Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (Да 90-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (Да 90-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 4, 2009 (С. 123--125)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Касцюк М. П.
Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (Да 90-годдзя з дня нараджэння)

І.М.Ігнаценка 28 снежня 2009 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка НАН Беларусі I.М. Ігнаценкі. Ён быў чалавекам высокай арганізаванасці і працаздольнасці, вучоным-наватарам, выдатным арганізатарам гістарычнай навукі, галоўным рэдактарам многіх калектыўных шматтомных прац, таленавітым педагогам.

Нарадзіўся I.М. Ігнаценка 28 снежня 1919 г. у сялянскай сям'і ў вёсцы Дамамеркі Лоеўскага (цяпер Брагінскага) раёна Гомельскай вобласці. Ён паспытаў усе цяжкасці дзяцінства, якія выпалі на долю яго пакалення ў 20--30-я гады XX ст. Тым не менш атрымаў адукацыю, якую прадугледжвала тагачасная сістэма народнай асветы. Закончыўшы ў сярэдзіне 1939 г. Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, пачаў працоўную дзейнасць аж на Далёкім Усходзе ў якасці заатэхніка зямельнага аддзела Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці. Аднак неўзабаве, у лістападзе гэтага ж года, быў прызваны на ваенную службу, якую пачаў на Ціхаакіянскім флоце. 3 пачаткам Вялікай Айчыннай вайны лёс закінуў яго на Каспійскую і Азоўскую ваенныя флатыліі, а затым праходзіў службу на Чарнаморскім флоце. У жніўні 1942 г. прыняты ў шэрагі УКП(б), выбіраўся членам Севастопальскага гарадскога камітэта партыі. Гэты перыяд жыцця працягваўся яшчэ некалькі гадоў у пасляваенны час.

Вяртанне Іларыёна Мяфодзьевіча Ігнаценкі ў Беларусь, на Гомелыпчыну, адбылося ў 1947 г. Тут ён працаваў інструктарам Гомельскага абласнога камітэта кампартыі Беларусі. Аднак гэтая дзейнасць была непрацяглай. Хутка ён становіцца слухачом курсаў пракуратуры Савецкага Саюза ў г. Ленінградзе. Пасля іх заканчэння працаваў пракурорам г. Гомеля. У 1950 г. экстэрнам здаў дзяржаўныя экзамены за гістарычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Менавіта ў гэты час было прынята цвёрдае і адказнае рашэнне прысвяціць сваё жыццё даследаванню гісторыі Беларусі. У выніку ў наступным, 1951 г., Іларыён Мяфодзьевіч паступае ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Праз два гады ён паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю, становіцца кандыдатам гістарычных навук, а затым дацэнтам. Аднак адразу прысвяціць сябе любімай справе яму не ўдалося. У 1955--1956 гг. ён знаходзіўся ў навукова-педагагічнай камандзіроўцы ў Венгрыі, у г. Будапешце, дзе ўзначальваў кафедру гісторыі СССР Інстытута імя У.I. Леніна. Вярнуўшыся ў родную Беларусь, двойчы выбіраецца сакратаром партыйнага камітэта Белдзяржуніверсітэта, а затым у 1958--1960 гг. працуе сакратаром Мінскага гарадскога камітэта кампартыі Беларусі па ідэалагічнай рабоце.

Толькі з гэтага часу I.М. Ігнаценку ўдалося пераканаць партыйнае кіраўніцтва рэспублікі не пярэчыць яго пераходу да толькі навукова-педагагічнай дзейнасці. У першай палове 60-х гадоў Іларыён Мяфодзьевіч працуе дэканам падрыхтоўчага, а затым юрыдычнага факультэтаў Белдзяржуніверсітэта. Адначасова загадвае кафедрай гісторыі СССР і заканчвае падрыхтоўку першай манаграфічнай працы "Беднейшее крестьянство -- союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917--1918 гг.)", якая выйшла ў 1962 г. і стала асновай доктарскай дысертацыі. Дадзеная манаграфія з'явілася не толькі важным этапам у творчым станаўленні Іларыёна Мяфодзьевіча як даследчыка, але значным укладам у развіццё беларускай гістарычнай навукі. У кнізе зроблены назіранні і вывады, якія па шэрагу пазіцый не былі традыцыйнымі для тагачаснай гістарычнай навукі.

