Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

ПРЫРОДНЫЯ РЭСУРСЫ
(Міжведамасны бюлетэнь)

Заснавальнікі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

Асобны артыкул з нумара 4, 1998 (С. 137--140)

(Journal Contents)

Р.Я. Айзберг
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Навуковая грамадскасць краіны адзначыла юбілей Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага -- выдатнага беларускага вучонага-геолага, загадчыка лабараторыі Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, акадэміка, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаурэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР у галіне навукі і тэхнікі, прэміі АН СССР імя М.С. Шацкага, замежнага члена Расійскай акадэміі навук.

Радзім Гаўрылавіч нарадзіўся ў Мінску 7 снежня 1928 г. і правёў тут першыя гады жыцця. Бацька Радзіма Гаўрылавіча -- Гаўрыла Іванавіч -- ужо тады быў вядомым вучоным, адным з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук. Родны брат Гаўрылы Іванавіча -- Максім Іванавіч -- быў выдатнейшым беларускім пісьменнікам. Суровыя 30-я і 40-я гады не абыйшлі ўсю сям'ю Гарэцкіх, што прадвызначыла нялёгкае дзяцінства і складанае качавое жыццё Радзіма Гаўрылавіча. Яму прыйшлося змяніць 13 школ, жыць і вучыцца ў Коле і Туломе, Мядзведжай Гары і Рыбінску, Запарожжы і Салікамску, Чусавым і Чкалаўску і многіх іншых гарадах і пасёлках. Амаль праз сорак гадоў Р.Г. Гарэцкі вярнуўся ў родную Беларусь доктарам навук, вядомым спецыялістам у галіне геатэктонікі і рэгіянальнай геалогіі.

Яшчэ студэнтам Маскоўскага нафтавага інстытута Р.Г. Гарэцкі сумяшчаў вучобу з работай геолагам ва Усесаюзным аэрагеалагічным трэсце. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы ў 1952 г. ён быў прыняты ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР, дзе працаваў да 1971 г. Сумесныя даследаванні пад кіраўніцтвам буйнейшых геолагаў акадэмікаў М.С. Шацкага і А.Л. Яншына былі для Р.Г. Гарэцкага першакласнай геалагічнай школай, дазволілі выявіць яго незвычайныя здольнасці.

Ужо ў першых навуковых працах па тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі Р.Г. Гарэцкі вырашыў шэраг важных пытанняў агульнай і рэгіянальнай тэктонікі, стратыграфіі, літалогіі, палеагеаграфіі, геалогіі карысных выкапняў (асабліва нафтавых і газавых радовішчаў). Разам з акадэмікам А.Л. Яншыным ён унес грунтоўны ўклад у развіццё метадаў тэктанічных даследаванняў і як вынік -- фундаментальная праца "Тэктанічны аналіз магутнасцяў" (1960), у якой у процівагу ўкаранелым уяўленням падкрэслівалася шырокае распаўсюджанне ў геалагічным мінулым з'яў некампенсаванага прагінання, захавання эразійных формаў старажытнага рэльефу, глыбокаводных адкладаў.

З пачатку 60-х гг. Р.Г. Гарэцкі асаблівую ўвагу надае вывучэнню маладых платформаў. Па гэтай праблеме ён надрукаваў шэраг буйных прац, сярод якіх асабліва вылучаецца капітальная манаграфія "Тэктоніка маладых платформаў Еўразіі" (1972), якая атрымала высокую ацэнку навуковай грамадскасці як у нашай краіне, так і за яе межамі. У гэтай шырокавядомай манаграфіі абгрунтаваны асаблівасці будовы і развіцця маладых платформаў як асаблівай катэгорыі тэктанічных элементаў літасферы, вылучана Цэнтральна-Еўразіяцкая платформа ў якасці тэктонатыпу маладых платформаў, а Туранская пліта -- у якасці тэктонатыпу маладых пліт. Працы Р.Г. Гарэцкага па тэктоніцы маладых платформаў Еўразіі былі адзначаны шэрагам прэмій і ганаровых дыпломаў Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды.

Даследаванні маладых платформаў мелі вялікае практычнае значэнне: яны дазволілі высвятліць тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў. У выніку даследаванняў Р.Г. Гарэцкага і яго калег у 1965 г. у Прыараллі быў адкрыты новы газаносны раён.

