Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only 
   
  Detailed search
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
Website of the First Congress of Scientists of the Republic of Belarus
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus

Scientists of Belarus: Pyotr Georgievich Nikitenka (To 60th Anniversary)

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: Pyotr Georgievich Nikitenka (To 60th Anniversary)

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 1, 2003 (pp. 122--124)

Journal

SCIENTISTS OF BELARUS

Мядзведзеў В.Ф., Бусько В.М.
Пётр Георгіевіч Нікіценка (Да 60-годдзя з дня нараджэння).
Myadzvedzew V.F., Bus'ko V.M.
Pyotr Georgievich Nikitenka (To 60th anniversary).

2 студзеня 2003 года споўнілася 60 гадоў выдатнаму беларускаму вучонаму-эканамісту, акадэміку, члену Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміку-сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, дырэктару Інстытута эканомікі НАН Беларусі, доктару эканамічных навук, прафесару Пятру Георгіевічу Нікіценку.

Пётр Георгіевіч нарадзіўся ў вёсцы Жыгалава Віцебскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага. Яго дзіцячыя і юнацкія гады звязаны з горадам Віцебскам, з прамысловым будаўніцтвам. З 16 гадоў ён пачаў працоўную дзейнасць электразваршчыкам на домабудаўнічым камбінаце, адначасова вучыўся ў сярэдняй школе рабочай моладзі. Пасля заканчэння школы пайшоў служыць у Савецкую Армію, а пасля службы паступіў на планава-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (цяпер эканамічны універсітэт). Тут праявіліся яго інтарэс да навукі і выдатныя арганізатарскія здольнасці. Камсамольцы выбралі яго сакратаром камітэта камсамола інстытута. Як і многія маладыя патрыёты, ён прымаў удзел у рабоце маладзёжных будаўнічых атрадаў. Узнагароджаны медалём "За асваенне цалінных зямель".

У 1969 г. з адзнакай закончыў інстытут, дзе набыў добрыя якасці арганізатара і быў выбраны сакратаром Цэнтральнага райкома камсамола г. Мінска. Затым быў пераведзены на партыйную работу ў Цэнтральны райком КПБ г. Мінска. Адначасова П.Г. Нікіценка працягваў вучобу ў аспірантуры на кафедры эканомікі прамысловасці. Пасля паспяховага заканчэння аспірантуры ў 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, і яму была прысвоена вучоная ступень кандыдата эканамічных навук.

У сямідзесятыя гады Пётр Георгіевіч сфарміраваўся ўжо як вучоны ў галіне тэорыі і метадалогіі эканамічных даследаванняў. У далейшым сфера яго навуковых інтарэсаў была звязана з вырашэннем канкрэтных эканамічных праблем. За распрацоўку і рэалізацыю комплекснага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця Цэнтральнага раёна г. Мінска на 1976--1980 гг. ён быў узнагароджаны медалём ВДНГ СССР. У 1978--1983 гг. ён працаваў другім сакратаром зноў створанага Маскоўскага райкома партыі, старшынёй райвыканкома і працягваў распрацоўку планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1981--1985 гады. Гэта былі гады пошуку новых форм і метадаў гаспадарання, удасканалення гаспадарчага механізма, пошуку новай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Менавіта ў гэтыя гады вучоны ўзяўся за распрацоўку метадалагічных асноў інтэнсіфікацыі вытворчасці, вымярэння і планавання фондаёмістасці прадукцыі, вынікі якіх былі выкладзены ў аднайменнай манаграфіі, апублікаванай у 1981 годзе. За гэта ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Цэнтральнага праўлення навукова-эканамічнага таварыства СССР.

У наступныя гады дзейнасць П.Г. Нікіценкі была звязана з навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасцю ў вышэйшых навучальных установах: у 1983--1991 гг. ён быў нам. дырэктара, в.а. прарэктара БДУ і дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. У 1985 г. яму прысвоена званне дацэнта. Вынікі шматгадовых даследаванняў эканамічных праблем сацыялістычнага назапашвання і фондаэканомнага метаду павышэння эфектыўнасці былі выкладзены ў доктарскай дысертацыі, якую ён абараніў у Маскве ў 1991 г., і яму была прысвоена вучоная ступень доктара эканамічных навук, у тым жа 1991 г. прысвоена званне прафесара (БДУ).

У гэты ж перыяд вучоным была распрацавана трохсектарная мадэль устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, уключаючая сацыяльныя і экалагічныя фактары, якая ў далейшым будзе пакладзена ў аснову фарміравання сістэмы ўстойлівага развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь і знойдзе адлюстраванне ў манаграфіі "Мадэль устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі: праблемы фарміравання і развіцця" і ў шэрагу Дзяржаўных праграм.

Наступныя пяць гадоў жыццядзейнасці П.Г. Нікіценкі былі звязаны з г. Мінскам. У 1991 г. ён быў выбраны першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкома. Галоўнай яго дзейнасцю з'ўлялася распрацоўка і рэалізацыя праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця горада. У планах і праграмах, якія распрацоўваліся пад кіраўніцтвам П.Г. Нікіценкі, рэалізавалася галоўная ідэя --інавацыйная мадэль і наасфернае забеспячэнне сістэмы "Прырода -- Чалавек -- Грамадства".

