Scientists of Belarus: Dzmitriy Ivanovich Shirakanau (To the 80th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Dzmitriy Ivanovich Shirakanau (To the 80th anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 2, 2009 (pp. 123--124)
SCIENTISTS OF BELARUS
Nikitsenka P. G., Barkou U. F.
Dzmitriy Ivanovich Shirakanau (To the 80th anniversary)
Нікіценка П. Г., Бяркоў У. Ф.
Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў (Да 80-годдзя з дня нараджэння)
Сярод навукоўцаў, якія зрабілі сваёй прафесіяй даследаванне і выкладанне філасофіі, Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў займае унікальнае месца. 3 першых крокаў сваёй навуковай працы ён выступае як самастойна думаючы чалавек, чужы панаваўшаму ў СССР дагматызму выкладчык і даследчык.
Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца членам аўтарскага калектыву фундаментальнай працы "Гісторыя філасофіі" (т. 4--5, 1959--1961), аўтарам 3 індывідуальных манаграфій, адным з аўтараў 15 калектыўных манаграфій, рэдактарам звыш 30 манаграфій, аўтарам больш за 100 іншых навуковых прац. Створаная пад яго кіраўніцтвам манаграфія "Дэтэрмінізм. Сістэмы. Развіццё" ўзнагароджана Дыпломам I ступені і залатым медалём ВДНГ СССР (1987).
Асаблівае значэнне для філасофскай і эканамічнай думкі мае яго доктарская дысертацыя "Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі", якую ён абараніў у 1972 г. Галоўная ідэя ў распрацаванай ім канцэпцыі ўзаемасувязі дыялектычных катэгорый выяўлена ў прынцыпе гістарызму У аналізе развіцця катэгарыяльных структур і сістэмы, што яны ўтвараюць, гэты прынцып дазволіў больш выразна вызначыць асаблівасці пэўных этапаў у развіцці навукі, яе тэорый, метадаў даследавання, высветліць лагічныя структуры, якія характарызуюць стылі мыслення (жорстка дэтэрмінісцкі, імавернасны, кібернетычны), спосабы і формы дэтэрмінацыі, тыпалогію сувязяў, уключаючы няжорсткія формы, дыялектыку неабходнасці і выпадковасці, адзінкавага, асаблівага і агульнага і інш. У яго канцэпцыі каўзальна-дэтэрмінісцкі і структурна-сістэмны падыходы выступаюць як узаемадапаўняльныя прынцыпы пазнання сацыяльна-эканамічнай рэальнасці.
Дзмітрыем Іванавічам даказана аднабаковасць і некарэктнасць формулы "Навука -- вораг выпадковасці", якая доўгі час панавала ў савецкай філасофскай і біялагічнай літаратуры. Разам з тым, ім распрацаваны філасофскія перадумовы матэрыялістычнага разумення працэсаў, якія пазней сталі прадметам новага міждысцыплінарнага навуковага кірунку -- сінергетыкі, што вывучае заканамернасці самаарганізаваных складаных сістэм.
Дзмітрый Іванавіч -- выдатны арганізатар навукі. У 1962 -- 2006 гг. ён займае пасаду загадчыка сектарам, загадчыка аддзелам Інстытута філасофіі і права АН Беларусі, з 1989 па 1994 г. ён з'яўляецца дырэктарам гэтага інстытута. З 2006 г. -- галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі. З'яўляючыся старшынёй Беларускага філасофскага таварыства, старшынёй Беларускага аддзялення Савецкага камітэта гісторыкаў і філосафаў навукі і тэхнікі, ён зрабіў істотны ўнёсак у арганізацыю калектыўнай распрацоўкі фундаментальных праблем у галіне філасофіі і гісторыі навукі, асабіста апублікаваў раздзелы ў "Сусветнай гісторыі філасофіі", "Гісторыі філасофіі ў СССР". Яго працы атрымалі прызнанне ў філасофскіх цэнтрах Расіі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы.
Дзмітрый Іванавіч з'яўляецца адным з заснавальнікаў філасофскай школы, якая распрацоўвае праблемы дыялектыкі, логікі, тэорыі пазнання, метадалогіі навукі і тэхнікі, даследуе гістарычнае развіццё і ўнутраныя ўзаемасувязі філасофскіх катэгорый, іх канструктыўную ролю ў навуковым разуменні рэальнасці. Пад яго навуковым кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена 30 кандыдацкіх і 14 доктарскіх дысертацый. Ён неаднаразова выступаў апанентам дысертацыйных прац. Шмат увагі надае выкладчыцкай дзейнасці, сістэматычна выступае перад навуковай грамадскасцю, аспірантамі, студэнтамі, сумяшчае даследчыцкую працу з выкладаннем як прафесар РІВШ БДУ, прафесар БДУФК.
За навуковую і грамадскую дзейнасць Д.I. Шыраканаў узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны" (1967), Францыска Скарыны (1999), медалём "За доблесную працу" (1970), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1979), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2004).
Глыбокапаважаны Дзмітрый Іванавіч, працуючы з Вамі доўгія гады, мы маглі ў поўнай меры ацаніць Вашы душэўныя якасці і добразычлівасць. Заўсёды радасна сустракацца з Вамі, цудоўным чалавекам, бачыць Вас поўным навуковых планаў і творчых пошукаў, акрыленым і сваімі поспехамі, і поспехамі калег, гатовым у любую хвіліну прыйсці на дапамогу калеге і таварышу.
Дарагі Дзмітрый Іванавіч! У гэты юбілейны дзень прыміце нашы шчырыя віншаванні і пажаданні добрага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту, новых крэатыўных дасягненняў у Вашай шматграннай навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасці. Поспехаў Вам і пастаяннага пачуцця аптымізму і бадзёрасці!
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: July 7, 2009
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2009 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2009 The Belaruskaya Navuka Publishing House