Важнае месца ў даследаваннях Р.Г. Гарэцкага займае стварэнне тэктанічных карт, якія з'яўляюцца сінтэзам геалагічных фактаў і ідэй. Ён актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій да іх, што ўяўляе сабой абагульненне сабраных на той час матэрыялаў аб будове і гісторыі развіцця зямной кары. За ўдзел у стварэнні Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфіі "Тэктоніка Еўразіі" Р.Г. Гарэцкі разам з шэрагам вучоных удастоены ў 1969 г. Дзяржаўнай прэміі СССР.

У 1971г. пачаўся новы этап у навуковай дзейнасці Р.Г. Гарэцкага, звязаны з Беларуссю. У снежні таго года ён вярнуўся ў Мінск і стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У хуткім часе Р.Г. Гарэцкі зрабіўся прызнаным лідэрам тэктанічнай школы Беларусі і Прыбалтыкі. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзяць праблемы тэктонікі старажытных платформаў, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі.

У 1972 г. Радзім Гаўрылавіч быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. Тады ж па яго ініцыятыве была арганізавана Камісія па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі Міжведамаснага тэктанічнага камітэта СССР. Да 1991 г. камісія кожны год праводзіла нарады па праблемах тэктонікі захаду Усходне-Еўрапейскай платформы, каардынавала і накіроўвала даследаванні многіх геолагаў рэгіёну.

У 1976 г. калектыў спецыялістаў пад кіраўніцтвам Р.Г. Гарэцкага стварыў Тэктанічную карту Беларусі і сумежных тэрыторый маштабу 1:500 000 і манаграфію "Тэктоніка Беларусі". У гэтай працы быў абагульнены велізарны фактычны матэрыял, назапашаны геолагамі Беларусі, Прыбалтыкі і заходніх абласцей Расіі. Быў прапанаваны новы метад складання тэктанічных карт, асноўным прынцыпам якога было раянаванне тэрыторыі па ўзросце галоўнага этапа фарміравання платформенных структур. Гэты прынцып быў у далейшым скарыстаны пры складанні тэктанічных карт нафтагазаносных абласцей. Названая манаграфія -- першая зводка, у якой апісаны будова і этапы развіцця структур фундамента і чахла захаду СССР, шэраг актуальных тэарэтычных праблем тэктонікі старажытных платформаў і тэктанічныя заканамернасці размяшчэння карысных выкапняў у зямной кары Беларусі.

У 1978 г. Р.Г. Гарэцкі разам з групай вучоных і геолагаў-практыкаў быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР за стварэнне Тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію "Тэктоніка Беларусі".

Этапным у навукова-арганізацыйнай дзейнасці Р.Г. Гарэцкага быў 1977 г., калі ён быў абраны правадзейным членам АН БССР па спецыяльнасці "геалогія" і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. З гэтага часу кола яго абавязкаў і навуковых праблем значна пашырылася. Кіраўніцтва інстытутам Р.Г. Гарэцкі ажыццяўляў на працягу 16 гадоў, аж да абрання яго віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Важнае месца ў дзейнасці Р.Г. Гарэцкага занялі сумесныя працы з замежнымі геолагамі, якія ён пачаў у сярэдзіне 60-х гг. у Геалагічным інстытуце АН СССР вывучэннем палеазаід Еўразіі. Асабліва плённым супрацоўніцтва было ў перыяд 1975--1986 гг. у працэсе реалізацыі праекта № 86 Міжнароднай праграмы геалагічнай карэляцыі "Усходне-Еўрапейская платформа (паўднёва-заходні край)". Распрацоўка гэтай актуальнай праблемы патрабавала сінтэзу геалагічных матэрыялаў па будове і развіцці велізарнай тэрыторыі Еўропы: заходняй часткі СССР (Малдавія, Украіна, Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, заходнія вобласці Расіі), Румыніі, Польшчы, Чэхаславакіі, ГДР, ФРГ, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, часткі Францыі -- гэта значыць ад бартоў Балтыйскай сінеклізы, Беларускай антэклізы, Украінскага шчыта і Дабруджы на ўсходзе да варысцыйскіх збудаванняў Сярэдняй Еўропы і каледанід Англіі на захадзе, уключаючы і акваторыю Паўночнага мора. Р.Г. Гарэцкі -- адзін з кіраўнікоў гэтага міжнароднага праекта -- узначаліў даследаванні па тэрыторыі СССР і непасрэдна кіраваў тэктанічным напрамкам праекта.

