Scientists of Belarus: Dzmitry Ivanavich Shirakanaw (To 75th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Dzmitry Ivanavich Shirakanaw (To 75th anniversary)

|
Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 2, 2004 (pp. 122--123)
SCIENTISTS OF BELARUS
Нікіценка П.Г., Майхровіч А.С., Лазарэвіч А.А.
Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння).
Nikitsenka P.G., Maikhrovich A.S., Lazarevich A.A.
Dzmitry Ivanavich Shirakanaw (To 75th anniversary)
Споўнілася 75 год акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару філасофскіх навук, прафесару Дзмітрыю Іванавічу Шыраканаву.
Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў -- шырока вядомы ў нашай краіне і далёка за яе межамі вучоны-філосаф. Ён унёс вялікі ўклад у распрацоўку актуальных праблем тэорыі пазнання і філасофскіх пытанняў прыродазнаўства, сацыяльнай філасофіі і гісторыі філасофіі, з'яўляецца заснавальнікам беларускай навуковай школы ў галіне гнасеалогіі і філасофіі навукі.
Д.I. Шыраканаў нарадзіўся 20 мая 1929 г. у в. Галкі Брагінскага раёна Гомсльскай вобласці. У дзяцінстве застаўся без маці, перажыў голад і нястачу нямецка-фашысцкай акупацыі. Цяжкасці перадваенных і ваенных гадоў гартавалі мужны і адказны характар.
У 1947 г. скончыў Брагінскую сярэднюю школу з залатым медалём. У школе быў лепшым вучнем па фізіцы і матэматыцы, і настаўнікі ўскладалі на яго вялікія надзеі як на будучага матэматыка. Але нечакана для ўсіх ён зрабіў іншы выбар -- паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне філасофіі і закончыў яго ў 1952 г. з чырвоным дыпломам. Пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1955 г. Дзмітрый Іванавіч працуе ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук. Спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, затым старшага навуковага супрацоўніка, а з 1962 г. -- нязменны загадчык аддзела. У 1972 г. паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю "Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі". У 1974 г. выбіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1989 г. -- акадэмікам Акадэміі навук. Здольнасці і талент арганізатара навукі, клапатлівага кіраўніка навуковага калектыву раскрываюцца на пасадзе дырэктара Інстытута філасофіі і права, на якую ён быў абраны на альтэрнатыўнай аснове ў 1988 годзе і выконваў гэтыя абавязкі ў цяжкі перабудовачны час да 1994 года. Зараз, ужо амаль 42 гады, узначальвае аддзел логікі і метадалогіі навуковага пазнання.
Абсяг творчых інтарэсаў Дзмітрыя Іванавіча вельмі шырокі. Асноўнымі кірункамі яго навуковых даследаванняў з'яўляюцца распрацоўка праблем дыялектыкі, логікі, тэорыі навуковага пазнання, выяўленне іх метадапагічнай функцыі ў сучаснай навуцы і сацыяльным жыцці; аналіз працэсаў развіцця і ўнутранай узаемасувязі філасофскіх катэгорый і паняццяў, іх змястоўнай ролі ў вывучэнні грамадства і прыроды; даследаванне філасофскіх праблем прыродазнаўства, сучасных заканамернасцей яго развіцця; вывучэнне працэсаў фарміравання філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.
Д.I. Шыраканавым на аснове прынцыпу гістарызму распрацавана канцэпцыя пазнавальнай і эўрыстычнай сутнасці філасофскіх паняццяў і катэгорый як цэласнай сістэмы. Такі метадалагічны падыход дазволіў высветліць змястоўныя асаблівасці канкрэтных этапаў у развіцці навукі, звязаць іх з пэўнымі метадалагічнымі прынцыпамі, лагічнымі структурамі і стылем мыслення (жорсткім, верагодным, кібернетычным), а таксама спосабамі і формамі дэтэрмінацыі. Ім была паказана аднабаковасць і неабгрунтаванасць прынцыпу жорсткага дэтэрмінізму, які атрымаў шырокую распаўсюджанасць у філасофскай літаратуры. Была прапанавана разгорнутая характарыстыка паняццяў рознай ступені агульнасці і іх лакальных і глабальных узаемасувязей, даследаваны шляхі (канкрэтна-навуковыя, агульнанавуковыя і філасофскія) фарміравання такіх паняццяў у катэгарыяльных структурах і сістэмах, якія яны ўтвараюць. На аснове аналізу паняцця субстанцыі Д.I. Шыраканавым раскрыта ўзаемадзеянне дзвюх форм катэгарыяльных адносін -- каўзальна-дэтэрмінісцкай і структурна-сістэмнай, якія ўзаемадапаўняюць адна другую. Гэтыя формы суадносін здольны выконваць канструктыўную ролю ў даследаванні механізмаў самаарганізацыі прыродных і сацыяльна-гістарычных працэсаў.