3 сакавіка 1966 г. пачынаецца новы этап творчай дзейнасці і жыццёвага шляху маладога доктара гістарычных навук, калі ён быў прызначаны дырэктарам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. На гэтай пасадзе ён працуе па чэрвень 1969 г. Асноўным вынікам актыўнай творчай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці тут стала падрыхтоўка і выданне другой часткі "Очерков истории Коммунистической партии Белоруссии". У 1969 г. I.М. Ігнаценка выбіраецца членам-карэспандэнтам АН БССР.

У 60-я гады перад гісторыкамі рэспублікі была пастаўлена задача па стварэнні шматтомнай гісторыі беларускага народа, пачынаючы са старажытных часоў I гэтую задачу вырашаў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларускай ССР Узначаліць калектыў і падрыхтоўку дадзенага выдання было даручана Іларыёну Мяфодзьевічу Ігнаценку 3 чэрвеня 1969 г. па студзень 1975 г. ён узначальвае гэты інстытут. Напісанне і выданне пяцітомнай "Гісторыі Беларускай ССР" было складанай, шматпланавай і адказнай справай, але яна была паспяхова рэалізавана. У 1974 г. I.М. Ігнаценка выбіраецца правадзейным членам (акадэмікам) АН Беларускай ССР.

А на парадак дня ў рэспубліцы паўставала новая задача -- стварэнне абагульняючай працы, якая адлюстравала б гераічны ўдзел беларускага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўніцтва выкананнем дадзенай адказнай справы зноў было даручана Іларыёну Мяфодзьевічу Ігнаценку. 3 гэтаю мэтаю яго вяртаюць на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У другі раз ён узначальвае дадзены калектыў са студзеня 1975 г. па верасень 1980 г. Адказнае заданне было выканана. Пры гэтым быў праяўлены творчы падыход. У прыватнасці, адносна высвятлення праўды пра I.К. Кавалёва -- сакратара Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б, мужнага змагара з фашызмам, які загінуў у няроўнай барацьбе.

Увогуле пятнаццацігадовы перыяд, звязаны з кіраўніцтвам Іларыёнам Мяфодзьевічам асноўнымі навукова-даследчымі ўстановамі гістарычнага профілю ў Беларускай ССР, аказаўся напружаным і плённым. Гэта выявілася ў першую чаргу ў стварэнні буйных калектыўных абагульняючых прац. Яны запатрабавалі ад яго не толькі ўсяго вопыту навукова-даследчыцкай работы, але і выдатных арганізатарскіх здольнасцей. За гэты час яскрава раскрылася яго дараванне не толькі вучонага-даследчыка, але і арганізатара навукі.

3 канца 1980 г. пачаўся наступны этап на жыццёвым шляху і ў творчай дзейнасці I.М. Ігнаценкі, калі ён зноў працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР Скінуўшы з сябе цяжкі груз навукова-арганізатарскай дзейнасці, кіраўніцтва інстытутамі, буйнымі творчымі калектывамі, стварэння абагульняючых калектыўных прац, ён змог поўнасцю аддацца асабістай творчай рабоце. Яе вынікі адразу сталі матэрыялізавацца ў першую чаргу ў манаграфічных даследаваннях. У 1986 г. пабачыла свет грунтоўная праца "Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии". У сувязі з 70-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі ім выдадзена манаграфія "Великий Октябрь в судьбах белорусского народа". Затым з'явіліся кнігі: "Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии (1992 г.)", "Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці, вынікі" (1995 г.), "Революция в историческом процессе" (1997 г.), а таксама іншыя работы.

У іх змяшчаецца глыбокае тэарэтычнае асэнсаванне падзей, аналізуецца іх ход на Беларусі. Грунтоўна разгледжаны эканамічныя і сацыяльна-палітычныя перадумовы Лютаўскай рэвалюцыі, яе сутнасць і асаблівасці. Даецца аналіз падзей, звязаных з усталяваннем савецкай улады на Беларусі, грамадзянскай вайною, замежнымі ваеннымі інтэрвенцыямі.

Глыбока падаюцца абставіны развіцця і дынаміка беларускага нацыянальнага руху, асвятляюцца падзеі, звязаныя з падрыхтоўкай і абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, аналізуецца ход самавызначэння Беларусі на савецкай аснове.