Адзін з асноўных вынікаў гэтай працы -- складанне і выданне Тэктанічнай карты паўднёва-заходняй ускраіны Усходне-Еўрапейскай платформы маштабу 1:1 500 000 (галоўны рэдактар Р.Г. Гарэцкі). На карце знайшлі адлюстраванне асаблівасці глыбіннай будовы і тэктанічнай эвалюцыі ўсяго рэгіёну, а на спецыяльных дадатках паказаны структуры паверхні Махаровічыча, тэктанічнае раянаванне фундамента і чахла і інш.. Атрыманыя вынікі далі магчымасць істотна паглыбіць уяўленне аб тэктоніцы Еўропы. Важны вынік працы --комплекс літолага-палеагеаграфічных карт Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Р.Г. Гарэцкі ўнёс значны ўклад у вучэнне аб платформах. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на галоўныя структуры платформаў: аўлакагены, сінеклізы, антэклізы, зоны перыкратонных апусканняў. У спецыяльных працах была выканана класіфікацыя сінекліз і антэкліз, раскрыты рысы іх развіцця. Разам з В. С. Клушыным ён упершыню паказаў галоўную ролю лістрычных разломаў у будове і развіцці Прыпяцкага палеарыфту, а разам з іншымі калегамі -- праблему лістрычнай тэктонікі платформаў наогул. Вялікае значэнне ён надае інтэрпрэтацыі геафізічных матэрыялаў, вывучэнню глыбіннай будовы і геадынамікі платформаў, іх сейсматэктанічаму раянаванню. Вынікам мэтанакіраваных даследаванняў стала выданне пры ўдзеле і навуковым рэдагаванні Р.Г. Гарэцкага манаграфій "Тэктоніка Прыпяцкага прагіну" (1979), "Палеатэктоніка Беларусі" (1983), "Тэктоніка Аршанскай упадзіны" (1985), "Тэктоніка захаду Усходне-Еўрапейскай платформы" (1990), "Некампенсаваныя прагіны Усходне-Еўрапейскай платформы" (1990), "Глыбінная будова і дынаміка зямных нетраў тэрыторыі Беларусі" (1991), "Тэктоніка Прыпяцкага прагіну і паўночнай прыбортавай зоны Прыкаспійскай упадзіны" (1995), "Геафлюідадынаміка і нафтаўтварэнне" (1997).

Радзім Гаўрылавіч заўсёды цікавіўся праблемамі саляной геалогіі і галакінезу. Вывучэнне Прыпяцкага солероднага басейна дазволіла вызначыць заканамернасці распаўсюджвання, будовы, складу і ўтварэння дэвонскіх соленосных фармацый. Вынікам даследаванняў, якія былі праведзены разам з В.З. Кіслікам, Э.А. Высоцкім, Н.С. Пятровай і іншьімі, з'явілася выданне трох манаграфій: "Дэвонскія саляносныя фармацыі Прыпяцкага прагіну" (1982), "Калийныя солі Прыпяцкага прагіну" (1984), "Калияносныя басейны свету" (1988).

Даследаванні Р.Г. Гарэцкім маладых і старажытных платформаў прынеслі значныя практычныя вынікі. Яны знаходзяццца ў аснове навуковага прагнозу многіх карысных выкапняў такіх тэрыторый, як Туранская пліта, Прыкаспійская ўпадзіна, захад Усходне-Еўрапейскай платформы (нафта і газа, калійная і каменныя солі, аалітавыя жалезныя руды, вугаль, падземныя пітныя воды і расолы і інш.).

