Scientists of Belarus: Mihail Iosifavich Mushinsky (To the 75th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Mihail Iosifavich Mushinsky (To the 75th anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 1, 2006 (pp. 124--125)
SCIENTISTS OF BELARUS
Рагойша В.П.
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі (Да 75-годдзя з дня нараджэння).
Ragoisha V.P.
Mihail Iosifavich Mushinsky (To the 75th anniversary).
Калісьці вялікі ўкраінскі пісьменнік Іван Франко адрозненне літаратурнага крытыка ад гісторыка літаратуры бачыў у тым, што першы "арэ цаліну", у той час як другі "збірае зусім даспелыя плады". У цэлым з гэтым выказваннем можна пагадзіцца. Аднак і гісторык літаратуры -- гэта ў значнай ступені першапраходзец, "першацаліннік", араты літаратурнай цаліны, асабліва ў нашых, беларускіх, умовах, дзе сама гісторыя літаратуры пачала стана віцца на ногі ўсяго толькі недзе сто гадоў таму назад. Пра гэта сведчыць творчы вопыт вядомага беларускага вучонага ў галіне літаратуразнаўства, доктара філалагічных навук, прафесара, член-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа Міхаіла Іосіфавіча Мушынскага, якому нядаўна споўнілася 75 гадоў.
Навуковая дзейнасць выпускніка філалагічнага факультэта БДУ (1955) звязана з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ён вось ужо амаль палову стагоддзя настойліва спасцігае таямніцы гуманітарнай навукі і адначасова перадае веды сваім вучням. Мушынскаму-даследчыку ўласціва імкненне заўжды ісці сваім шляхам, не пратаптанымі сцежкамі, "араць цаліну" -- шукаць новыя падыходы да вывучэння такой складанай матэрыі, якой з'яўляецца мас тацкая літаратура, форма вобразнага спасціжэння навакольнай рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека. Гэтая асаблівасць характару вучонага яскрава праявілася ўжо з першых крокаў яго працы. У 1960-я гады малады навуковец усур'ёз зацікавіўся "творчай гісторыяй мастацкага шэдэўра" (паняцце ўведзена праф. М. К. Піксанавым). Гэты прадуктыўны прынцып вывучэння літаратуры, на жаль, не выкарыстоўваўся тады ў бела рускім літаратуразнаўстве. Дысертацыя М.I. Мушынскага "Творчая гісторыя паэм Якуба Коласа "Новая зямля" і "Сымон-музыка", абароненая ў 1963 г., стала практычным пацвярджэннем плённасці такога даследавання, і ў далейшым яно трывала замацавалася ў айчыннай навуцы, бо пры такім падыходзе з'яўляецца магчымасць вывучаць творчасць пісьменніка не ў статыцы, а ў развіцці, улічваць усю шматстайнасць аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў, якія ўплываюць на эвалюцыю ідэйнай і жанравай за думы твораў, на канчатковыя вынікі працы мастака. Сёння беларускія літаратуразнаўцы могуць пахваліцца значнымі дасягненнямі ў гэтым кірунку.
У 1970-я гады М.I. Мушынскі выступіў паслядоўным прапагандыстам такога дакументальна-літаратуразнаўчага жанру, як "Летапіс жыцця і творчасці пісьменніка". I згаданы тып даследавання таксама не меў тады шырокага распаўсюджвання ў асяроддзі беларускіх навукоўцаў. Уласная праца М.I. Мушынскага "Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа" (1982), пабудаваная на багатым фактычным матэрыяле, і да сённяшніх дзён карыстаецца вялікім попытам у шматлікіх прыхільнікаў таленту народнага песняра.
Змены ў грамадска-палітычным жыцці краіны напрыканцы 1980 -- пачатку 1990-х гг. выклікалі неабходнасць рашучага перагляду многіх застарэлых уяўленняў, спрошчаных ацэнак, вульгарна-сацыялагічных падыходаў да літаратуры. М.I. Мушынскі быў адным з першых сярод тых, хто выступіў з т. зв. "новым прачытаннем" спадчыны. Яго праблемна-аналітычныя артыкулы ("Рэабілітацыя героя", прысвечаны аповесці Я. Коласа "Адшчапенец", 1987; "Ці быў Міхал Тварыцкі ворагам народа", 1989), а затым манаграфіі "I нічога, апроч праўды" (1990), "Нескароны талент" (1991) актыўна садзейнічалі выпрацоўцы новай канцэпцыі развіцця беларускай літаратуры, канцэпцыі, якая ўлічвае эстэтычную прыроду слоўнага мастацтва, не зводзіць яе да механічнага адлюстравання сацыяльных з'яў, грамадскіх падзей.
