Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only 
   
  Detailed search
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
Website of the First Congress of Scientists of the Republic of Belarus
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus

Scientists of Belarus: Ivan Pyatrovich Shamyakin (To 80th anniversary)

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: Ivan Pyatrovich Shamyakin (To 80th anniversary)

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 1, 2001 (pp. 126--127)

Journal

SCIENTISTS OF BELARUS

Лысенка А.Ф.
Іван Пятровіч Шамякін (Да 80-годдзя з дня нараджэння).
Lysenka A.F.
Ivan Pyatrovich Shamyakin (To 80th anniversary).

30 студзеня 2001 г. спаўняецца 80 гадоў народнаму пісьменніку, акадэміку НАН Беларусі, Герою Сацыялістычнай Працы Івану Пятровічу Шамякіну. Імя гэта шырока вядомае ў нашай рэспубліцы і далёка за яе межамі. Многія старонкі беларускага мастацкага летапісу належаць пяру Шамякіна. Дзесяткі кніг прозы (раманаў, аповесцей, апавяданняў), дзённікі, мемуары, п'есы, кінасцэнарыі, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы -- творы розных жанраў уяўляюцца ў цэлым шматтыражнай і шматмоўнай бібліятэкай, якая няспынна папаўняецца новымі набыткамі.

Высокае званне І. Шамякіна -- "народны пісьменнік", выверанае часам, сваімі вытокамі генетычна звязана з урадлівымі пластамі народнага жыцця. Адтуль бяруць пачатак вершы вясковага хлапчука-летуценніка з гомельскай глыбінкі, неўзабаве -- "лепшага тэхнікумаўскага паэта", пасля -- нарысы для армейскай газеты юнака-зенітчыка, які ваяваў у гады Вялікай Айчыннай пад Мурманскам, Петразаводскам, на тэрыторыі Польшчы, Германіі. Першай вяхой на літаратурным шляху І. Шамякіна стала аповесць "Помста" ("Полымя", 1945), дзе ў пэўнай меры выявіліся схільнасці аўтара, якія знойдуць далейшае развіццё, відавочная яго цікавасць да складаных праблем сучаснага жыцця. "Мая галоўная тэма -- Беларусь сённяшняя", -- скажа пазней пісьменнік. Для 40-х гадоў вайна была надзённай балючай явай. Герой "Помсты" маёр Раманенка пасля Перамогі адшукаў у Германіі дом забойцы сваёй сям'і - эсэсаўца Візэнера. У ціхім дагледжаным катэджы, дзе, здавалася, само паветра было атручана ядам нацызму, Раманенка востра адчуў непамерную перавагу народа-пакутніка над "мірнымі" гаспадарамі -- духоўнымі пігмеямі, зразумеў, што не можа, помсцячы, карыстацца тымі ж сродкамі, што і вораг, што ягоная помста будзе іншай -- усеагульным судом гісторыі над фашысцкімі нелюдзямі. Аўтар-пачатковец пункцірна акрэсліў праблемнае псіхалагічнае вязьмо, якое не раз будзе нагадваць пра сябе на новых вітках жыцця.

Той факт, што І. Шамякін, як і іншыя пісьменнікі франтавога пакалення (І. Мележ, В. Быкаў, І. Навуменка, Ю. Бондараў, Р. Бакланаў, А. Ганчар і інш.), узнаўляў падзеі вайны на падставе асабістага вопыту, стаў зарукай праўдзівасці аповяду і, што істотна, -- стымулам умацавання рэалістычнага напрамку ў літаратуры, насуперак пашыранай тэндэнцыі прыхарошвання, лакіроўкі жыцця. Драматычныя і гераічныя грані вайны ўвасоблены Шамякіным у іх непарыўным адзінстве: як найвялікшая бяда, круты паварот у лёсе кожнага і ўсіх, але і ўсведамленне жыццёвай неабходнасці, непазбежнасці празмерных агульных намаганняў дзеля таго, каб выстаяць і перамагчы. Вайна ўвайшла ў творы пісьменніка, відаць, назаўсёды жывым, нязменна сучасным нервам, маральна-этычным ацэначным, канцэптуальным крытэрыем. І тады, калі з'яўляецца галоўным аб'ектам паказу (раман "Глыбокая плынь", аповесці "Агонь і снег", "Гандлярка і паэт", "Шлюбная ноч" і інш.), і тады, калі ўваходзіць у сюжэт рэтраспекцыяй (раманы "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", цыкл аповесцей "Трывожнае шчасце", аповесць "Вазьму твой боль" і інш.).