Д.I. Шыраканаў вялікую ўвагу надае вельмі важнаму зараз прыкладному боку філасофскіх даследаванняў, у прыватнасці развіццю метадалогіі сацыяльных дзеянняў, выяўленню прадукцыйных форм сучаснага стылю мыслення, свядомасці і самасвядомасці чалавека, што дазваляе больш эфектыўна ўплываць на распрацоўку праграм грамадскага развіцця. Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца аўтарам 130 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 14 буйных калектыўных манаграфічных даследаванняў. За калектыўную працу беларускіх даследчыкаў "Дэтэрмінізм, сістэмы, развіццё" ён узнагароджаны Залатым медалём ВДНГ. Яго работы атрымалі высокія ацэнкі ў філасофскіх цэнтрах Расіі, Балгарыі, Польшчы.
Дзмітрый Іванавіч знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, актыўна перадае свае веды іншым. З лекцыямі і навуковымі лакладамі ён выступаў на канферэнцыях і праблемных саветах не толькі ў Беларусі, але і ў іншых месцах -- ад Байкала і Урала да Сярэдняй Азіі і Прыбалтыкі, а таксама ў Германіі, Італіі, ЗША.
Набыты ім даследчыцкі вопыт садзейнічае арганізацыі калектыўнай распрацоўкі ў Беларусі фундаментальных праблем у галіне тэорыі і метадалогіі навуковага пазнання, філасофіі і гісторыі навукі. Ён не толькі арганізатар і актыўны ўдзельнік многіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый і сімпозіумаў, але і пастаянна выступае перад навуковай грамадскасцю, аспірантамі, студэнтамі. Дзмітрый Іванавіч паспяхова сумяшчае даследчую работу з выкладаннем, з'яўляецца прафесарам Акадэміі фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь.
3 сапраўды бацькоўскім клопатам, добразычлівасцю, разуменнем праблем кожнага канкрэтнага чалавека і ў той жа час з належным патрабаваннем Дзмітрый Іванавіч адносіцца да сваіх супрацоўнікаў і аспірантаў. Ён падрыхтаваў 30 кандыдатаў і 12 дактароў навук, для якіх стаў не толькі навуковым кіраўніком і кансультантам, але і настаўнікам, здольным заўсёды даць карысную параду, аказаць неабходную дапамогу. Для інтэлігентнага і далікатнага Дзмітрыя Іванавіча несці людзям дабро стала патрэбай душы і нормай жыцця. Яго вельмі паважаюць і любяць калегі і сябры, захапляюцца маладосцю яго духу і незвычайнай працавітасцю. Ён заўсёды многа часу і сіл аддае грамадскай рабоце. Сёння Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца членам бюро Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі,
членам рэдкалегіі часопіса "Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" (серыя гуманітарных навук), членам навукова-рэдакцыйнага савета выдавецтва "Права і эканоміка", старшынёй Савета па абароне доктарскіх дысертацый.
За навуковую і грамадскую дзейнасць Д.I. Шыраканаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод якіх ордэн "Знак пашаны" і высокі ордэн Рэспублікі Беларусь -- Францыска Скарыны.
Жадаем шаноўнаму Дзмітрыю Іванавічу і далей захоўваць вельмі неабходныя ў сучасны час якасці -- добразычлівасць, інтэлігентнасць, цеплыню чалавечых адносін, а таксама моцнага здароўя, дабрабыту, творчых поспехаў.

/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: February 19, 2008
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2004-2008 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2004 The Belaruskaya Navuka Publishing House