларускай ССР)", Аляксандр Мікалаевіч працуе галоўным спецыялістам (сацыёлагам), загадчыкам сектара, загадчыкам аддзела Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1991 --1994), загадчыкам сектара вывучэння грамадскай думкі і прагназавання, намеснікам начальніка галоўнага упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, начальнікам інфармацыйна-аналітычнага упраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994--2000). Шырокая і разнастайная інфармацыя аб стане беларускага грамадства, з якой даводзілася працаваць А.М. Данілаву ў гэты няпросты перыяд (1991--2000), выконваючы службовыя абавязкі ва ўказаных органах дзяржаўнага кіравання, стварала надзейную факталагічную базу для ажыццяўлення ім новых сацыялагічных даследаванняў. Атрыманыя ў час такіх даследаванняў вынікі леглі ў аснову абароненай юбілярам у 1993 г. доктарскай дысертацыі па сацыялогіі на тэму "Моладзь Рэспублікі Беларусь ва ўмовах пераходу да рынкавых адносін (метадалагічны аспект)", а таксама склалі змест шэрага асабіста ім напісаных грунтоўных манаграфій: "Пераходнае грамадства: праблемы сістэмнай трансфармацыі" (Мн., 1997; 2-е выд. Мн., 1998), "Улада і грамадства: пошук новай гармоніі" (Мн., 1998), "Моладзь крызісных гадоў: ілюзіі і новыя надзеі" (Мн., 1999); "Сацыялогія ўлады: тэорью і практыка глабалізму" (Мн., 2001) і звыш 200 навуковых артыкулаў.
Высокую ацэнку навуковай фамадскасцю краін СНД ключавых палажэнняў і вывадаў манаграфічных даследаванняў А.М. Данілава засведчыў афіцыйны ліст дырэктара Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў Расійскай акадэміі навук, акадэміка РАН Г. В. Осіпава ў Прэзідыум НАН Беларусі, дзе выказвалася, у прыватнасці, наступная думка аб галоўных выніках даследаванняў А.М. Данілава: "ён адным з першых на найвышэйшым навуковым узроўні непрадузята прааналізаваў крызісную сітуацыю другой паловы XX стагодцзя ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ... правёў аналіз палітычных працэсаў у постсавецкіх грамадствах, фарміравання ў іх палітычных эліт у кантэксце сучасных сусветных тэндэнцый глабалізацыі і неабходнасці выпрацоўкі новай сацыяльна-палітычнай парадыгмы светаўладкавання XXI стагоддзя". Варта таксама адзначыць, што А.М. Данілаў па праву лічыцца заснавальнікам шэрага напрамкаў беларускай сацыялагічнай навукі (сацыялогіі трансфармацыйных працэсаў у пераходных грамадствах, сацыялогіі ўлады і інш.), яго працы па тэорыі, метадалогіі і гісторыі сацыялагічнай думкі Беларусі карыстаюцца шырокім попытам у навуковым асяроддзі.
Аляксандр Мікалаевіч праявіў сябе не толькі як здольны даследчык сацыяльна-палітычных працэсаў, але і як буйны арганізатар сацыялагічнай навукі Беларусі. Менавіта дзякуючы яго ініцыятыве і асабістым намаганням створаны першы ў нашай краіне навукова-тэарэтычны часопіс "Сацыялогія", нязменным галоўным рэдактарам якога А.М. Данілаў з'яўляецца з 1997 г. Менавіта дзякуючы арганізатарскім здольнасцям юбіляра ўдалося аднавіць дзейнасць Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Менавіта ён стаў ініцыятарам, арганізатарам і рэдактарам выдання "Сацыялагічнай энцыклапедыі" (Мн., 2003). Шмат увагі адцаваў і аддае сёння Аляксандр Мікалаевіч падрыхтоўцы сацыялагічных кадраў: з 1991 г. ён выкладае сацыялогію студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта, ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва работай аспірантаў, кансультуе дактарантаў, як намеснік старшыні ВАК Рэспублікі Беларусь курыруе пытанні падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі па грамадскіх навуках.
Вялікі навуковы і навукова-арганізацыйны ўклад А.М. Данілава ў развіццё беларускага грамадазнаўства па заслугах ацэнены навуковай супольнасцю нашай краіны. Так, у 1996 г. Аляксандр Мікалаевіч абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў 1997 г. -- правадзейным членам Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы. Агульны сход Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі два тэрміны запар выбірае яго на пасаду намесніка акадэміка-сакратара Аддзялення. Аналагічным чынам два тэрміны запар сацыялагічнай супольнасцю краіны ён выбіраецца старшынёй Беларускага грамадскага аб'яднання "Сацыялагічнае таварыства". Акрамя таго, з 1999 г. А.М. Данілаў займае выбарную пасаду намесніка старшыні Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў. Неаднаразова выбіраўся Аляксандр Мікалаевіч і старшынёй Арганізацыйных камітэтаў самых прадстаўнічых міжнародных навуковых форумаў. Нарэшце, дзве выдадзеньы ў 1998 г. манаграфіі А.М. Данілава адзначаны прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 1999 г. за лепшую навуковую работу.
Свой юбілей Аляксандр Мікалаевіч Данілаў сустрэў у росквіце творчых сіл. Калегі па працы, чытачы яго навуковых прац і прыхільнікі даследчыцкага таленту шчыра віншуюць яго з 50-гадовым юбілеем і жадаюць новых творчых поспехаў і здзяйсненняў.
Я. М. БАБОСАЎ, А. I. ПАДЛУЖНЫ, Д. I. ШЫРАКАНАЎ, В. К. ШЧЭРБІН
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: August 16, 2005
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2005 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2005 The Belaruskaya Navuka Publishing House