Scientists of Belarus: Michail Pawlavich Kastyuck (To 60th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Michail Pawlavich Kastyuck (To 60th anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 1, 2000 (pp. 153--154)
SCIENTISTS OF BELARUS
Ігнаценка І.М., Навіцкі У.І., Лыч Л.М., Васілеўская Н.У.
Міхаіл Паўлавіч Касцюк (Да 60-годдзя з дня нараджэння)
Ignacenka I.M., Navicki U.I., Lych L.M., Vasileuskaya N.U.
Michail Pawlavich Kastyuck (To 60th anniversary).
26 сакавіка 2000 г. споўнілася 60 год беларускаму гісторыку, акадэміку НАН Беларусі, доктару гістарычных навук, прафесару, загадчыку аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі Міхаілу Паўлавічу Касцюку.
Нарадзіўся М.П.Касцюк у в. Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям'і селяніна. 3 ранняга дзяцінства хлопчык імкнуўся да ведаў, пазнання гісторыі родных мясцін. Паспяховая вучоба ў школе, затым у Навагрудскім педагагічным вучылішчы паказала выдатныя здольнасці юнака, падштурхнула яго да авалодання больш грунтоўнымі ведамі па роднай мове, гісторыі Беларусі. У 1958 г. ён паступае на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута і праз пяць гадоў атрымлівае дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Ужо ў гады навучання ў інстытуце разам з інтэлектуальнымі праявіліся і арганізатарскія здольнасці будучага вучонага. Таму пры размеркаванні на працу ён быў накіраваны на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. 3 гэтай пасады М.П.Касцюк быў прызваны на армейскую службу. Пасля дэмабілізацыі ў 1965 г. і непрацяглай працы сакратаром камітэта камсамола Гродзенскага педагагічнага інстытута ён здзейсніў сваю мару -- у снежні 1966 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Менавіта з гэтага часу ўсё далейшае жыццё М.П.Касцюка звязана з навуковай працай, вывучэннем складаных праблем гісторыі Беларусі.
З першых дзён навучання ў аспірантуры пачынаецца карпатлівая, інтэнсіўная навуковая праца. Настойлівыя пошукі архіўных крыніц, іх скурпулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне далі маладому даследчыку магчымасць у адведзены аспірантурай тэрмін завяршыць працу над кандыдацкай дысертацыяй па складанай праблеме працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі ў 1933-1940 гг. і паспяхова абараніць яе ў 1969 г. Але ўжо тады Міхаіл Паўлавіч ведаў, што праца над кандыдацкай дысертацыяй -- гэта толькі трывалая аснова для далейшага і пашыранага вывучэння цэлага комплексу складаных праблем, высвятлення іх узаемасувязей і ўплыву на развіццё грамадства.
Адразу пасля абароны дысертацыі М.П.Касцюк прызначаецца на пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР, з 1975 па 1981г. -- Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Менавіта на гэтых пасадах праявіліся выдатныя арганізатарскія здольнасці Міхаіла Паўлавіча, яго чулыя адносіны да сваіх калег па працы, спакойны, удумлівы і разам з тым прынцыповы падыход да вырашэння пастаўленых задач.
Разам з арганізатарскай працягваецца самаадданая даследчыцкая праца. Яе вынікам з'явілася абарона ў 1980 г. доктарскай дысертацыі, прысвечанай паглыбленаму вывучэнню праблем беларускага сялянства.