У гэтыя гады ў Мінску закладваліся прынцыпы інавацыйнага развіцця, якія грунтаваліся на рыначных грамадскіх адносінах і адпаведных механізмах. Старанна вывучаўся вопыт краін з развітой эканомікай ЗША, Тайваня, Нарвегіі і асабліва Германіі. Было наладжана супрацоўніцтва горада Мінска з зямлёй Паўночны Рэйн-Вестфалія. У выніку гэтага супрацоўніцтва было створана сумеснае прадпрыемства "Мінскі міжнароды адукацыйны цэнтр", беларускім дырэктарам якога стаў Пётр Георгіевіч. Знаходзячыся на гэтай пасадзе ў 1995--1998 гг., ён уклаў многа сілы і энергіі ў фарміраванне і развіццё цэнтра, ва ўмацаванне сувязі вучоных Беларусі і Германіі, у развіццё эканамічнай думкі. П.Г. Нікіценка не парываў сувязі і з ВНУ, з навуковымі ўстановамі -- загадваў створанай ім кафедрай дзяржаўнага кіравання ў Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, апублікаваў кнігу "Жить своим умом, или куда идет Беларусь".

У 1994 г. П.Г. Нікіценка выбраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, у 1998 г. -- запрошаны на работу ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, дзе узначаліў Інстытут эканомікі ў складаны перыяд пераходу краіны ад жорстка дэтэрмінаванай мадэлі централізаванага планавання і кіравання да адкрытай рыначнай мадэлі сацыяльна-эканамічнай сістэмы.

Акадэмічнае асяроддзе дабратворна адбілася на навуковай творчасці, на рэалізацыі яго навуковых ідэй і інтарэсаў, якія сістэмна адлюстраваны ў трохтомнай манаграфіі "Цывілізацыйны працэс пад вуглом наасфернага погляду". Творчыя намаганні калектыву інстытута Пётр Георгіевіч сканцэнтраваў на распрацоўцы Нацыянальнай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у кантэксце міжнароднай інтэграцыі. Ідзе спрыяльны працэс фарміравання інстытута як комплекснай эканамічнай навуковай установы, у аснове якой -- фундаментальныя даследаванні ў спалучэнні з распрацоўкай ключавых, канкрэтна эканамічных праграм вырашэння праблем нацыянальнай эканомікі Беларусі. З гэтай мэтай у інстытуце адкрыты новыя, актывізаваны існуючыя і адноўлены ранейшыя напрамкі, у ліку якіх: даследаванне сусветнай эканомікі і міжнародных адносін з сусветнай супольнасцю; распрацоўка праблем інавацыйнага развіцця; вывучэнне рэсурснага патэнцыялу і эканамічнай бяспекі, эканомікі экалогіі; мадэліравання, прагназавання і праграмавання эканамічных сістэм; даследаванне праблем фарміравання розных форм уласнасці, эканамічных праблем прадпрымальніцтва і рэгіянальных сістэм.

Створаныя ў інстытуце аргструктуры забяспечваюць выкананне комплексу актуальных даследаванняў. У апошнія гады пад кіраўніцтвам П.Г. Нікіценкі распрацаваны "Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу на перыяд да 2020 года", у якім вызначаны стратэгія і прыярытэты інавацыйнага развіцця; "Нацыянальная праграма развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2000--2005 гады", якая склала навуковую аснову фарміравання палітыкі міжнародных эканамічных адносін; "Нацыянальная праграма развіцця турызму Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2005 года"; Дзяржаўная праграма "Эканоміка і сацыяльная палітыка" і іншыя. У 2000 г. П.Г. Нікіценка выбраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук. У 2002 г. Інстытут пачаў распрацоўку новых праграм, у ліку якіх "Нацыянальная стратэгія далучэння Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі" і "Нацыянальная праграма павышэння канкурэнтаздольнасці Рэспублікі Беларусь".

К сваім 60 гадам Пётр Георгіевіч стаў прызнаным лідэрам эканамічнай навукі, вядомым далёка за межамі нашай краіны. Ім уведзена ў навуковы ўжытак і абгрунтавана паняцце "наасферная эканоміка" як эканоміка, заснаваная на выкарыстанні планетарнага розуму-ведаў; распрацавана трохсектарная мадэль грамадскай вытворчасці; сфармуляваны эканамічныя асновы і прыярытэты інавацыйнага развіцця і інш. Ім апублікавана больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій. П.Г. Нікіценка падрыхтаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў эканамічных навук, з'ўляецца старшынёй Савета пры Інстытуце эканомікі НАН Беларусі па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, членам многіх рэдкалегій айчынных і міжнародных часопісаў, акадэмікам рада міжнародных акадэмій, асацыяцый, саветаў, таварыстваў. Ён -- лаўрэат прэміі прэзідэнтаў акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы за выдатныя вынікі пры выкананні сумесных даследаванняў.

У сучасны момант Пётр Георгіевіч працягвае працу над ключавымі праблемамі эканамічнай тэорыі і стварэннем навуковых асноў кіравання сацыяльна-эканамічным развіццём краіны.

У наступныя тры гады Інстытут эканомікі НАН Беларусі будзе працаваць над стварэннем мадэлі будучыні эканомікі краіны.

У свае 60 гадоў П.Г. Нікіценка поўны сіл і здароўя, каб ажыццяўляць навуковае і навукова-арганізацыйнае кіраўніцгва распрацоўкай асноўных для нашай краіны эканамічных праблем.

Шчыра віншуем Пятра Георгіевіча з юбілеем, жадаем моцнага здароўя, доўгага творчага жыцця, новых дасягненняў у навуцы і грамадскай дзейнасці.

Journal Top

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: June 24, 2006
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2003-2006 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2003 The Belaruskaya Navuka Publishing House