Вучоныя Беларусі: Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук (Да 65-годдзя з дня нараджэння)
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы
Вучоныя Беларусі: Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук (Да 65-годдзя з дня нараджэння)

| Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУКВыдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Асобны артыкул з нумара 3, 2009 (С. 121--124)
ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI
Жураўлёў В. П.
Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук (Да 65-годдзя з дня нараджэння)
У кожнай галіне навуковай дзейнасці ёсць людзі, якія пры ўсіх паваротах і звівах даследчыцкай думкі досыць цвёрда і паслядоўна трымаюцца аднойчы выбранага стратэгічнага напрамку ў сваёй творчай працы. Да ліку іх з поўным правам можа быць далучаны доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук . Вузлавым, дамінуючым інтарэсам для яго заўжды заставалася драматургія, хоць час ад часу яму і даводзілася займацца самымі рознымі літаратуразнаўчымі пытаннямі, закранаць і вывучаць пэўныя аспекты прозы, паэзіі, публіцыстыкі.
Даследаванню праблемных пытанняў драматургічнага жанру прысвечаны яго кандыдацкая і доктарская дысертацыі. У гэтым ключы напісаны і такія грунтоўныя манаграфіі, як "Сучасная беларуская драматургія" (1977), "Станаўленне беларускай савецкай драматургіі"
(1984, паўторна перавыдадзена ў 2002 г.), "На драматургічных перакрыжаваннях" (1989) і інш. Нацыянальная драматургія як аб'ект даследавання знаходзіцца ў цэнтры васьмі раздзелаў абагульняючага характару, якія з'яўляюцца важнай часткай "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя" ў чатырох тамах (5 кнігах), 1999-2003 гг. Самы актыўны ўдзел у распрацоўцы важнейшых пытанняў драматургіі прымаў С.С. Лаўшук і пры напісанні такіх сур'ёзных калектыўных даследаванняў, як "История белорусской советской литературы" (аднатомнік на рускай мове, 1977 г.), адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, вучэбны дапаможнік для вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі "Беларуская савецкая літаратура", "Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці", "Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" у 4 кнігах (1994).
У сферу навуковых інтарэсаў С.С. Лаўшука важнай і арганічнай часткай уваходзіць і тэксталагічная праца. Ён падрыхтаваў і выдаў грунтоўны том "Беларуская дакастрычніцкая драматургія" (1978), увёўшы ў навуковы ўжытак шмат невядомых спецыялістам і шырокаму колу чытачоў п'ес, дапамог наноў адкрыць грамадскасці літаратурную спадчыну аднаго з пачынальнікаў новай драматургічнай тэндэнцыі У. Галубка ("Творы". Мн., 1983). Дзякуючы яго старанням убачылі свет і такія цікавыя выданні, як "П'есы" (1984), "Вершы, байкі, эпіграмы і паэмы" (1991), "Цудоўная дудка" (1997). Але важнейшымі ў гэтым шэрагу трэба, відаць, лічыць выданні Збору твораў двух нашых выдатных драматургаў -- К. Крапівы (у 6 тамах, 1997--2004) і А. Макаёнка (у 5 тамах, 1987-1990).
Не будзе пераболыпаннем сказаць, што ў апошнія дзесяцігоддзі С.С. Лаўшук займае адно з вядучых месцаў сярод нешматлікага кола крытыкаў і літаратуразнаўцаў, зацікаўленых у даследаванні драматургічнага жанру Ды, відаць, ён можа прэтэндаваць у гэтай галіне і на ролю правафланговага, працы якога сістэмна, глыбока і грунтоўна прадстаўляюць гісторыка-тэарэтычны і тэксталагічны малюнак развіцця беларускай драматургіі XX ст. У аб'ёмным і шырокамаштабным хранатопе гэтай жанрава-стылёвай структуры не абыйдзены, здаецца, ні адзін болып ці менш важны момант, што так ці інакш узаемазвязаны з пазітыўнымі ці негатыўнымі фактарамі, якія ўплывалі на фарміраванне і складванне эстэтычных асноў і адметнага характару нацыянальнай драматургіі. Але два матывы, дзве найважнейшыя сілы, якія актыўна садзейнічалі і садзейнічаюць прадуктыўнаму развіццю драматургічнай думкі, С.С. Лаўшук звычайна вылучае буйным планам ва ўсіх сваіх працах, у першую чаргу падкрэсліваючы сярод іх драматургічны пісьменніцкі талент і грамадзянскую мужнасць пісьменніка.
Гэтыя пытанні не такія ўжо і новыя, але, пастаўленыя ў шырокі літаратурна-гістарычны і ідэалагічны кантэкст часу, вядуць чытача да новага ці абноўленага ўспрымання шэрагу мастацкіх твораў, пра якія пісалі многія.