Аднак прафіліруючым напрамкам у творчасці I.М. Ігнаценкі па-ранейшаму заставалася праблема Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён зноў звяртаецца да яе, каб яшчэ раз асэнсаваць гэтую падзею, высветліць як яе неадназначны характар, так і ўздзеянне на лёс беларускага народа. Нават назвы вышэйпрыведзеных манаграфій сведчаць аб тым, што аўтар імкнуўся асэнсаваць не толькі канкрэтныя рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі, але і меў на мэце даць уяўленне аб значэнні рэвалюцый у развіцці грамадства.

Побач з выданнем манаграфічных работ Іларыён Мяфодзьевіч прымаў у гэты час актыўны ўдзел у стварэнні абагульняючых калектыўных прац па гісторыі Беларусі. Ім напісаны адпаведныя раздзелы па гісторыі беларускага народа ў першыя гады савецкай улады для другой часткі "Нарысаў гісторыі Беларусі" і пятага тома шасцітомнай "Гісторыі Беларусі". Побач з гэтым ён актыўна выступаў у друку з навуковымі і навукова-папулярнымі артыкуламі.

Усяго ж акадэмікам I.М. Ігнаценкам напісана болып за 200 навуковых работ. Яны з'яўляюцца вялікім укладам у распрацоўку актуальных праблем гісторыі беларускага народа пераважна XX ст. Яго навуковыя працы -- гэта цэлая эпоха ў даследаванні гісторыі Беларусі, яны займаюць і будуць займаць пачэснае месца ў беларускай гістарыяграфіі.

Надзвычай шмат увагі надаваў Іларыён Мяфодзьевіч такому важнаму напрамку дзейнасці, як падрыхтоўка навуковых кадраў гісторыкаў, узначальваў спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый. Пад яго навуковым кіраўніцтвам болып 20 чалавек абаранілі доктарскія дысертацыі і звыш 50 -- кандыдацкія. Надзвычай высокі вынік! Гэта -- вялікая кагорта даследчыкаў, якія паспяхова працягваюць лепшыя традыцыі беларускай гістарычнай навукі.

Адзін з напрамкаў шматграннай работы Іларыёна Мяфодзьевіча -- яго актыўны ўдзел у развіцці міжнародных сувязей беларускіх гісторыкаў Гэта датычыла плённых кантактаў з гісторыкамі Масквы, Ленінграда, Кіева, Кішынёва, Прагі і інш. Ён узначальваў беларускую дэлегацыю на Кангрэсе Міжнароднага камітэта гістарычных навук, які адбыўся ў 1970 г. у г. Маскве.

I.М. Ігнаценка вёў актыўную грамадскую працу. У свой час ён з'яўляўся членам ЦК КПБ і дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, а таксама старшынёй Мінскага гарадскога праўлення, членам прэзідыума Рэспубліканскага і Усесаюзнага таварыства "Веды", уваходзіў у склад Прэзідыума і з'яўляўся кіраўніком секцыі грамадскіх навук беларускага Таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, быў намеснікам старшыні Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскай дружбы, уваходзіў у склад савецкай часткі камісіі гісторыкаў Савецкага Саюза і Чэхаславакіі, выконваў іншыя грамадскія даручэнні.

Ратны і працоўны шлях акадэміка I.М. Ігнаценкі адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалём "За абарону Каўказа", Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, іншымі ўзнагародамі.

I.М. Ігнаценка быў умудроны жыццёвым вопытам, надзвычай арганізаваны і мужны чалавек. Яго адрознівалі высокія самадысцыпліна, патрабавальнасць да сябе і калег. Разам з тым ён быў добразычлівым чалавекам з развітым пачуццём гумару. Будучы на чале вялікай сям'і, ён з'яўляўся яе душой і натхняльнікам на карысныя справы.

На працягу ўсёй творчай дзейнасці акадэміка I.М. Ігнаценку характарызавалі ўзважаныя і ў многім наватарскія падыходы ў навуцы, многія іншыя выдатныя якасці. Яны стварылі яму высокі аўтарытэт сярод гісторыкаў, іншых гуманітарыяў, грамадскасці Беларусі і за яе межамі. Гэты аўтарытэт, памяць аб ім жывуць і будуць жыць.

Журнал

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 6 снежня 2009 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2009 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2009 Выдавецкі дом "Беларуская навука"