Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 1, 2002 (pp. 120--121)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Жук В. І.
Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi (Да 80-годдзя з дня нараджэння).

Пiсаць пра Мiхаiла Андрэевiча цяжка i адказна: i не толькi таму, што ён фiгура знакавая ў беларускiм мастацтве, але i па прычыне яго не вельмi прыязных адносiн да крытыкаў, якiх ён аднойчы назваў "людзьмi, што жывуць пры мастаках". Але, паколькi аўтар гэтых радкоў не жыве пры мастаках, то бярэ на сябе смеласць выказаць некаторыя меркаваннi аб гэтым неардынарным чалавеку. Народны мастак СССР, сапраўдны член Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi i Расiйскай акадэмii мастацтваў, лаўрэат дзяржаўных прэмiй СССР, БССР i Рэспублiкi Беларусь -- вось толькi асноўныя вяршынi на творчым шляху майстра. Але iсцi да прызнання давялося доўга: зведаў Мiхаiл Андрэевiч вайну, спазнаў жах i бесчалавечнасць фашысцкiх лагераў смерцi Бухенвальда i Дахау. Гэты жудасны вопыт адыграў iстотную ролю ў станаўленнi яго гуманiстычнага мастацтва, у фармiраваннi яго эстэтычных i чалавечых прынцыпаў.

Культурна-гiстарычная сiтуацыя, што склалася на пачатку 60-х гадоў, спрыяла той iндывiдуалiзацыi творчасцi, якую адстойваў М.А. Савiцкi. Паглыблена-псiхалагiчны падыход да выяўляемага праявiўся ўжо ў карцiне "Партызаны" (1963), дзе мiнулае iмкненне да шматслоўнасцi, дэталёвай акрэсленасцi прасторы, месца i часу змяняюцца лаканiзмам выразных сродкаў, двухмернасцю разгорнутай на карцiннай плоскасцi пра-сторы. Яшчэ больш выразна i паслядоўна развiвае мастак новыя тэндэнцыi жывапiсу пачынаючы з другой паловы 1960-х гадоў. Асобасны пачатак, паглыблена-псiхалапчны падыходда выяўляемага яскрава праявiлiся ў цяпер ужо хрэстаматыйным палатне "Партызанская мадона" (1967). Сюжэт разгорнуты ў некалькiх прасторавых i часавых планах. Спалучэнне ў вобразе мацi з немаўляткам вечнага, сапраўднага i будучага, дае магчымасць мастаку перадаць рух часу, развiццё ўнутранага i знешняга жыцця сваiх герояў. Кампазiцыя набывае сiмвалiчны сэнс, нясе ў сабе маральныя, фiласофскiя iнтэнцыi, што хвалююць кожнага. Няма нiчога дзiўнага ў тым, што М.А. Савiцкi звярнуўся да тэмы вайны, да асэнсавання на фiласофскiм узроўнi тых падзей, сведкам якiх яму давялося стаць. Услед за Францыска Гойя ён з поўным правам мог сказаць: "Я гэта бачыў". Пэўную рысу тэме вайны мастак падвёў у шырока вядомым цыкле карцiн "Лiчбы на сэрцы" (1974--1980) -- своеасаблiвым жывапiсным рэквiеме ахвярам фашызму, мастацкiм абвiнавачваннi гiтлераўскiх нелюдзей. Гэта нават i не тэма вайны, а тое, што, па словах самога мастака, "жудасней самой вайны".

Калi разглядаць гэты перыяд творчасцi, то мастак даволi арганiчна ўпiсваецца ў тагачасныя гуманiстычныя iдэi. Яго мастацтва, хаця i мела свае адметныя рысы, аднак не супярэчыла вядучым тагачасным мастацкiм канцэпцыям. Хаця i яго не мiнулi абвiнавачваннi ў фармалiзме i iдэалагiчнай неадпаведнасцi. Ён заўсёды iмкнуўся раскрыць праўду жыцця праз праўду мастацкiх вобразаў. Гуманiстычнае гучанне яго мастацтва заўсёды вельмi моцнае. Творчы метад М.А. Савiцкага арыентаваны на чалавека, менавiта праз вобразы людзей ён iмкнецца да ўсеагульнасцi. Мастак не апускаецца да дробнага бытапiсу, а ўзносiцца на вяршыню сапраўднай рэалiстычнай праўды. Сваё творчае крэда ён выказаў аднойчы даволi трапна i лаканiчна --"пiсаць не як бачыш, а як ведаеш". Праблема рэалiзму для М.А. Савiцкага цесна звязана з магчымасцямi глядацкага ўяўлення. Карцiны мастака -- гэта нешта большае, чым узнаўленне тых цi iншых фактаў або эпiзодаў. Там заўсёды ёсць тое, што дазваляе iм стаць па iншы бок звычайнага дакументальнага матэрыялу. Сваю задуму мастак як бы бярэ з рэальнай жыццёвай прасторы i пераносiць у прастору жывапiснай iлюзii.