Ну хіба мала напісана, да прыкладу, пра купалаўскую трагікамедыю "Тутэйшыя". Гэты класічны твор драматургічнага жанру патаемна жыў ці ўрэшце рэшт актыўна прысутнічаў у тэатральнай памяці і духоўным арсенале многіх пакаленняў беларускіх драматургаў і артыстаў і тады, калі шлях на сцэну п'есе быў фактычна закрыты. У межах так званага "вялікага гістарычнага часу" і агульнай дэмакратызацыі грамадскага жыцця магчымасці новага прачытання драматургічнай мастацкай жамчужыны, якой з'яўляецца трагікамедыя Я. Купалы "Тутэйшыя", значна пашырыліся. Сваё важкае слова ўдалося сказаць тут і С.С. Лаўшуку. У яго інтэрпрэтацыі цікавымі і актуальна арыентаванымі на нашу сучаснасць ідэйна-эстэтычнымі гранямі паварочваецца, у прыватнасці, канфліктная аснова гэтага твора, увасабляючы ў сабе сканцэнтраваны згустак глыбокіх думак і падтэкставай энергіі.
Наша нацыянальная класіка ў асобе такіх яе прадстаўшкоў як Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, 3. Бядуля, не прымаючы і часта досыць рэзка асуджаючы ў чалавеку яго бездухоўнасць і адступленне ад высокіх маральных і грамадзянскіх прынцыпаў ніколі не спяшалася адсоўваць яго на ўзбочыну жыццёвага шляху і спісваць з грамадства як лішні, непатрэбны і пасіўны баласт. Так, удумліва аналізуючы камедыю Я. Купалы "Паўлінка", С.С. Лаўшук прызнае неабходным калі не разбурыць, то некалькі парушыць стэрэатып устаялых ацэнак вядомага персанажа гэтай п'есы, незаможнага шляхціца Адольфа Быкоўскага, у якога болей чым дастаткова амбіцый і іншых невысокага кшталту якасцей. Але ў той жа час, паводле сцвярджэння літаратуразнаўца, у Быкоўскага яшчэ не да канца страчана сувязь з навакольным народным асяроддзем. I нельга не пагадзіцца з тым меркаваннем даследчыка купалаўскай п'есы, што яе аўтар наводзіць свайго чытача на думку, што і такога, хай яшчэ і духоўна слабасільнага чалавека, зусім непажадана губляць з поля зроку і адгароджвацца, адасабляцца ад яго глухой сцяной высакамернасці, індыферэнтнасці і пагарды.
Такія і падобныя дэталі і эпізоды, на якіх С.С. Лаўшук умее спыніць увагу і акінуць панараму мастацкай карціны аб'ектыўным аналітычным поглядам, маюць немалую каштоўнасць і ў адносінах пашырэння і паглыблення метадалагічных падыходаў у асэнсаванні літаратурнай класікі, якая, на жаль, у ацэнках асобных крытыкаў і літаратуразнаўцаў недаацэньваецца і падпадае пад залішне моцны ўплыў тэндэнцыйнай суб'ектывізацыі і ідэалагізацыі.
У апошнія гады неаднойчы, да прыкладу, можна было пачуць рашучыя і патрабавальныя галасы на карысць таго, што ў ранейшае, сталае словазлучэнне "рэвалюцыйныя дэмакраты" ў адносінах да характарыстыкі творчасці Я. Купалы і Я. Коласа дарэвалюцыйнага перыяду, першае слова "рэвалюцыйныя" трэба цалкам закрэсліць, як быццам бы не адпаведнае ключавой сутнасці іх ідэйна-эстэтычных і светапоглядных прынцыпаў Безумоўна, пагадзіцца з такімі меркаваннямі было б сур'ёзнай памылкай. I пазбегнуць яе, не трапіць у цянёты "ультрадэмакратычных" ілюзій у многім дапамагаюць нам арыентаваныя на аб'ектыўнае навуковае асэнсаванне беларускай нацыянальнай гісторыі і грамадскай думкі глыбокія і змястоўныя працы С.С. Лаўшука.
Я. Купала і Я. Колас у той або іншай ступені ніколі не пераставалі быць у сваёй дакастрычніцкай творчасці рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Але відавочным з'яўляецца і тое, што эеалюцыйны, спакойны характар разеіцця грамадстеа і бяскроўнае вырашэнне няпростых пытанняў жыцця паступоеа станаеілася для іх найбольш прыцягальнай формай грамадскага ідэалу і перабудоеы жыцця. Яны, гаворачы словамі сучаснага філосафа В. Бібіхіна, глыбока ўсведамлялі тую непахісную агульначалавечую і хрысціянска-гуманістычную ісціну, што "ўсё тое, што забудоўваецца сілай, не становіцца падзеяй ці становіцца зусім не той падзеяй, якую хацелі бачыць яго забудоўшчыкі". Такі пункт погляду навукова адстойвае і С.С. Лаўшук, знаходзячы ўдалыя і пераканальныя павароты мастацка-драматургічнай думкі нашых класікаў у бок не распальвання канфліктаў і нізкіх чалавечых інстынктаў, а ў пошуку найболып аптымальных і дружалюбных дзеянняў і рашэнняў, скіраваных на ўзаемапаразуменне, прымірэнне і кампрамісы.