У ліпені 1981 г. М.П.Касцюк прызначаецца намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР. 3 1989 г. і да лістапада 1999 г. ён працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
У асобе М.П.Касцюка мы маем буйнога агульнапрызнанага вучонага, які сваімі працамі ўзбагаціў беларускую гістарыяграфію арыгінальнымі даследаваннямі, атрымаўшымі прызнан-не як у нашай краіне, так і за яе межамі. Яго навуковым інтарэсам уласцівы творчы падыход да асвятлення складаных праблем гісторыі, імкненне прасачыць агульныя заканамернасці і разам з тым асаблівасці ў развіцці гістарычных падзей нашай дзяржавы. Да складанай часам ацэнкі падзей, аналізу нялёгкіх з'яў жыцця Міхаіл Паўлавіч імкнецца падыходзіць з аб'ектыўных пазіцый з улікам шматгранных момантаў, якія ўплывалі на гэтыя падзеі. Менавіта да такіх падыходаў прыводзіць М.П.Касцюка даследчая настойлівасць, навуковая прынцыповасць, глыбокае разуменне агульнагістарычных працэсаў. Важнай асаблівасцю творчай дзей насці вучонага з'яўляецца яе шырокі дыяпазон, разнастайнасць і грамадска-палітычная значнасць навуковыхдаследаванняў. Ім апублікавана звыш 150 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку 7 індывідуальных і калектыўных манаграфій. Яго манаграфіі па гісторыі сялянства "Идейно-политическое воспитание крестьянства. Из опыта работы Компартии Белоруссии в период строительства социализма (1926-1937 гг.)" (Мн., 1979); "Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма (на материалах БССР)" (Мн., 1986); "Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы" (Мн., 1989) вызначаюць месца беларускага сялянства ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, выключную ролю ў назапашванні фондаў для развіцця прамысловасці, аналізуюць працэс ператварэння беларускага сялянства ў адну з асноўных прадукцыйных сіл на шляху сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў. Гэтым жа праблемам прысвечаны шэраг напісаных М.П.Касцюком раздзелаў у калектыўных абагульняючых працах: "Гісторыя Беларускай ССР" (Мн., 1975. Т. 4); "Победа колхозного строя в Белорусской ССР" (Мн., 1981) і інш.
У кола навуковых інтарэсаў М.П.Касцюка ўваходзяць не толькі даследаванні па гісторыі сялянства, але і рабочага класа, інтэлігенцыі, нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, культуры рэспублікі, складаныя пытанні кіравання грамадствам у савецкі перыяд. Гэтыя і іншыя праблемы даследаваны вучоным у спецыяльных раздзелах 4-томнай працы "История рабочего класса Белорусской ССР" (Мн., 1985. Т. 2); 2-томным выданні "Нарысы гісторыі Беларусі" (Мн., 1995. Ч. 2). Акрамя названых прац, М.П.Касцюком надрукавана вялікая колькасць шматтэмных па зместу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, якія ў цэлым складаюць вялікі памер.
Шмат увагі М.П.Касцюк надае падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, дапамагае іх творчаму росту. Ён падрыхтаваў 10 кандыдатаў навук, кансультаваў напісанне шэрага доктарскіх дысертацый, выступае апанентам пры абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Вялікі ўклад вучонага ў развіццё беларускай гістарычнай навукі адзначаны абраннем яго ў 1989 г. членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі.
М.П. Касцюк пастаянна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці. Ён з'яўляецца прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі гісторыкаў, старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта гісторыкаў, членам прэзідыума Беларускага камітэта міру, Старшынёй савета па абароне доктарскіх дысертацый, а таксама прымае актыўны ўдзел у дзейнасці іншых арганізацый.
Міхаіла Паўлавіча, на якой бы пасадзе ён не знаходзіўся, вызначаюць цёплыя сардэчныя адносіны да людзей. За добразычлівасць, высокія прафесійныя якасці і арганізатарскія здольнасці вучоны карыстаецца вялікай павагай і аўтарытэтам сярод сваіх калег.
Сваё 60-годдзе М.П.Касцюк сустрэў у росквіце творчых сіл. Наперадзе новыя планы і задумы, клопаты аб развіцці беларускай гістарычнай навукі. Навуковая грамадскасць, калегі, сябры, вучні шчыра і сардэчна віншуюць дарагога юбіляра і ад усёй душы зычаць яму добрага здароўя, далейшых поспехаў у здзяйсненні творчых задум і планаў, дасягнення новых вяршынь на ніве гістарычнай навукі Беларусі.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: April 25, 2000
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2000 The Belaruskaya Navuka Publishing House