Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Весці Акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 2, 1999 (С. 139--140)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Майхровіч А.С., Лазарэвіч А.А.
Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Акадэміку Дзмітрыю Іванавічу Шыраканаву -- шырока вядомаму ў нашай рэспубліцы і далёка за яе межамі вучонаму-філосафу, які ўнёс вялікі ўклад у распрацоўку актуальных праблем тэорыі пазнання і філасофскіх пытанняў прыродазнаўства, сацыяльнай філасофіі і гісторыі філасофіі, заснавальніку беларускай навуковай школы ў галіне гнасеалогіі і філасофіі навукі, рупліваму настаўніку навуковай моладзі, гарманічнаму, духоўна светламу чалавеку спаўняецца 70 год.

Д. І. Шыраканаў нарадзіўся 20 мая 1929 г. у в. Галкі, Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям'і. У дзяцінстве застаўся без маці, і ўсе клопаты аб чатырох малодшых дзецях у гады вайны і нямецка-фашысцкай акупацыі, а затым і цяжка параненым на вайне старэйшым браце ляглі на яшчэ кволыя плечы падлетка. У поўнай ступені прыйшлося паспытаць голад, нястачу, цяжкую працу. Адказнасць за блізкіх людзей, паўсядзённая работа па дому фарміравалі стойкасць, уменне пераадольваць цяжкасці, закладвалі падмурак характару цэльнага і паслядоўнага.

У 1947 г. скончыў Брагінскую сярэднюю школу з залатым медалём, дзе быў лепшым вучнем па фізіцы і матэматыцы, у сувязі з чым настаўнікі ўскладвалі на яго вялікія надзеі. Але нечакана для ўсіх ён зрабіў іншы прафесійны выбар. Паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне філасофіі і закончыў яго ў 1952 г. з чырвоным дыпломам. Пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1955 г. Дзмітрый Іванавіч працуе ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук. Спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, затым старшага навуковага супрацоўніка, а з 1962 г. -- нязменны загадчык аддзела. У 1972 г. паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю "Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі". У 1974 г. выбіраецца членам-карэспандэнтам,а ў 1989 г. -- акадэмікам Акадэміі навук. У 1988 г. быў абраны дырэктарам Інстытута філасофіі і права на альтэрнатыўнай аснове і кіраваў ім у цяжкі перабудовачны час да 1994 г. 3араз, ужо амаль 37 год, узначальвае аддзел логікі і метадалогіі навуковага пазнання.

Абсяг творчых, даследчых інтарэсаў Дзмітрыя Іванавіча вельмі шырокі. Асноўнымі накірункамі яго навуковых даследаванняў з'яўляюцца распрацоўка праблем дыялектыкі, логікі, тэорыі навуковага пазнання, выяўленне іх метадалагічнай функцыі ў сучаснай навуцы і сацыяльным жыцці; аналіз працэсаў развіцця і ўнутранай узаемасувязі філасофскіх катэгорый і паняццяў, іх змястоўнай ролі ў вывучэнні грамадства і прыроды; даследаванне філасофскіх праблем прыродазнаўства, сучасных заканамернасцяў яго развіцця; вывучэнне працэсаў фарміравання філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.

Галоўная ідэя распрацаванай ім канцэпцыі пазнавальнай і эўрыстычнай сутнасці філасофскіх паняццяў і катэгорый як цэласнай, пабудаванай на ўзаемнай сувязі сістэмы грунтуецца на прынцыпе гістарызму. Такі метадалагічны падыход дазволіў высветліць асаблівасці канкрэтных этапаў у развіцці навукі, звязаць іх з пэўнымі метадалагічнымі прынцыпамі, лагічнымі структурамі і стылем мыслення (жорсткім, верагодным, кібернетычным), а таксама спосабамі і формамі дэтэрмінацыі. Ім была паказана аднабаковасць і неабгрунтаванасць прынцыпу жорсткага дэтэрмінізму, які атрымаў шырокую распаўсюджанасць у біялагічнай і філасофскай літаратуры 50-х гадоў. Была прапанавана разгорнутая характарыстыка паняццяў рознай ступені агульнасці і іх лакальных і глабальных узаемасувязей, даследаваны шляхі -- канкрэтна-навуковыя, агульнанавуковыя і філасофскія -- фарміравання такіх паняццяў у сістэме катэгорый навукі. На аснове аналізу паняццяў субстанцыі Д. І. Шыраканавым раскрыта ўзаемадзеянне дзвюх форм катэгарыяльных адносін -- каузальна-дэтэрмінісцкай і структурна-сістэмнай, якія ўзаемадапаўняюць адна другую. Гэтыя формы суадносін здольны выконваць канструктыўную ролю ў даследаванні механізмаў самаарганізацыі ў сінергічных і сацыяльна-гістарычных працэсах.

