Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only 
   
  Detailed search
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
Website of the First Congress of Scientists of the Republic of Belarus
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus

Scientists of Belarus: Vasilii Kirillovich Bondarchik (To the 85th Anniversary)

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: Vasilii Kirillovich Bondarchik (To the 85th Anniversary)

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 3, 2005 (pp. 117--119)

Journal

SCIENTISTS OF BELARUS

Луцэвіч Т.М.
Васіль Кірылавіч Бандарчык (Да 85-годдзя з дня нараджэння).
Lutsevich T.M.
Vasilii Kirillovich Bondarchik (To the 85th Anniversary).

Сёлета спаўняецца 85 год выдатнаму беларускаму навукоўцу, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару гістарычных навук, прафесару Васілю Кірылавічу Бандарчыку. 50 гадоў яго доўгага і багатага на падзеі жыцця звязаны з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнафафіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. За гэты час Васіль Кірылавіч прайшоў шлях ад аспіранта (1954--1958), потым малодшага навуковага супрацоўніка (з 1958), старшага навуковага супрацоўніка (з 1959) да намесніка дырэктара (1967--1969), дырэктара (1969--1976) і загадчыка адцзела этнаграфіі (1976--1991) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. У 1991 г. В.К. Бандарчык быў пераведзены на пасаду саветніка дырэкцыі, а ў 1997--2005 гг. з'яўляўся галоўным навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута.

Навуковыя ступені і званні, якія мае юбіляр, у пэўнай ступені дазваляюць зразумець тую велізарную працу, якую здзейсніў навуковец на ніве беларускай этналогіі. У 1958 г. В.К. Бандарчык абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную аднаму з выдатных беларускіх этнолагаў -- Еўдакіму Раманавічу Раманаву, і атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук. У 1965 г. адбылася абарона яго доктарскай дысертацыі з прысуджэннем ступені доктара гістарычных навук. У 1972 г. В.К. Бандарчык быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. Навуковае званне прафесара было прысвоена вучонаму ў 1978 г.

Нарадзіўся Васіль Кірылавіч 1 жніўня 1920 года ў вёсцы Цароўцы (Кірава) Слуцкага павета ў сялянскай сям'і. Бацька яго, Кірыл Максімавіч, быў пісьменным чалавекам, нават прыгожа пісаў, ведаў музычную фамату. Пэўны час, яшчэ да нараджэння Васіля Кірылавіча, ён служыў псаломшчыкам у валасной царкве в. Цароўцы. Маці, Марыя Піліпаўна, стала другой жонкай бацькі Васіля Кірылавіча. Яна ўзяла на сябе клопат пра пяцёра дзяцей, якія засталіся ў Кірыла Максімавіча ад першага шлюбу.

Шматдзетная сям'я, якая хутка вырасла да 10 чалавек, зведала шмат цяжкасцей у час калектывізацыі. У першай палове 20-х гадоў у сям'і адабралі сядзібу з добрай хатай і гаспадарчымі пабудовамі. Замест гэтага яны атрымалі невялічкую хатку на краю вёскі. Нягледзячы на гэтыя абставіны, бацька Васіля Кірылавіча не страціў жыццёвага аптымізму. Ён вызначаўся грамадскай актыўнасцю, цягай да творчасці, якія былі закладзены ў яго натуры. Кірыл Максімавіч арганізоўваў мастацкую самадзейнасць, сам у ёй удзельнічаў, а некаторы час і ўзначальваў калгас. Каларытная асоба бацькі не магла не паўплываць на сына.

Сярэднюю адукацыю Васіль Кірылавіч атрымаў у Цароўскай сямігодцы. Пасля яе заканчэння ў 1936 г. паступіў у Слуцкае педвучылішча. У жніўні 1939 г. Васіль Кірылавіч пачаў сваю працоўную дзейнасць у якасці настаўніка сельскай школы на Заслаўшчыне. Але неўзабаве ён быў прызваны ў Чырвоную Армію, служба ў якой зацягнулася да 1947 года. Настаўніцкая праца ўзнавілася пасля дэмабілізацыі і працягвалася да 1957 года. Перад тым, як перайсці на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, Васіль Кірылавіч быў дырэктарам сярэдняй школы № 37 г. Мінска, якая з'яўлялася апошняй беларускамоўнай школай горада ў той перыяд.

