Вучоныя Беларусі: Леанід Фёдаравіч Яўменаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы
Вучоныя Беларусі: Леанід Фёдаравіч Яўменаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

| Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУКВыдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Асобны артыкул з нумара 3, 2007 (С. 124--125)
ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI
Тузава Т.М., Лазарэвіч А.А.
Леанід Фёдаравіч Яўменаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння).
Паэт, філосаф, педагог -- у гэтых трох іпастасях найбольш яскрава выяўляюцца шматгранная навуковая і педагагічная дзейнасць, багаты творчы вопыт і яскравы ўнёсак у нацыянальную культуру вядомага беларускага вучонага, доктара філасофскіх навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Леаніда Фёдаравіча Яўменава.
Леанід Фёдаравіч нарадзіўся 22 ліпеня 1932 года ў г. Чэрыкаве Магілёўскай вобласці. У 1955 г. скончыў Белдзяржуніверсітэт, у 1961 г. -- Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1963--1964 гг. стажыраваўся ў Сарбоне. У 1955--1958 гг. працаваў сакратаром Мінскага гаркома ЛКСМБ. У 1961--1970 гг. -- старшы выкладчык, дацэнт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў У 1970--1971 гг. лектар ЦК КПБ. У 1971--1974 гг. працуе ў Парыжы ў якасці супрацоўніка аддзела філасофіі Дэпартамента гуманітарных навук і культуры Сакратарыята ЮНЕСКА. Прадстаўляючы БССР у Камісіі ААН па правах чалавека, быў старшынёй гэтай камісіі. Удзельнічаў у пасяджэннях Генеральнай Асамблеі ААН, у рабоце Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, шматлікіх міжнародных форумаў па правах чалавека (у т. л. Сусветнай канферэнцый па правах чалавека ў 1993 г.). 3 1975 г. -- дацэнт, загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта. У 1977 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1979 г. атрымаў навуковае званне прафесара. У 1979--1982 гг. -- загадчык сектара Інстытута філасофіі і права АН БССР. 3 1982 г. -- загадчык Аддзела навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках АН БССР і адначасова загадчык сектара навукова-метадалагічных праблем інфармацыі. 3 1991 г. -- член-карэспандэнт АН Беларусі. 3 2002 г. -- загадчык кафедры Беларускага інстытута правазнаўства, у цяперашні час -- прафесар кафедры філасофіі і паліталогіі гэтага інстытута. Міжнародны чалавек года (1998--1999, 1999--2000) па намінацыі Міжнароднага бібліяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Англія).
Навуковыя інтарэсы Л.Ф. Яўменава вельмі шырокія -- ад сучаснай заходнееўрапейскай філасофіі (гэта, у прыватнасці, немарксісцкія канцэпцыі дыялектыкі, праблемы сацыяльнай філасофіі, ідэалогіі і філасофіі палітыкі ў замежнай філасофіі XX стагоддзя) да праблем адчужанасці і правоў чалавека, тэорыі глабалізацыі і стратэгіі міжнародных адносін.
Л.Ф. Яўменаў -- аўтар больш як 200 навуковых і навукова-публіцыстычных работ, у т. л. 7 манаграфій, а таксама кніг паэзіі. Асноўныя філасофскія работы аўтара -- "Дыялектыка і рэвалюцыя" (Мн., 1964), "Філасофія антымарксізму і дыялектыка" (Мн., 1981), "Антыгуманістычныя тэндэнцыі сучаснага буржуазнага мастацтва" (Мн., 1983), "Актуальныя праблемы контрпрапаганды" (Мн., 1985), "Татальны крызіс і правы чалавека" (Мн., 1996), "Міжнародная ідэалогія правоў чалавека: праблемы -- вырашэнні" (Мн., 2000), "Творы. У пяці тамах" (Мн., 2006).
Гэтыя працы розных гадоў прысвечаны найбольш актуальным праблемам інтэлектуальнага клімату эпохі, у іх аналізаваліся дыскусійныя пытанні, якія вызначалі змест дыялогу айчынных і заходніх філосафаў і метадолагаў сярэдзіны XX ст. Зроблены ў першай філасофскай манаграфіі "Дыялектыка і рэвалюцыя" аналіз канцэпцый дыялектыкі ў французскай філасофіі 50-70-х гг. мінулага стагоддзя прывёў яе аўтара да вываду аб іх агульнай скіраванасці на адхіленне знакамітага афарызму "дыялектыка -- алгебра рэвалюцыі". У манаграфіі "Філасофія антымарксізму і дыялектыка" вучоны імкнецца адшукаць тое агульнае, што аб'ядноўвае канцэпцыі дыялектыкі розных плыняў і школ сучаснай заходняй філасофіі, і класіфікуе гэтыя агульныя акцэнты як гнасеалагізацыю, сінгулярызацыю і рэлятывізацыю дыялектыкі. У працы "Антыгуманістычныя тэндэнцыі ў сучасным мастацтве" даследуецца феномен пераўтварэння свету чалавека ў хаос і абсурд, а самога чалавека ў безаблічнае нішто.
