Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк; 17.09.1912, в. Пількаўшчына Мядзелскага р-на Мінскай вобл. - 07.08.1995), паэт, грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972). Народны паэт БССР (1968), Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947-1971 гг., Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1969-1975 гг.
З 1927 г. інструктар ЦК КСМЗБ, у падпольным друку КПЗБ і ў легальных газетах народнага фронту. За ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці ў Заходняй Беларусі арыштоўваўся ўладамі Польшчы. У 1948-1966 гг. галоўны рэдактар часопіса "Полымя", у 1966-1971 гг. першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, у 1971-1990 гг. старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкаваўся з 1932 г. Асноўная тэма яго ранніх твораў - барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне: зборнікі "На этапах" (1936, канфіскаваны), "Журавiнавы цвет" (1937), "Пад мачтай" (1938), паэма "Нарач" (1937). У гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваў гераічную барацьбу савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для пасляваеннай творчасці паэта характэрныя жанравае і стылёвае багацце, псіхалагізм, сінтэз народна-песеннай паэзіі з публіцыстычнай і інтэлектуальна-асацыятыўнай.
Дзяржаўная прэмія СССР 1948 г. за кнігу вершаў "Каб ведалi" (1948). Літаратурная прэмія імя Я. Купалы 1959 г. за зборнік "След блiскавiцы" (1957). Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1966 г. за кнігу паэзіі "Мой хлеб надзённы" (1962). Ленінская прэмія 1978 г. за кнігу "Нарачанскiя сосны" (1972). Літаратурная прэмія імя Фадзеева 1980 г. за кнігу паэзіі "Прайсцi праз вернасць" (1979).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1962, 1967, 1974, 1982), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Чырвонага Сцяга (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1959), медалямі. Ганаровы грамадзянін горада Мінска (1987).
Асноўныя працы:
1. Збор твораў. Т. 1-4. Мн., 1966-1967.
2. Збор твораў. Т. 1-6. Мн., 1978-1981.
Літаратура:
1. Рагойша В. Паэтыка Максiма Танка. Мінск: Выд. БДУ, 1968.
2. Калеснiк У. Максiм Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мінск: Мастацкая літаратура, 1981.
3. Арочка М. Максiм Танк: Жыццё ў паэзіі. Мінск: Навука і тэхніка, 1984.
4. Беларускiя пiсьменнiкi: Бiябiблiяграфiчны слоўнiк. Т. 6. Мн., 1995.
5. Бугаёў Дз.Я. Паэзiя Максiма Танка. 2-е выд. Мінск: Беларуская навука, 2003.
6. Мікуліч М.У. Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2007. №4.