Уладзімір Пятровіч Платонаў (н. 01.12.1939, пас. Стайкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.), матэматык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972; чл.-кар. з 1969), акадэмік АН СССР (1987), Расійскай АН (1991), член Хенаньскай акадэміі навук (1990), замежны член Індыйскай нацыянальнай акадэміі навук (1993), прафесар (1968), доктар фізіка-матэматычных навук (1967). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1982).
Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1961). У 1963-1971 гг. старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры алгебры і тапалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1971 г. загадчык лабараторыі Інстытута матэматыкі АН БССР, у 1977-1992 гг. дырэктар гэтага інстытута. У 1987-1992 гг. прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, у 1992-1996 гг. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі НАН Беларусі. У цяперашні час галоўны навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута сістэмных даследаванняў Расійскай АН. Старшыня Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР (1988-1991), галоўны рэдактар часопіса Даклады АН БССР (1987-1992). Член Прэзідыума АН СССР (1989-1991). У 1989-1991 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. У 1985-1990 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
Даследаванні па алгебры, алгебраічнай геаметрыі, групах Лі, лінейных групах і тапалагічнай алгебры. Стварыў агульны метад даследавання лінейных груп, які базіруецца на алгебра-геаметрычных і тэарэтыка-лікавых ідэях. Рашыў праблему моцнай апраксімацыі ў алгебраічных групах і праблему Кнезера-Цітса, распрацаваў прыведзеную К-тэорыю і рашыў на гэтай аснове праблему Танака--Арціна. Рашыў праблему рацыянальнасці спінорных мнагастайнасцей, даследаваў лакальна-глабальны прынцып, згодна з якім будова груп, зададзеных над арыфметычнымі палямі, вызначаецца будовай іх лакалізацыі над адпаведнымі папаўненнямі. Даказаў асноўную апраксімацыйную тэарэму для лінейных груп з канчатковым лікам утваральных. Сумесна з вучнямі рашыў праблему рацыянальнасці для групавых алгебраічных мнагастайнасцей над лакальнымі і глабальнымі палямі, пабудаваў тэорыю канечнамерных гензелевых целаў, рашыў праблему Гратэндзіка аб праканечных папаўненнях груп і праблему жорсткасці для арыфметычных падгруп алгебраічных груп з радыкалам, развіў мультыплікатыўную тэорыю канечнамерных цел, рашыў праблему арыфметычнасці для поліцыклічных груп.
Аўтар больш за 150 навуковых прац.
Прэмія Ленінскага камсамола 1968 г. за цыкл работ па тапалагічных групах. Ленінская прэмія 1978 г. за даследаванні па алгебраічных групах і прыведзенай К-тэорыі. Прэмія Гумбальдта (Германія, 1993).
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1979).
Асноўныя працы:
1. Теория алгебраических линейных групп и периодические группы // Известия АН СССР. Cерия математическая. 1966. Т.30. №3.
2. Проблема сильной аппроксимации и гипотеза Кнезера-Титса для алгебраических групп // Там же. 1969. Т.33. №6.
3. Проблема Таннака-Артина и приведенная К-теория // Там же. 1976. Т.40. №2.
4. Алгебраические группы и теория чисел. М.: Наука, 1991 (совм. с А.С. Рапинчуком).
5. Linear preserver problems and algebraic groups // Mathemat. Annalen. 1995. Vol.303.
6. The rationality problem for semisimple group varieties // J. Reine Angew. Math. 1998. Vol.504 (совместно с В. Черноусовым)
Літаратура:
1. Владимир Петрович Платонов (К 60-летию со дня рождения) // Весцi НАН Беларусі. Серыя фiзiка-матэм. навук. 2000. №1.
2. Владимир Петрович Платонов (к шестидесятилетию со дня рождения) // Успехи математических наук. 2000. Т.55, вып.3.
/ Аб акадэміі / Прэзідэнты НАНБ з 1928 года