Як адзначае аўтар, нягледзячы на тое, што палеміка з заходнімі апанентамі ў тыя гады была прасякнута ідэйнымі напластаваннямі часу і вызначалася аргументацыяй ад сацыяльных ідэалаў, а не ад сацыяльных рэалій савецкага сацыялізму, дыскусіі тых гадоў па праблемах дыялектыкі і сёння ўяўляюць пэўную каштоўнасць для яе даследчыкаў, а аўтарскі аналіз праблем дыялектыкі, зроблены з пазіцый марксісцкай анталогіі і метадалогіі, і сёння ўяўляе навуковы інтарэс для спецыялістаў Мы ўжо не кажам аб тым, што інтэлектуальная гісторыя народа і эпохі, гісторыя індывідуальнага жыцця і творчага лесу -- найбагацейшы матэрыял для разумення прычын таго каласальнага разлому гісторыі, грамадства, чалавечага духу на рубяжы стагоддзяў і тысячагоддзяў, сведкамі і ўдзельнікамі якога мы ўсе з'яўляемся.
I трэба мець нямала шчырасці і мужнасці, каб сёння не толькі памятаць, але і патрабаваць не забываць пра тыя часы. I каб напісаць: "Нам не варта забываць, адкуль мы прыйшлі СЁННЯ, з рэшткамі якой спадчыны ўвойдуць нашыя дзеці і ўнукі ў БУДУЧЫНЮ".
Гэта -- з манаграфіі Л.Ф. Яўменава "Татальны крызіс і правы чалавека", свайго роду пераходнага этапу ў філасофскай і палітычнай эвалюцыі аўтара. Кніга "Міжнародная ідэалогія правоў чалавека: праблемы -- вырашэнні" адкрывае серыю прац, прысвечаных праблеме правоў чалавека, якая захапіла аўтара з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Падрыхтаваны ім у 1963 г. варыянт доктарскай дысертацыі "Сацыялізм і праблема адчужанасці" быў зняты з абмеркавання на кафедры філасофіі Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС з прычыны закрыцця тэмы адчужанасці -- гэтага зваротнага боку праблемы правоў чалавека -- для дысертацыйных даследаванняў ідэалагічнымі службамі.
Надзвычай перспектыўнай і актуальнай для сучаснай сітуацыі ў свеце з'яўляецца ідэя, якую распрацоўвае Л.Ф. Яўменаў, аб тым, што праз прызму праблемы правоў чалавека высвятляецца глыбінная праўдзівасць дэмакратызму і гуманнасць любога праекта грамадскай перабудовы, любой сацыяльна-палітычнай рэальнасці. "Чалавек з нерэалізаванымі або неразвітымі, збяднелымі правамі, што імкнуцца практычна да сваёй адсутнасці, уяўляе сабой такое нешта, для якога ўласцівы стан безабавязанасці і безадказнасці, прагрэсіруючай сацыяльнай пасіўнасці і паўсядзённай агрэсіўнасці -- разлажэнне і дэградацыя асобы". Шмат каштоўнага змяшчаецца і ў аналізе Л.Ф. Яўменавым карэляцыі паміж годнасцю і свабодай асобы, у выяўленні дыялектыкі яе правоў і абавязкаў.
I менавіта праз праблему правоў чалавека паказвае вучоны татальны крызіс чалавечай цывілізацыі ў серыі сваіх работ, характарызуючы іх як навуковую публіцыстыку -- спецыфічны жанр навуковай творчасці, які аб'ядноўвае публіцыстыку (у той ступені, у якой яны -- адлюстраванне і апісанне аператыўных падзей жыцця грамадства) і навуку (у той ступені, у якой у іх дадзены аб'ектыўны аналіз і сінтэз з'яў грамадскага быцця). Гэта -- навука, звязаная з бягучым момантам грамадскага быцця, і якая таму не акцэнтуе выключна тэарэтычныя механізмы даследавання, але толькі зыходзіць з іх; гэта -- публіцыстыка, якая, аднак, не ставіць сваёй галоўнай мэтай пачуццёвую насычанасць таго, пра што апавядаецца.
Тонкім лірызмам і чалавечнасцю, трапяткой любоўю да Радзімы і чалавека -- блізкага і далёкага, спачуваннем да гора і болю іншага напоўнена паэзія Л.Ф. Яўменава. Яго вершы прасякнуты тым бязмежным і шчырым шанаваннем Жанчыны, якое заўсёды так радуе, захапляе і вабіць у жывых адносінах з ім -- вучоным, паэтам і чалавекам.
Нязменна ўласцівы Л.Ф. Яўменаву дэмакратычны стыль кіравання і яго арганізацыйны талент, яго жывая манера зносін і здольнасць натхніць і аб'яднаць вакол сябе маладыя навуковыя кадры, яго гатоўнасць дапамагчы маладым супрацоўнікам словам і справай, адкрытасць, добразычлівасць і патрабавальнасць, а таксама высокі прафесіяналізм і жывы інтарэс да найноўшых тэндэнцый у сусветнай філасофскай думцы спрыялі актыўнаму не толькі прафесійнаму, але і асабістаму станаўленню і росту маладых супрацоўнікаў кіруемых ім навуковых падраздзяленняў. I сёння розум і праніклівасць, дасціпнасць і тактоўнасць, цеплыня і чалавечая дабрыня таленавітага паэта, вучонага і педагога Л.Ф. Яўменава дапамагаюць яго маладым вучням і калегам у пошуках справядлівасці, ісціны і святла. Гэта -- мудрасць, якую мы прадчуваем ужо ў словах: "У свеце не ўсё так цудоўна, у свеце не ўсё так дрэнна...".
Пажадаем яскраваму і таленавітаму паэту, філосафу і педагогу моцнага здароўя і новых творчых здзяйсненняў, рэалізацыі тых цікавых задум і ідэй, якія не вычэрпваюцца ў ім і сёння.
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі
Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 21 ліпеня 2007 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2007 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2007 Выдавецкі дом "Беларуская навука"