Разам з тым як даследчык драматургіі С.С. Лаўшук пераканальна даказвае, што бесканфліктнасць у дадзенай жанравай сістэме пагражальна небяспечная для існавання самога жанру. Не трэба толькі тут, як вынікае з яго разваг, груба і просталінейна суадносіць канфлікты і калізіі жыцця з мастацкай формай іх выяўлення і штучна падштурхоўваць рэальную рэчаіснасць да напалу эмоцый, пашырэння і паглыблення прасторы супярэчнасцей і смуты. Ды і на самай справе нам гэта не патрэбна было ўчора і няма неабходнасці ў гэтым сёння. I сёння нават у болыпай ступені, чым учора, таму што ў цяперашні час асабліва востра адчуваецца зацікаўленасць Рэспублікі Беларусь у кансалідацыі, салідарызацыі, згуртаванні і аб'яднанні ўсіх, актыўна скіраваных на яе дынамічнае адраджэнне і ўмацаванне дзяржаўнага статусу сіл.
Зыходзячы, як відаць, з такіх меркаванняў, С.С. Лаўшук завастрае ўвагу ва ўсіх сваіх важнейшых працах на асэнсаванні старой, як свет, і ў той жа час амаль заўсёды маладой дыскусійнай праблемы, якая датычыцца дыялагічных суадносін традыцый і наватарства ў літаратуры і літаратурнай тэорыі. Трэба прызнаць, што на гэтай пляцоўцы ўсё яшчэ не дужа спакойна. Пэўнай частцы пераважна маладой генерацыі нашых пісьменнікаў часам здаецца, што літаратурная традыцыя, уключаючы і вяршынныя класічныя напрамкі, павінна быццам бы неадкладна, без асаблівых зацяжак адступіць перад новымі постмадэрнісцкімі формамі і парадыгмамі мастацтва і літаратуры. Не менш радыкальна настроены тут і некаторыя тэарэтыкі постмадэрнізму.
Прыкладаючы стараннасць як мага шырэй і паўней ахапіць агульную панараму развіцця беларускай (і не толькі беларускай) драматургіі XX ст., С.С. Лаўшук аналітычна закранае і ў чымсьці падобныя з'явы, падкрэсліваючы пры гэтым, што імкненне да пошуку новай ці істотна абноўленай выяўленча-эстэтычнай і метадалагічнай сістэмы закладзена ў самой прыродзе мастацкага слова. Там, дзе гэта слова пачынае "засынаць" ці залішне ганарыцца сваімі ранейшымі дасягненнямі, нярэдка надыходзіць для яго цяжкі, а іншы раз і небяспечны застойны перыяд.
Усе нашы таленавітыя драматургі (У. Галубок, Ф. Аляхновіч, Я. Купала, К. Крапіва, А. Макаёнак і інш.) знаходзіліся, як сведчыць іх творчасць, удумліва прааналізаваная ў працах С.С. Лаўшука, у няспынным пошуку новых праблемна-тэматычных напрамкаў і нетрафарэтных жанрава-стылявых рашэнняў Гэты іх шлях, і асабліва дарога, якая вяла да сур'ёзных і арыгінальных мастацкіх адкрыццяў, амаль заўсёды быў шляхам пераадолення мноства бар'ераў і цяжкасцей аб'ектыўнага і суб'ектыўнага характару "Своеасаблівым актам нязгоды з афіцыёзам было напісанне Я. Купалам трагікамедыі "Тутэйшыя". Немалой грамадзянскай мужнасцю трэба было валодаць і В. Шашалевічу, каб у складаны і цяжкі для краіны час "кінуць выклік сталінскаму раз-бою" ў сваёй вядомай п'есе "Сімфонія гневу". I гэта толькі маленькая частка прыкладаў, якія красамоўна сведчаць пра тое, што свежае наватарскае слова ў літаратуры, у тым ліку і ў драматургічным жанры, нараджалася, фарміравалася і намацавала выхад на плённую сустрэчу з чытачом і гледачом праз супраціўленне і пераадоленне рознага "гатунку" стэрэатыпаў, дагматычнай аднабаковасці і вузкасці ў разуменні і асэнсаванні жыцця кімсьці іншым, не выключаючы падчас і сваёй уласнай непадрыхтаванасці да вырашэння і асэнсавання пэўных праблем і пытанняў.