Вывучаючы тэктоніку захаду Усходне-Еўрапейскай платформы, Р.Г. Гарэцкі даў характарыстыку тэктанічным заканамернасцям размяшчэння шэрагу відаў мінеральнай сыравіны. З калектывам беларускіх геолагаў ён распрацаваў новае нафтагеалагічнае раянаванне Прыпяцкага прагіну і абгрунтаваў асноўныя напрамкі нафтапошукавых работ. Пры гэтым была звернута ўвага на важнасць сейсмастратыграфічных метадаў занальнага і лакальнага прагнозаў пошукаў радовішчаў нафты і газа. Разам з геолагамі-нафтавікамі Беларусі, Літвы і Украіны ён удзельнічаў у падрыхтоўцы фундаментальнай манаграфіі 'Теалогія і нафтагазаноснасць захаду Усходне-Еўрапейскай платформы". Новыя метадычныя прыёмы пошукаў радовішчаў нафты, якія былі распрацаваны ім разам з калегамі-геолагамі, былі абаронены 5 аўтарскімі пасведчаннямі аб вынаходніцтве.

У 90-х гг. Р.Г. Гарэцкі працягваў актыўна ўдзельнічаць у буйных міжнародных навуковых праектах. Ён быў адным з лідэраў савецкай, а затым беларускай частак праектаў "Еўрапроба" і "Еўрабрыдж", якія аб'ядналі геолагаў і геафізікаў шэрагу еўрапейскіх краін. У выніку праз тэрыторыю Беларусі быў праведзены геатрансект з комплекснымі геолага-геафізічнымі даследаваннямі па двух напрамках: Варэна -- Нясвіж -- Выступовічы і Бабруйск -- Лельчыцы. Асабліва важнымі для выяўлення глыбіннай будовы былі сейсмічныя і. магніта-тэлурычныя зандаванні. Вынікі гэтых даследаванняў уносяць фундаментальны ўклад у веданне структуры і эвалюцыі літасферы захаду Усходне-Еўрапейскай платформы.

У 1993 г. у час Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў Парыжы Р.Г. Гарэцкі прапанаваў правесці комплекснае даследаванне найноўшай геадынамікі Цэнтральнай Еўропы ў сувязі з праблемай паходжання катлавіны Балтыйскага мора. Гэтая прапанова была падтрымана і набыла статус праекта № 346 Міжнароднай праграмы геалагічнай карэляцыі "Неагеадынаміка дэпрэсіі Балтыйскага мора і сумежных абласцей (Неагеадынаміка Балтыкі)". Кіраўнікамі праекта былі зацверджаны Р.Г. Гарэцкі і Э.А. Ляўкоў (Беларусь), Г. Шваб (Германія). У выніку даследаванняў (1994--1998 гг.) геолагамі шэрагу еўрапейскіх краін (Беларусь, Германія, Данія, Літва, Латвія, Польшча, Расія, Украіна) была складзена і апублікавана серыя карт і высветлены асноўныя фактары, якія абумовілі неагеадынамічныя працэсы на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы: уздзеянне падняцця Альпійска-Карпацкага арагену, спадчыннае прагінанне дэпрэсіі Паўночнага мора і Цэнтральна-Еўрапейскай зоны апусканняў, а таксама залажэнне ў сярэднім плейстацэне і фарміраванне Усходне-Балтыйскай рыфтавай сістэмы трайнога сучлянення.

Выдатны ўклад Р.Г. Гарэцкага ў вучэнне аб платформах быў па заслугах адзначаны Прэзідыумам АН СССР: у 1985 г. ён быў удастоены прэміі імя акадэміка М.С. Шацкага за серыю прац па тэктоніцы платформенных абласцей Еўразіі. За поспехі ў развіцці геалагічнай навукі Радзім Гаўрылавіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, дыпломамі гонару, залатым і іншымі медалямі ВДНГ СССР. Р. Г. Гарэцкаму прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.

Р.Г. Гарэцкі -- высокаадораны вучоны. Ён аўтар больш як 500 навуковых прац. Прызнанне навуковых дасягненняў Радзіма Гаўрылавіча знайшло адлюстраванне ў тым, што на працягу 10 год (1982--1992) ён быў намеснікам старшыні, а затым і старшынёй Міжведамаснага тэктанічнага камітэта СССР, членам рэдкалегіі часопіса АН СССР "Геотектоника". У 1994 г. Р.Г. Гарэцкі быў абраны замежным членам Расійскай акадэміі навук, а ў 1996 г. -- членам Амерыканскага геафізічнага саюза.

