Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Юзэфа Фларыянаўна Мацкевiч (Да 85-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Юзэфа Фларыянаўна Мацкевiч (Да 85-годдзя з дня нараджэння)

Весці Акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 3, 1996 (С. 129--132)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Клiмчук Ф.Д.
Юзэфа Фларыянаўна Мацкевiч (Да 85-годдзя з дня нараджэння).

У лiпенi 1996 г. супрацоўнiкi Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа АН Беларусi ўрачыста павiншавалi з днём нараджэння выдатнага вучонага Беларусi, члена-карэспандэнта АН БССР, доктара фiлалагiчных навук, заслужанага дзеяча навукi Беларусi Юзэфу Фларыянаўну Мацкевiч.

Нарадзiлася Ю.Ф.Мацкевiч у в.Ухлё на Вiцебшчыне (цяпер Бешанковiцкi раён). Бацькi Юзэфы Фларыянаўны Фларыян-Iосiф Антонавiч i Ядвiга Iванаўна паходзiлi з Глыбоччыны. Жылi яны бедна, арандавалi зямлю, батрачылi, пераязджалi з аднаго месца ў iншае. Бацька некаторы час быў леснiком. Любiў ён чытаць кнiжкi, цудоўна iграў на скрыпцы i на гармонiку. Мацi ведала многа старадаўнiх песень. Пражылi яны нямнога: мацi -- 43 гады, бацька -- 50. Было ў iх дзевяць дзяцей. Васьмiгадовай дзяўчынкай Юзэфа Фларыянаўна засталася сiратой, у яе памерла мацi. Старэйшы брат, Казiмiр, якi працаваў тады рабочым на Шклоўскай папяровай фабрыцы, прапанаваў Юзэфе Фларыянаўне паехаць да яго i дапамагчы атрымаць адукацыю. У Шклове Юзэфа Фларыянаўна скончыла сямiгодку. Затым паступiла ў Магiлёўскi педагагiчны тэхнiкум. Тут яна сустрэла такога ж студэнта, хлопца з Клiмавiцкага раёна, Кiрылу Мацвеевiча Ганчарова, з якiм звязала сваё жыццё. Педагагiчны тэхнiкум яны закончылi мужам i жонкаю.

Магiлёўскi педагагiчны тэхнiкум Юзэфа Фларыянаўна закончыла ў1931 г. Затым два гады яна працуе настаўнiцай пачатковай школы ў в.Гулькi Клiмавiцкага раёна.

У 1933 -- 1934 гг. Ю.Ф.Мацкевiч вучыцца ў Магiлёве на аднагадовых падрыхтоўчых курсах для паступлення ў ВНУ, а ў 1934 -- 1938 гг. -- на факультэце мовы i лiтаратуры Мiнскага педагагiчнага iнстытута. Пасля заканчэння iнстытута па рэкамендацыi вядомага беларускага лiнгвiста прафесара К.I.Гурскага Ю.Ф.Мацкевiч паступiла ў аспiрантуру Iнстытута мовы i лiтаратуры Акадэмii навук БССР. У аспiрантуры пад кiраўнiцтвам прафесара Е.С.Iстрынай (Ленiнград) спецыялiзуецца па гiсторыi беларускай мовы.

Наступаюць гады нямецка-фашысцкай акупацыi. Напярэдаднi паехала Юзэфа Фларыянаўна ў Ленiнград. Там знаходзiўся яе муж Кiрыл Мацвеевiч. Ён закончыў дысертацыю, рыхтаваўся да абароны. Юзэфе Фларыянаўне трэба было пракансультавацца з навуковым кiраўнiком. Яна завезла трохгадовую дачку Валю ў Вiцебск да сястры Марыi, а адзiнаццацiмесячную Наташу пакiнула ў Мiнску з пляменнiцай мужа, таксама Марыяй. Прыехала ў Ленiнград, а назаўтра вайна. 3 цяжкасцю пасадзiў яе муж на поезд. На прыпынку ў Вiцебску сустрэлася Юзэфа Фларыянаўна на некалькi хвiлiн з сястрой i яе мужам. Ля Оршы састаў разграмiлi. Куды падацца? Дзе зараз дзецi? Вырашыла iсцi ў вёску Тупiчын Касцюковiцкага раёна. Гэта была радзiма мужа i яго пляменнiцы Марыi, у якой засталася дачка Наташа. У Тупiчыне iх не знайшла. Пайшла зноў пешшу ў Мiнск. У Мiнску таксама дачкi не было. Людзi сказалi: "Падалiся твае ў Смалявiчы". У Смалявiчах жыў тады родны брат мужа Юзэфы Фларыянаўны Яфiм Мацвеевiч Ганчароў. Працаваў ён тут землямерам. Пешшу пайшла Юзэфа Фларыянаўна ў Смалявiчы. Там, у Яфiма Мацвеевiча, яна знайшла сваю дачку Наташу. Тут Юзэфа Фларыянаўна засталася. За гэты кароткi час яна пасiвела...