Дастаткова поўна і глыбока асвятляецца ў артыкулах і манаграфічных даследаваннях С.С. Лаўшука і гэты важны аспект творчай эвалюцыі нашых драматургаў, калі некаторым з іх даводзілася якраз прыкладаць немалыя сілы, каб вывесці са звыклай і знаёмай каляіны свой талент і аснасціць, узбагаціць і ўзброіць яго новым бачаннем і болей дасканалымі спосабамі адлюстравання і пазнання рэчаіснасці і чалавека. Паказальным у гэтых адносінах можа быць яго аналітычны роздум пра п'есу старэйшыны беларускай драматургіі К. Крапівы "Брама неўміручасці". Вучоны падкрэслівае, што "сама камедыя стала для аўтара п'есай-пераадоленнем. Пераадоленнем ранейшай творчай манеры, прывычных выяўленчых прыёмаў і г. д.". Пераадольваючы, аднак, нешта звыклае, знаёмае і ў нейкай меры, можа быць, нават стэрэатыпнае ў працэсе пошуку новай выяўленча-мастацкай палітры, К. Крапіва, як гэта справядліва заўважае даследчык яго п'есы С.С. Лаўшук, застаецца ў той жа час нязменна верным прынцыпу наладжвання і падтрымлівання глыбокай сэнсавай сувязі паміж мастацкім прыёмам і рэчаіснасцю, што, дарэчы, з'яўляецца і важнейшай эстэтычнай прыкметай перадавой нацыянальнай і сусветнай літаратурнай традыцыі ва ўсіх яе мнагастайных жанрава-стылёвых і метадалагічных праявах. Гэта, вядома, і той павучальны ўрок, які наўрад ці трэба забываць і сёння, нават узыходзячы на самыя высокія вяршыні творчага эксперымента і пошуку наватарскіх прыёмаў.
Як вучоны-гуманітарый С.С. Лаўшук не лічыць, аднак, што аб'ектыўнасць у літаратуры адэкватна нейкаму прыземленаму капіраванню і праявам жыцця ў формах самога жыцця. На шэрагу літаратурных прыкладаў ён пераканаўча паказвае важную ролю ў драматургіі прынцыпаў сцэнічнасці, рухомага і дынамічнага сюжэтнага дзеяння, займальнасці, сімволіка-алегарычнай метафарычнасці і г. д. Так, напрыклад, ён спасылаецца на выказванне Карскага, які вельмі высока цаніў драматургічнае майстэрства Ф. А ляхновіча за сцэнічнасць яго п'ес "На Антокалі", "Шчаслівы муж", "Цені" і інш., а самога стваральніка называў "найлепшым беларускім акцёрам". Але фактары сцэнічнасці і розныя эксперыментальныя спробы ў канчатковым выніку маюць сваю вагу ўсё ж тады, калі галоўная думка п'есы аб'ядноўвае ўсе яе адгалінаванні ў напружаны вузел сюжэтнай сістэмы, схоплівае глыбінную сутнасць чалавечых характараў і ўнутраную прычынную сувязь з'яў Менавіта такім звышзадачам, як заўважае С.С. Лаўшук, падпарадкоўваў усе свае найбольш важныя і наватарскія рашэнні сацыяльных праблем і "смелыя эксперыментальныя пошукі ў галіне драматургічнай жанравай формы" А. Макаёнак, выкарыстоўваючы ўсё гэта "для болып дакладнай мастацкай аргументацыі пэўнай, канкрэтнай думкі, якую хацеў данесці і сцвердзіць".
С.С. Лаўшук і сёння знаходзіцца ў прадукцыйнай творчай форме. У многім менавіта яму належала ініцыятарская роля ў выкананні такіх актуальных і запатрабаваных грамадскім і літаратурным часам праблемных пытанняў, як "Вытокі мужнасці спасцігаючы" (пад такім загалоўкам у 2004 г. выйшла грунтоўная манаграфія), "Выяўленча-мастацкія, арганізацыйныя і ідэалагічныя прабле-мы сучаснай беларускай літаратуры ў яе сувязях з грамадскімі практыкамі" (на аснове гэтага даследавання ў маі 2009 г. праведзена шырокамаштабная, Рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя). На цяперашні момант С.С. Лаўшук таксама заняты распрацоўкай надзённай і важнай літаратуразнаўчай праблемы "Сучасная беларуская драматургія: змены аксіялагічных падыходаў", пазапланава рыхтуе да выдання дадатковы том па "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя".
Пад час юбілейнай даты нам хацелася б пажадаць Сцяпану Сцяпанавічу духоўнай акрыленасці, фізічнай моцы, творчага настрою і здзяйснення ўсіх яго жаданняў, намераў і планаў.
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі
Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 18 кастрычніка 2009 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2009 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2009 Выдавецкі дом "Беларуская навука"