З 1992 па 1997 г. Р.Г. Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. У гэты час развалу адзінай навуковай прасторы СССР і станаўлення Беларусі як незалежнай дзяржавы Радзім Гаўрылавіч разам з іншымі кіраўнікамі Акадэміі навук Беларусі рабіў усё магчымае для далейшага развіцця беларускай навукі.

У дзейнасці Р.Г. Гарэцкага прыкметнае месца займае папулярызацыя геалагічных ведаў. Ён апублікаваў навукова-папулярныя брашуры, артыкулы і нарысы ў газетах, навуковых і літаратурна-мастацкіх часопісах, часта выступаў з лекцыямі перад самымі разнастайнымі аўдыторыямі. Ён быў членам рэдкалегіі шматтомнай "Энцыклапедыі прыроды Беларусі", а цяпер з'яўляецца членам рэдкалегіі новага выдання Беларускай энцыклапедыі ў 18 тамах.

Па ініцыятыве Р.Г. Гарэцкага з 1994 г. у Беларусі выходзіць новы навуковы часопіс "Літасфера", у якім на беларускай, рускай і англійскай мовах друкуюцца артыкулы па фундаментальных і прыкладных праблемах геалогіі, геафізікі, геахіміі, вучэнні аб карысных выкапнях, інфармацыя аб навуковай і вытворчай дзейнасці геалагічных арганізацый. З самага пачатку галоўным рэдактарам часопіса быў Р.Г. Гарэцкі.

У Радзіма Гаўрылавіча многа вучняў: 27 спецыялістаў-геолагаў пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі ў Мінску, Маскве, Алма-Аце. Гэтыя дысертацыі прысвечаны актуальным праблемам тэктонікі, агульнай і рэгіянальнай геалогіі, геалогіі нафтавых і газавых радовішчаў. Многа гадоў Р.Г. Гарэцкі быў старшынёй спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый, а цяпер узначальвае вучоны савет па абароне доктарскіх дысертацый у ІГН НАН Беларусі.

Дзякуючы энергічным намаганням Р.Г. Гарэцкага, у Беларускім дзяржаўным універсітэце пасля амаль 30-гадовага перапынку зноў пачалася падрыхтоўка геолагаў. Ён арганізаваў кафедру дынамічнай геалогіі, у якой сфарміраваны калектыў высокакваліфікаваных выкладчыкаў, распрацаваны навучальныя праграмы. Многа гадоў ён чытаў лекцыі па агульнай геатэктоніцы, а цяпер да іх далучыліся лекцыі па праблемах асадкавых адкладаў Беларусі.

Асаблівае месца ў жыцці Р.Г. Гарэцкага займаюць праблемы беларускага адраджэння. У гэтым сэнсе ён працягвае традыцыі сваёй сям'і -- выдатнейшых вучоных і асветнікаў: бацькі Гаўрылы Іванавіча і дзядзькі Максіма Іванавіча Гарэцкіх. З 1990 г. Радзім Гаўрылавіч член Рады, а з 1993 г. -- прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Ён актыўна працаваў з беларускай дыяспарай у краінах блізкага і далёкага замежжа, быў адным з арганізатараў з'ездаў беларусаў свету. Ён член рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры і інш. У сваіх шматлікіх выступлениях, публікацыях у газетах і часопісах, многія з якіх сабраны ў асобнай кнізе "Шляхам адраджэння" (1997), Р.Г. Гарэцкі апантана выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры. Гэтай высакароднай мэце прысвечана і новая (1998) кніга Р.Г. Гарэцкага "Ахвярую сваім "Я"... (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)", у якой апісаны трагічны лес самых блізкіх для яго людзей, якія так многа зрабілі для адраджэння вольнай Беларусі.

Захопленасць навукай, арганізацыйны талент, вялікая эрудыцыя і высокія чалавечыя якасці прыцягваюць да Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага ўсіх, хто ведае яго і працуе з ім. Яму ўласцівы інтэлігентнасць і аптымізм, добразычлівасць, дэмакратызм, увага да калег, здольнасць бачыць галоўнае ў складаных праблемах. Р.Г. Гарэцкі -- выдатны вучоны і грамадскі дзеяч. Ён актыўна працуе на карысць роднай краіны, працягвае і развівае лепшыя традыцыі сучаснай навукі і беларускай грамадскай думкі.

(Journal Contents)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: March 29, 2008
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1998-2008 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 Natural Resources