Асобная старонка біяграфіі Васіля Кірылавіча Бандарчыка -- служба ў Чырвонай Арміі, якая прыпала на векапомныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Васіль Кірылавіч сустрэў вайну ў Прыбалтыцы камандзірам супрацьтанкавай гарматы. Напачатку вайны яму прыйшлося стаць сапёрам, камандаваць сапёрным аддзяленнем. Пазней, пасля заканчэння афіцэрскіх курсаў у лютым 1942 года, малодшы лейтэнант Бандарчык апынуўся на перадавой пад Суражам як намеснік камандзіра роты 491-га армейскага інжынернага батальёна 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту. У снежні 1942 г. ён быў прызначаны ад'ютантам камандзіра 56-й асобнай інжынерна-сапёрнай брыгады РГК (рэзерву галоўнага камандавання) палкоўніка П. Шыцікава.

У жніўні 1943 г., маючы ўжо званне капітана, Васіль Кірылавіч быў перададзены ў рэзерв галоўнага камандавання Чырвонай Арміі і пэўны час знаходзіўся ў Маскве.

Апошні перыяд Вялікай Айчыннай вайны Васіль Кірылавіч служыў на пасадзе начальніка інжынернай службы ў 52-й камендатуры тылавога абарончага рубяжа, адначасова з'яўляючыся намеснікам гэтай воінскай часці. Да канца вайны сапёры камендатуры, дзе служыў Васіль Кірылавіч, знішчылі на Смаленшчыне сотні тысяч мін, снарадаў і бомб, размініравалі тэрыторыю, якая стала тылам пасля адыходу лініі фронту на захад, але была літаральна нашпігавана смяротным начыннем.

Адразу пасля Перамогі над фашысцкай Германіяй Васіль Кірылавіч быў накіраваны на Далёкі Усход, спачатку ў Хабараўск, а потым на Паўднёвы Сахалін, дзе камандаваў ротай 138-га будаўнічага батальёна да мая 1947 г.

В.К. Бандарчык прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад яе пачатку да заканчэння. За праяўленую мужнасць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Васіль Кірылавіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і шматлікімі медалямі.

Адразу пасля дэмабілізацыі Васіль Кірылавіч паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Чарнавіцкага універсітэта. У той час ён ужо меў жонку, і пераезд на Украіну з Далёкага Усходу быў іх сумесным рашэннем. Сустрэча з роднай Беларуссю адбылася пасля амаль дзесяцігадовай разлукі ў жніўні 1949 г. Пасля вяртання на Радзіму Васіль Кірылавіч перавёўся ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, які паспяхова закончыў у 1952 г. і атрымаў кваліфікацыю гісторыка.

Калі ў 1957 г. быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, В.К. Бандарчык прыйшоў туды як аспірант і ўжо не пакідаў гэтую ўстанову на працягу наступнай працоўнай дзейнасці.