Галоўным жа аб'ектам вывучэння для М.I. Мушынскага была і застаецца гісторыя беларускай крытыкі і літаратуразнаўства, станаўленне іх метадалогіі, тэарэтыка-метадалагічных прынцыпаў даследавання нацыянальнага прыгожага пісьменства. Ён і ў дадзеным выпадку быў адным з першых, хто ўсур'ёз заняўся грунтоўнай распрацоўкай гэтай сферы дзейнасці беларускіх вучоных, разглядам шляхоў і заканамернасцей развіцця айчыннай навукова-тэарэтычнай і крытычнай думкі. Выкарыстаўшы вялікі фактычны матэрыял, М.I. Мушынскі пераканальна паказаў, што без гісторыі крытыкі нашы ўяўленні пра шляхі, якія прайшла нацыянальная літаратура, вельмі збедненыя, рэальны ж гісторыка-літаратурны працэс больш складаны, супярэчлівы, бо ў гэтым працэсе мелі месца не толькі значныя поспехі, творчыя дасягненні, але і цяжкасці, страты, выпрацоўваліся розныя погляды на літаратуру, яе прыроду, сутнасць, грамадскае прызначэнне, яе ролю ў стварэнні творчага, псіхалагічнага клімату ў пісьменніц кім асяроддзі. Ідэі і меркаванні вучонага сваё канкрэтнае ўвасабленне знайшлі ў дзвюх грунтоўных манаграфіях, якія пабачылі свет адпаведна ў 1975 і 1985 гг. і былі высока ацэнены навуковай грамадскасцю не толькі ў рэспубліцы, але і па-за яе межамі. Даследчыкам з аб'ектыўных пазіцый узноўлены складаны працэс фарміравання беларускай крытычнай і літаратуразнаўчай думкі 20--60-х гг. XX ст., абгрунтавана перыядызацыя працэсу, раскрыты найбольш характэрныя асаблівасці кожнага з выдзеленых этапаў, ацэнена дзейнасць многіх выдатных вучоных, іх роля ва ўзбагачэнні тэарэтычных і метадалагічных асноў крытыкі, гісторыі і тэорыі літаратуры (Я. Карскі, М. Янчук, М. Гарэцкі, I. Замоцін, Я. Барычэўскі, А. Вазнясенскі і інш.). Грунтоўна раскрыты аўтарам манаграфій літаратурны рух 1920-х гг., дзейнасць "Маладняка", "Полымя", "Узвышша", БелАПП, а затым і пісьменніцкага саюза, вядучых перыядычных выданняў. Новы ракурс даследавання крытыкі прадэманстраваў М.I. Мушынскі ў калектыўных "Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" (кн. 2-4, 1994--1995), дзе крытычная
думка выведзена на больш шырокую арэну дзейнасці, паказана як актыўны сродак узаемадзеяння і ўзаемаўзбагачэння літаратур двух славянскіх народаў. своеасаблівым падагульненнем шматгадовых пошукаў вучонага ў абраным кірунку сталі напісаныя ім раздзелы ў новай акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры XX ст." у 4 тамах, 5 кнігах (1999--2003). Тут створаны цэласны малюнак развіцця крытыкі і літаратуразнаўства як арганічнага складніка нацыянальнага пісьменства, як фактару дзейснага ўплыву на літаратурны працэс, раскрыты галоўныя тэндэнцыі і заканамернасці развіцця крытычнай і навуковай думкі.
Каштоўна і тое, што гісторыка-літаратурныя працы М.I. Мушынскага не застаюцца дасягненнем толькі высокай акадэмічнай навукі. Пра гэта сведчаць яго раздзелы ў шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ: "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры": 1917--1941 (1981) і 1941--1980 (1983); "Гісторыя беларускай літаратуры": У 4 кн. (1997--2000). Пяру М.I. Мушынскага належыць багата раздзелаў і ў альтэрнатыўнай праграме-праспекце па беларускай літаратуры для VIII--XI класаў агульнаадукацыйнай школы (творы М. Гарэцкага, Я. Коласа, М. Зарэцкага, К. Чорнага, М. Лынькова, 3. Бядулі, Р. Мурашкі і інш.) ("Роднае слова", 1992—1993).