У Смалявiцкiм раёне Юзэфа Фларыянаўна ўносiла свой пасiльны ўклад у барацьбу з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi: яна была сувязной партызанскай брыгады "Смерць фашызму".

Старэйшая дачка Юзэфы Фларыянаўны, Валя, у хуткiм часе апынулася ў саўгасе "Пламя" Сенненскага раёна, што на Вiцебшчыне. Сястра Марыя з мужам, у якiх засталася Валя, пешшу прышлi з Вiцебска ў Сенненскi раён, у саўгас "Пламя", дзе ў сельскагаспадарчым тэхнiкуме працаваў брат Юзэфы Фларыянаўны i Марыi Вацлаў. Там i засталiся. Старэйшую дачку сустрэла Юзэфа Фларыянаўна толькi пасля вызвалення. Зберагла яе сястра Марыя, старэйшая за Юзэфу Фларыянаўну на 8 гадоў.

А муж Юзэфы Фларыянаўны Кiрыл Мацвеевiч пайшоў у апалчэнне i ў вераснi 1941 г. загiнуў ля Ленiнграда.

У 1945 г. Юзэфа Фларыянаўна вярнулася ў Мiнск.

Тады пачалi аднаўляць i разгортваць сваю дзейнасць навукова-даследчыя ўстановы Акадэмii навук БССР. Юзэфа Фларыянаўна з радасцю прыняла запрашэнне на працу ў Iнстытут мовы, лiтаратуры i мастацтва АН БССР, якiм кiраваў у той час К.К.Атраховiч (Кандрат Крапiва).

Юзэфа Фларыянаўна ўключаецца ў групу складальнiкаў Руска-беларускага слоўнiка (1953), якi тады тэрмiнова складаўся невялiкiм калектывам беларускiх моваведаў. Адначасова яна падрыхтавала i ў 1946 г. паспяхова абаранiла кандыдацкую дысертацыю на тэму "Лiтоўскi статут 1529 г. як помнiк беларускай лiтаратурнай мовы XV -- пачатку XVI стагоддзя".

Дыялекталагiчная праца ў Беларусi пасля вайны пачынаецца ў 1946 г. У Iнстытуце мовы, лiтаратуры i мастацтва АН БССР было вырашана пачаць арганiзацыю i падрыхтоўку моваведаў i выкладчыкаў ВНУ для шырокага даследавання беларускiх народных гаворак. Тады ж была вызначана адна з першачарговых задач -- стварэнне "Дыялекталагiчнага атласа беларускай мовы" (ДАБМ).

3 гэгага часу дыялекталогiя стала асноўным аб'ектам навуковых iнтарэсаў Юзэфы Фларыянаўны. Яна прымае актыўны ўдзел у арганiзацыi сiстэматычнай i мэтанакiраванай працы над атласам. Разам з iншымi беларускiмi даследчыкамi Юзэфа Фларыянаўна наладжвае сувязi з рускiмi i ўкраiнскiмi вучонымi, прыцягвае i спецыяльна рыхтуе для дыялекталагiчнай работы выкладчыкаў мовы i аспiрантаў, а таксама шырокае кола студэнтаў, складае спецыяльную праграму i метадычныя дапаможнiкi па збiранню дыялектных матэрыялаў i iнш.

3 1950 г. Ю.Ф.Мацкевiч з'яўляецца загадчыцай сектара (з 1986 г.-- аддзела) дыялекталогii. Яна фактычна стала кiраўнiком усёй дыялекталагiчнай работы ў Беларусi.

Асноўнай яе задачай у тыя гады з'яўляецца стварэнне "Дыялекталагiчнага атласа беларускай мовы". Збор матэрыялаў для яго праводзiцца пад кiраўнiцтвам Ю.Ф.Мацкевiч. У сцiслы тэрмiн абследавана 1027 населеных пунктаў, якiя ўключаны ў сетку атласа. Юзэфа Фларыянаўна -- штогоднi ўдзельнiк дыялекталагiчных экспедыцый.