М.А. Савiцкi адзiн з тых мастакоў, што змаглi ўвасобiць найбольш тыповыя рысы нацыянальнага характару свайго народа. Яго творчасць непарыўна звязана з гiсторыяй i лёсам краiны, жывiцца з крынiц народнага жыцця. Яго творчыя прынцыпы i наватарскiя падыходы арганiчна выраслi на цвёрдай глебе нацыянальнага, трывалымi каранямi звязаны з рэалiстычнымi традыцыямi i арганiчна ўваходзяць у сучаснае. Мастак шчыры i гранiчна патрабавальны да кожнай сваёй работы i таму яго мастацтва заўсёды выклiкае цiкавасць гледача. Усiм памятна тое эмацыянальнае ўзрушэнне, што выклiкаў цыкл яго карцiн "Лiчбы на сэрцы".

Жывапiс М. Савiцкага адметны сваёй скiраванасцю да псiхалагiзму i эмацыянальнасцi. Душэўны стан чалавека ў яго апошнiх творах не падаецца як рух, у развiццi, а падкрэслiваецца яго замкнёнасць, застыласць. Яге карцiны з серыi "Чорная быль" знаходзяцца на той гранi памiж праўдай i вымыслам, дзе i нараджаецца мастацтва. У наш час, калi ў мастацтве губляецца грамадзянская пазiцыя мастака, М. Савiцкi застаецца пiыбока сацыяльным, з трывалай фiласофскай i маральнай пазiцыяй. 1 яго новы цыкл карцiн яшчэ раз пацвердзiў гэта: трагедыя Беларусi, пацярпеўшай ад ядзернай бяды, набывае агульначалавечае значэнне, становiцца сiмвалам трагiчных падзей ХХ стагоддзя. Серыя з дзесяцi карцiн ("Эвакуацыя", "Плач аб зямлi", "Рэквiем", "Доля", "Настальпя", "Пакiнутыя", "Вiдушчы", "Крыж надзеi", "Чарнобыльская мадонна", "3абароненая зона") пакiдае пачуццё вострага болю i вiны перад тымi людзьмi, што сталi заложнiкамi абставiн i вымушаны пакiдаць родныя мясцiны. Кожная з кампазiцый трымаецца на адной трагiчнай ноце безвыходнасцi i не пакiдае надзеi на лепшае. 3алiшне фарсiравана пачуццё безнадзейнай пакорнасцi людзей перад бядой. Песiмiстычнае ўспрыманне рэчаiснасцi, бездапаможнасць i безабароннасць чалавека пануюць у цыкле "Чорная быль". Нават у ранейшым цыкле мастака "Лiчбы на сэрцы" за трагiзмам i жахам праглядалася вера ў чалавека, надзея на перамогу святла над цемрай. Апошняй рабоце М. Савiцкага гэтага яўна не стае. Канцэнтрацыя на сугестыўных фактарах жывапiсу, чаму падпарадкаваны ўсе сродкi мастацкай выразнасцi, безумоўна, робiць на гледача моцнае, у некаторай ступенi нават шокавае ўздзеянне. Але цi мае права мастак пакiнуць чалавека сам-насам з бядой, без надзеi на будучае?

У той жа час патрэбна адзначыць высокую культуру выканання, кампазiцыйнае i каларыстычнае майстэрства М. Савiцкага. Твор бездакорна выглядае з прафесiйнага боку, i адзiнае, з чым можна паспрачацца, -- гэта яго фiласофскi i эстэтычны падтэкст. Але Мiхаiл Андрэевiч з яго жыццёвым вопытам, з цвёрдымi, пранесенымi праз гады творчымi i эстэтычнымi прынцыпамi мае на гэта поўнае права. Няма нiчога дзiўнага i ў яго звароце да бiблейскай тэматыкi, дзе ён па-ранейшаму шукае адказ на адвечныя пытаннi пра дабро i зло, iсцiну i праўду, чалавека i бога. Мастак, як заўсёды, ставiць перад сабой звышзадачу -- трансфармаваць евангельскiя мiфы ў мастацкi вобраз, надаць кампазiцыям адчуванне вечнасцi. Серыя "3апаведзi блажэнства" -- новы ўзровень i новая грань творчасцi М.А. Савiцкага, яшчэ адно сведчанне яго ўмення мыслiць вобразамi шырокага, фiласофскага, абагульняючага характару.

Мастацтва М.А. Савiцкага вызначаецца асобым, непаўторным бачаннем свету. Для яго не характэрна каляровае ўвасабленне жыцця, дэкаратыўнасць i шматслоўнасць выказвання. Галоўная асаблiвасць яго карцiн -- iх унутраная напружанасць, дзе схавана гуманiстычная аповесць пра духоўную моц чалавека ў самых экстрэмальных абставiнах. Мiхаiл Андрэевiч Савiцкi --прыклад шчырых i прынцыповых адносiн да людзей i мастацтва, з меркаваннямi якога можна спрачацца, але iх нельга не паважаць. Творчасць М.А. Савiцкага займае пачэснае месца ў выяўленчым мастацтве ХХ стагоддзя. Прыемна асэнсоўваць той факт, што ён наш сучаснiк, што мы пэўным чынам маем дачыненне да гэтага чалавека.

Ад душы пажадаем яму добрага здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымiзму, поспехаў i багатага творчага плёну. Светлых Вам даляглядаў, новых здзяйсненняў i радасцей, шаноўны Мiхаiл Андрэевiч!

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 26 лістапада 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2002-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2002 Выдавецтва "Беларуская навука"