На працягу амаль чвэрці стагоддзя М.I. Мушынскі працаваў загадчыкам аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле ажыццяўлялася доўгатэрміновая праграма падрыхтоўкі шматтомных навукова-каментаваных выданняў нацыянальнай класікі -- М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, З. Бядулі, К. Чорнага, М. Зарэцкага, I. Мележа, П. Пестрака, М. Лынькова, П. Броўкі, распрацоўвалася канцэпцыя гэтых выданняў, уносіліся прапановы па ўдасканаленні структуры каментарыя і г. д. Да значных навуковых дасягненняў беларускай тэксталогіі і ўсяго літаратуразнаўства трэба аднесці першыя ў гісторыі Беларусі Поўны збор твораў М. Багдановіча ў 3 т. і Поўны збор твораў Я. Купалы ў 9 т. (10 кн.). Тут змешчаны па сутнасці ўсе вядомыя на сённяшні дзень мастацкія творы выдатных песняроў, у тым ліку і тыя, што па розных пры чынах не ўключаліся ў папярэднія выданні. Зборы твораў М. Багдановіча і Я. Купалы -- значная падзея ў навуковым і грамадска-культурным жыцці Беларусі. Яны далі магчымасць убачыць магутныя постаці выдатных паэтаў ва ўсёй іх велічы, годна ацаніць іх уклад у айчынную літаратуру і сусветную культуру. Каб паспяхова ажыццявіць такія Зборы твораў, спатрэбіліся сур'ёзныя арганізацыйна-метадычныя захады кіраўніка праектаў і вялікія намаганні кожнага тэкстолага, дзейсная дапамога работнікаў музеяў М. Багдановіча, Я. Купалы, рэдактараў, архівістаў і выдаўцоў. М.I. Мушынскага цікавілі, аднак, не толькі прыкладныя, але і тэарэтычныя аспекты тэксталогіі. У яго артыкулах "Спадчына Я. Коласа: праблемы аўтарскай творчай волі" (1993), "Дзесяцікніжжа вялікага нацыянальнага паэта" (2005) і іншых публікацыях узнімаюцца вострыя праблемы, якія датычаць усёй беларускай тэксталогіі, акрэсліваюцца кірункі яе далейшага развіцця.
Нягледзячы на салідны ўзрост, М.I. Мушынскі па-ранейшаму актыўна ўдзельнічае ў літаратурным і навукова-грамадскім жыцці рэспублікі. Гэта пацвярджаюць яго выступленні на міжнародных, рэспубліканскіх канферэнцыях. На працягу многіх гадоў Міхась Іосіфавіч з'яўляецца адным з кіраўнікоў Міжнароднага фонду братоў Гарэцкіх, ён актыўны ўдзельнік "Каласавінаў", Купалаўскіх чытанняў, іншых навуковых форумаў, што сістэматычна праводзяць філалагічныя факультэты БДУ, БДПУ імя М. Танка, Брэсцкага універсітэта, літаратурныя музеі. Аблічча Мушынскага як удумлівага крытыка яскрава праявілася ў кнізе яго артыкулаў "Каардынаты пошуку" (1988).
Шмат робіць М.I. Мушынскі і ў галіне падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў. Працяглы час -- ажно 20 гадоў -- ён быў вучоным сакратаром адзінага тады ў рэспубліцы Савета па абароне доктарскіх дысертацый па літаратуразнаўству. У нядаўнім мінулым ВАК Беларусі прызначыла Міхася Іосіфавіча старшынёй экспертнага савета ВАКа па філалагічных навуках. Вялікую дапамогу аказвае ён саветам па абароне дысертацый як афіцыйны апанент. Вядомы Міхась Іосіфавіч і як нястомны прапагандыст невычэрпных духоўных скарбаў беларускага народа -- ён часта выступае па радыё, яго можна сустрэць у студэнцкай аўдыторыі, сярод моладзі, з якой ён ахвотна дзеліцца сваімі ведамі, багатым жыццёвым вопытам. Пажадаем жа маладому душой вучонаму моцнага здароўя і новых поспехаў на шчодрай ніве беларускага літаратуразнаўства.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: June 2, 2007
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2006-2007 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2006 The Belaruskaya Navuka Publishing House