Далей -- апрацоўка сабранага матэрыялу, складанне карт. Сумесна са сваiмi настаўнiкамi, членам-карэспандэнтам АН СССР Р. I.Аванесавым i акадэмiкам АН БССР К.К.Атраховiчам (К.Крапiвой), яна ажыццяўляла планаванне i кiраўнiцтва збiральнiцкай працай, займалася рэдагаваннем карт i матэрыялаў атласа, рыхтавала тэхнiчныя i даведачныя раздзелы.

"Дыялекталагiчны атлас беларускай мовы" выйшаў з друку ў 1963 г. Гэта буйнейшае навуковае здзяйсненне беларускiх дыялектолагаў. Атлас -- вялiкi здабытак беларускай i наогул славянскай i агульначалавечай культуры. Праца гэта калектыўная. Але яна была ажыццёўлена так паспяхова i ў такiя сцiслыя тэрмiны ў вялiкай ступенi дзякуючы арганiзатарскiм здольнасцям, намаганням i асабiстаму творчаму ўдзелу Ю.Ф.Мацкевiч.

Арганiчным працягам i папярэднiм абагульненнем даных ДАБМ з'яўляецца наступная значная калектыўная праца -- "Лiнгвiстычная геаграфiя i групоўка беларускiх гаворак" (1968 -- 1969), якая была падрыхтавана па iнiцыятыве i пад кiраўнiцтвам Р.I.Аванесава i Ю.Ф.Мацкевiч. У гэты ж час пад кiраўнiцтвам i пры непасрэдным удзеле Ю.Ф.Мацкевiч разгортваюцца даследаваннi фанетычнай i марфалагiчнай структуры беларускiх народных гаворак. Ю.Ф.Мацкевiч разам з калегамi па працы падрыхтавала "Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогii" (1962), "Нарысы па беларускай дыялекталогii" (1964), "Мiкратапанiмiю Беларусi" (1974).

Грунтоўнай асабiстай працай Ю.Ф.Мацкевiч з'яўляецца яе манаграфiя "Марфалогiя дзяслова ў беларускай мове" (1959), якая заняла адметнае месца ў беларускiм мовазнаўстве. Гэтая кнiга стала яе доктарскай дысертацыяй, якую Ю.Ф.Мацкевiч паспяхова абаранiла ў 1963 г. Усяго ж Ю.Ф.Мацкевiч апублiкавала звыш 70 навуковых прац.

3 1960 г. пад кiраўнiцтвам Ю.Ф.Мацкевiч i пры яе самым актыўным удзеле пачаўся збор беларускiх дыялектных матэрыялаў для складання "Агульнаславянскага лiнгвiстычнага атласа".

У 1971 г. Ю.Ф.Мацкевiч у складзе аўтарскага калектыву за комплекс прац "Беларуская лiнгвiстычная геаграфiя" была прысуджана Дзяржаўная прэмiя БССР.

3'яўляючыся ўдзельнiцай дыялекталагiчных экспедыцый, Ю.Ф.Мацкевiч заўсёды фiксавала значны дадатковы лексiчны матэрыял, якi не быў прадугледжаны праграмай. Пазней для збору лексiкi сталi праводзiцца спецыяльныя экспедыцыi. Гэты матэрыял быў пакладзены ў аснову будучага дыялектнага слоўнiка. Для папаўнення картатэкi з пачатку 70-х гадоў пад кiраўнiцтвам Ю.Ф.Мацкевiч экспедыцыi праводзiлiся штогод. У экспедыцыях прымалi ўдзел не толькi супрацоўнiкi сектара дыялекталогii Iнстытута мовазнаўства АН БССР, але i навукоўцы з Польшчы, Лiтвы, Латвii. На аснове сабранага матэрыялу калектывам аўтараў пад рэдакцыяй Ю.Ф.Мацкевiч складзены пяцiтомны "Слоўнiк беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча". Апублiкаваны слоўнiк у 1979 -- 1986 гг. Усяго для слоўнiка абследавана 155 гаворак, з iх на тэрыторыi Беларусi -- 100, Лiтвы --18, Латвii -- 23, Польшчы -- 14.

"Дыялекталагiчны атлас беларускай мовы" (1963) прысвечаны ў асноўным фанетыцы i марфалогii. З 338 карт у iм толькi 162 карты лексiчныя. Мiж тым дыялектная лексiка характарызуецца вялiкiм багаццем. Таму наспела патрэбнасць стварэння асобнага "Лексiчнага атласа беларускiх народных гаворак" (ЛАБНГ). Як працяг i далейшае развiццё лiнгвагеаграфiчных даследаванняў у 1970 г. у Iнстытуце мовазнаўства iмя Якуба Коласа АН БССР пад кiраўнiцтвам Ю.Ф.Мацкевiч была распрацавана праграма для стварэння такога атласа. А ў 1971 г. пачаўся збор матэрыялаў для яго. Пад кiраўнiцтвам Ю.Ф.Мацкевiч у 1985 г. цалкам завершана праца над атласам.