Даследчая дзейнасць Дзмітрыя Іванавіча выходзіць за межы толькі тэарэтычнага аналізу. Вялікую ўвагу ён надае прыкладному боку філасофскіх даследаванняў, які накіраваны на развіццё сучаснага стылю мыслення, форм свядомасці чалавека і грамадства, метадалогіі сацыяльных дзеянняў. На аснове выкананых Д. І. Шыраканавым даследаванняў выдадзены шэраг прац па філасофскіх пытаннях прыродазнаўства, анталогіі і тэорыі навуковага пазнання. Таксама ім апублікаваны раздзелы па гісторыі філасофіі і сацыялагічнай думцы ў Беларусі ў "Сусветнай гісторыі філасофіі", "Гісторыі філасофіі ў СССР", тым самым ён унёс уклад у станаўленне гэтага накірунку даследаванняў. Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца аўтарам 116 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 14 буйных калектыўных манаграфічных даследаванняў. За калектыўную працу беларускіх даследчыкаў "Дэтэрмінізм, сістэмы, развіццё" ён узнагароджаны Залатым медалём ВДНГ. Яго ра6оты атрымалі высокія ацэнкі ў філасофскіх цэнтрах Расіі, Балгарыі, Польшчы.

Дзмітрый Іванавіч пастаянна вучыцца сам і перадае свае веды іншым. З лекцыямі і навуковымі дакладамі ён выступаў на канферэнцыях і праблемных саветах не толькі ў Беларусі, але і ў іншых месцах ад Байкала і Урала да Сярэдняй Азіі і Прыбалтыкі, а таксама ў Германіі, Італіі, ЗША.

Як старшыня Беларускага філасофскага таварыства, старшыня Беларускага аддзялення камітэта гісторыкаў і філосафаў навукі і тэхнікі Дзмітрый Іванавіч уносіць вялкі ўклад у арганізацыю калектыўнай распрацоўкі ў Беларусі фундаментальных праблем у галіне філасофіі і гісторыі навукі. Ён не толькі арганізатар і актыўны ўдзельнік многіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый і сімпозіумаў, але і пастаянна выступае перад навуковай грамадскасцю, аспірантамі, слухачамі Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Дзмітрый Іванавіч паспяхова сумяшчае даследчую работу з выкладаннем, з'яўляецца прафесарам Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і Акадэміі фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь.

З сапраўды бацькоўскім клопатам, добразычлівасцю, разуменнем праблем кожнага канкрэтнага чалавека і ў той жа час з належным патрабаваннем Дзмітрый Іванавіч адносіцца да сваіх супрацоўнікаў і аспірантаў. Ён падрыхтаваў 28 кандыдатаў і 12 дактароў навук, для якіх стаў не толькі навуковым кіраўніком і кансультантам, але і настаўнікам, здольным заўсёды даць карысную параду, аказаць неабходную дапамогу. Для інтэлігентнага і далікатнага Дзмітрыя Іванавіча несці людзям дабро стала патрэбай душы і нормай жыіщя. Яго вельмі паважаюць і любяць калегі і сябры, захапляюцца маладосцю яго духу і незвычайнай працавітасцю. Ён заўсёды многа часу і сіл аддае грамадскай рабоце. Сёння Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца членам бюро Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, членам рэдкалегіі часопісаў "Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" (серыя гуманітарных навук), "Права і эканоміка", старшынёй Савета па абароне доктарскіх дысертацый.

За навуковую і грамадскую дзейнасць Д. І. Шыраканаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод якіх самы высокі гуманітарны ордэн Рэспублікі Беларусь -- Францыска Скарыны.

Ад шчырага сэрца хочацца пажадаць Дзмітрыю Іванавічу моцнага здароўя, шчасця, новых творчых здзяйсненняў на карысць навукі і роднай Бацькаўшчыны.

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 19 лютага 2008 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 1999-2008 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 1999 Выдавецтва "Беларуская навука"