Папулярнасць твораў І. Шамякіна абумоўлена ў многім неардынарнасцю характару ягонага героя -- сапраўднага грамадзяніна, сацыяльна актыўнага, няўрымслівага. Чалавек з чыстым сумленнем, ён па-байцоўску адстойвае свае перакананні ў адкрытым паядынку з прыстасаванцамі, кар'ерыстамі, здраднікамі ва ўмовах вайны і міру, на рабочым месцы і за бяседным сталом -- не толькі з прадстаўнікамі варожага лагера, але і з калегамі, сябрамі, сваякамі. Сёння на расквечаным рэкламай фоне так званай "масавай культуры", з яе прапагандай гвалту, спажывецкага эгаізму, свабоды ад спрадвечных "аджыўшых" канонаў маралі, альтэрнатыўна вылучаюцца адметныя, выразныя постаці герояў І. Шамякіна: салдата, настаўніка Шапятовіча, вучонага Антанюка, доктара Яраша, архітэктара Карнача, скульптара Жыгуновіча і інш. Чым далей, тым больш відавочнай становіцца сацыяльна-педагагічная запатрабаванасць станоўчага прыкладу ў жыцці і літаратуры. Пісьменнік не ідэалізуе свайго героя, як не ідэалізуе цалкам мінулага. Рэальна суадносячы яго святло і цені, ён садзейнічаў сваімі творамі расхістванню партыйна-бюракратычнай застойнай сістэмы, грамадскаму абнаўленню. Аднак І. Шамякін ніколі не закрэсліваў мінулага, набыткаў гістарычнай спадчыны, рупліва назапашаных папярэднікамі.

Грамадзянскім непакоем авеяны старонкі яго дзённіка "Роздум на апошнім перагоне" (1996). На руінах вялікай дзяржавы аўтар асэнсоўвае вынікі "перабудовы": эканамічны розрух, гранічнае абнядоленне працоўнага народа, духоўную дэградацыю. Незайздроснае становішча сучаснай інтэлігенцыі адлюстравана ў апавяданнях і аповесцях Шамякіна 90-х гадоў ("Сатанінскі тур", "Адна на падмостках", "Бумеранг", "Выкармак" і інш.). На хвалях "дзікага рынку", сярод драпежных нораваў спрабуюць неяк выжыць навукоўцы, пісьменнікі, артысты, мастакі, медыкі, інжынеры, настаўнікі...

Народнасць творчасці І. Шамякіна -- у гістарычнай праўдзе паказу драматычнага, на ўсім працягу, лёсу Беларусі -- краіны соцень Хатыней і напрыканцы стагоддзя Чарнобыля, якога хапіла на ўвесь свет (зборнік апавяданняў "Палеская Мадонна"). У праўдзе ўвасаблення нацыянальнага характару беларусаў, якія здолелі захаваць лепшыя чалавечыя якасці: шчодрасць і ўмудроную відушчасць сэрца, вернасць традыцыі братэрскага чалавечага яднання. Пісьменнік шукае гэткую сугучнасць памкненняў у творах на гістарычную тэму (аповесць, апавяданні зб. "Сцягі над штыхамі", раманы "Петраград-Брэст", "Вялікая княгіня" і інш.).

Заканамерна, што публіцыстычны тэмперамент І. Шамякіна выявіўся не толькі ў мастацкіх творах, але таксама ў яго грамадскай дзейнасці, службовых дачыненнях: на кіруючых пасадах у СП Беларусі (1954--1980 гг.), у працы галоўнага рэдактара выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя" імя П. Броўкі (1980--1992 гг.), дэпутата і Старшыні Вярхоўнага Савета БССР, члена дэлегацыі Беларусі на ХVІІІ сесіі ААН.

І. Шамякін узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Пашаны, ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Дружбы народаў, медалём "Залатая Зорка", медалём "За баявыя заслугі", медалём Францыска Скарыны. Ён -- лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Міністэрства абароны СССР, дзвюх Дзяржаўных прэмій БССР, а таксама прэміі СП Расіі "Баян" -- за заслугі ва ўмацаванні адзінства славянскіх народаў, кантактаў паміж народамі СНД.

Кнігі І. Шамякіна валодаюць значным "эфектам пазнання": чытач рэагуе на іх выхад у свет, як правіла, хутка і ўдзячна. Супрацоўнікамі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ў час падрыхтоўкі сацыялагічнага даследавання "Сучасная літаратура і чытач" (1988) была адзначана высокая цікавасць да творчасці беларускага пісьменніка ў розных рэгіёнах былога Савецкага Саюза (Расіі, Украіне, Грузіі, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыцы і інш.). Аб зваротнай сувязі з сваімі адрасатамі І. Шамякін расказаў у кнізе "Размова з чытачом", дзе, як і ў шматлікіх інтэрв'ю, выступленнях, узнімае надзённыя пытанні развіцця беларускай мовы, літаратуры, нацыянальнай культуры.

Творчасць І. Шамякіна на перавале стагоддзяў сведчыць, што ягоны талент, непадуладны бегу часу, наадварот, узбагачаны і ўдасканалены дадатковым вопытам, набывае ўсё новыя грані і адценні. Як і раней, пісьменнік крочыць у нагу з жыццём, чуйна праслухоўваючы яго пульс, захоўваючы вернасць высокім гуманістычным ідэалам, вывяраючы творчыя арыенціры спадзяваннямі свайго народа.

Віншуем Вас, вельмі шаноўны Іван Пятровіч, з юбілеем! Жадаем Вам добрага здароўя, новых творчых здзяйсненняў і перамог у новым, ХХІ стагоддзі!

Journal Top

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: June 24, 2006
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2001-2006 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2001 The Belaruskaya Navuka Publishing House