Вельмі плённымі для вучонага сталі 60--90-я гг. XX ст. Галоўнай праблемай, якой займаўся даследчык, была гісторыя беларускай этналогіі. У 1961 г. была надрукавана навуковая манаграфія "Еўдакім Раманавіч Раманаў". Вынікам напружанай працы па вывучэнню пісьмовых крыніц па беларускай этналогіі XIX ст. стала наступная манаграфія даследчыка "Гісторыя беларускай этнафафіі XIX ст." (1964). Для яе напісання аўтар выкарыстаў матэрыялы звыш 30 архіваў і рукапісных фондаў бібліятэк Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Дадзеная кніга была першай манаграфічнай гісторыяй этналогіі ў былым СССР. Яе працягам сталі манаграфіі "Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст." (1970), Псторыя беларускай савецкай этнаграфіі" (1972), "Развіццё беларускай этнаграфіі за гады савецкай улады" (1979). Адначасова публікаваліся шматлікія артыкулы, матэрыялы навуковых канферэнцый, раздзелы сумесных манаграфій. Завяршэннем цыкла прац В.К. Бандарчыка па праблеме гістарыяграфіі этналогіі Беларусі стала фундаментальная "Гісторыя этналагічнага вывучэння" ў шматтомнай серыі "Беларусы" (Т. 3, 1999). Гэтае выданне было адзначана ў 1999 г. прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за лепшую навуковую працу.

Акрамя гісторыі беларускай этналогіі, В.К. Бандарчык займаўся вывучэннем фальклору, рэлігійных вераванняў, сямейнага і грамадскага побыту, этнагенезу беларусаў, этнічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі.

Сярод усіх прац, напісаных вучоным, а таксама выдадзеных пад яго рэдакцыяй і навуковым кіраўніцтвам, вылучаюцца працы па праблеме этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў. У 1973 г. у Інстытуце былі выдадзены тэзісы дакладаў канферэнцыі "Этнагенез беларусаў". Запланаваная ў Мінску Усесаюзная навуковая канферэнцыя так і не адбылася з-за забароны "зверху", нягледзячы на ўсе намаганні Васіля Кірылавіча. Але яму ўдалося захаваць ужо выдадзеныя матэрыялы. Для тых часоў такія паводзіны былі вельмі смелыя. У некаторых членаў былога ЦК КПБ склалася ўражанне аб "нацыяналістычнай" (у горшым сэнсе гэтага паняцця) накіраванасці дзейнасці Бандарчыка. У выніку ён быў вымушаны пакінуць пасаду дырэктара Інстытута.

Значнай падзеяй навуковага жыцця Беларусі стала кніга "Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя" (1985). Ініцыятарам і сааўтарам дадзенага выдання быў Васіль Кірылавіч.

У 1996 г. вучоны выдаў атлас "Беларусы. Этнагеаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі". Гэтая праца стала даследаваннем новага фармату сярод этналагічных прац на тэрыторыі былога СССР.

Васіль Кірылавіч Бандарчык з'яўляецца рэдактарам і аўтарам фундаментальнай калектыўнай працы "Беларусы" (1998), што выйшла ў свет на рускай мове ў Маскве, а таксама рэдактарам і аўтарам шэрагу тамоў з серыі "Беларусы", якая выдаецца Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі (т. 1, 1995; т. 3, 1999; т. 4, 2001; т. 5, 2001).

За сваё доўгае навуковае жыццё вучоны надрукаваў больш за 270 прац, сярод якіх 7 аўтарскіх манаграфій. Поўны аналіз навуковых прац В.К. Бандарчыка не магчымы ў межах юбілейнага артыкула і патрабуе спецыяльнага даследавання.

Несумненнай заслугай прафесара Бандарчыка з'яўляецца шматгадовая праца па падрыхтоўцы, выхаванню маладых навукоўцаў. 23 вучні Васіля Кірылавіча абаранілі кандыдацкія дысертацыі і 4 з іх сталі дактарамі навук.

Ратная і мірная праца В.К. Бандарчыка адзначана 14 ордэнамі і медалямі, 2 Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1970, 1979). За вялікі ўклад у культуру Беларусі ў 1980 г. прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік культуры".

Як вядома, напісанае застаецца, а яшчэ застаюцца вучні, дзеці і ўнукі. Застаецца памяць пра Чалавека, які пражыў доўгае, багатае на падзеі і сумленную працу жыццё. Здароўя Вам, паважаны Васіль Кірылавіч, і паболей удзячнасці выхаванцаў, якія працягваюць Вашу справу!

Journal

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: February 16, 2009
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000-2009 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2005 The Belaruskaya Navuka Publishing House