Атлас складаецца з пяцi тамоў. Усяго ў iм 1792 лiнгвiстычныя карты. Першы том пад рэдакцыяй М.В.Бiрылы i Ю.Ф.Мацкевiч выйшаў з друку ў 1993 г., другi том таксама пад рэдакцыяй М.В.Бiрылы i Ю.Ф.Мацкевiч -- у 1994 г., трэцi том пад рэдакцыяй Ю.Ф.Мацкевiч -- у 1996 г.

Чацвёрты i пяты тамы атласа пад рэдакцыяй Ю.Ф.Мацкевiч знаходзяцца ў друку.

У 1968 г. першай з супрацоўнiкаў Iнстытута мовазнаўства Ю.Ф.Мацкевiч абрана членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1978 г. ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукi БССР. Ю.Ф.Мацкевiч таксама ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў, медалём "За доблесную працу" i Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Ю.Ф.Мацкевiч да 1985 г. узначальвала сектар дыялекталогii (з 1990 г. -- аддзел дыялекталогii i лiнвагеаграфii) Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа АН БССР. 3 1985 па 1991 г. працавала ў Iнстытуце кансультантам. 3 1991 г. Ю.Ф. Мацкевiч знаходзiцца на пенсii.

Аўтар гэтых радкоў спачатку пазнаёмiўся з Ю. Ф. Мацкевiч завочна. Працаваў я тады настаўнiкам у Субацкай школе Драгiчынскага раёна. Напiсаў пiсьмо ў Iнстытут мовазнаўства з просьбай адказаць мне на некаторыя пытаннi, якiя датычацца характару драгiчынскiх гаворак, ступенi iх вывучанасцi, паходжання. Адказ на маё пiсьмо прыслала Ю.Ф.Мацкевiч. Прыслала яна таксама праграму i прапанавала сабiраць матэрыял. Гэга было ў 1957 г. Сабраны матэрыял у хуткiм часе я паслаў. Тады Ю.Ф.Мацкевiч прапанавала мне прыняць удзел у дыялекталагiчнай экспедыцыi па збору дадатковых звестак для "Дыялекталагiчнага атласа беларускай мовы". Экспедыцыя, у якой я прыняў удзел, адбылася ў 1958 г. Напярэдаднi я прыехаў у Мiнск, дзе адбылося асабiстае знаёмства з Ю.Ф.Мацкевiч i iншымi супрацоўнiкамi iнстытута. У час экспедыцыi абследавалi населеныя пункты Мазырскага i Калiнкавiцкага раёнаў: Лешню, Клiнск, Мялешкавiчы, Гурыны.

У 1968 г. я паступiў у аспiрантуру пры Iнстытуце мовазнаўства. Ю.Ф.Мацкевiч стала маiм навуковым кiраўнiком. 3 1971 г. я працую ў сектары дыялекталогii, якiм кiравала Юзэфа Фларыянаўна.

Хачу звярнуць увагу на адну надзвычай характэрную рысу Юзэфы Фларыянаўны -- яе ўлюблёнасць у працу. Колькi хапала магчымасцi, яна iмкнулася яе працягнуць. Звычайна з'яўлялася яна на працу ў Iнстытут у 7 -- 8 гадзiн ранiцы, а пакiдала ў 8 -- 10 гадзiн вечара. Калi дыялекталагiчная экспедыцыя пачыналася ў панядзелак, Юзэфа Фларыянаўна выязджала яшчэ вечарам у пятнiцу. Калi экспедыцыя заканчвалася ў пятнiцу, яна вярталася ў Мiнск толькi вечарам у нядзелю.

Калi быў аспiрантам, а затым калi працаваў у Iнстытуце мовазнаўства, я часта прымаў удзел у навуковых канферэнцыях у Расii, на Украiне, часам у Лiтве i Латвii. Амаль на кожнай з iх звярталася ўвага на значныя поспехi беларускiх дыялектолагаў у тыя гады. Гэта ў многiм была заслуга Ю.Ф.Мацкевiч.

Юзэфе Фларыянаўне 85 год. Супрацоўнiкi Iнстытута мовазнаўства, яе калегi, таварышы, вучнi жадаюць гэтаму цудоўнаму чалавеку добрага здароўя, увагi i цеплынi з боку родных i блiзкiх, здзяйснення ўсiх творчых задум.

Часопіс

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 2 лістапада 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 1996-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 1996 Выдавецтва "Беларуская навука"