Вучоныя Беларусі: Уладзімір Андрэевіч Бабкоў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы
Вучоныя Беларусі: Уладзімір Андрэевіч Бабкоў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

| Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУКВыдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Асобны артыкул з нумара 1, 2009 (С. 123--124)
ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI
Семянкоў В.І.
Уладзімір Андрэевіч Бабкоў (Да 70-годдзя з дня нараджэння)
Ведаю Уладзіміра Бабкова з канца 1970-х гадоў па навуковых працах, публікацыях у друку, выступленнях на навуковых канферэнцыях. Ён прыцягнуў маю ўвагу смеласцю навуковых вывадаў, грунтоўнасцю аргументаў, дасканаласцю меркаванняў па сур'ёзных праблемах жыццядзейнасці КПСС. Мяне гэтыя праблемы хвалявалі не толькі як навукоўца, але і як сакратара парткома Акадэміі навук БССР.
Памятаю, у 1977 годзе ў навуковых колах Мінска шмат дыскусій і размоў выклікала абарона У.А. Бабковым доктарскай дысертацыі па гісторыі КПСС. Ён паставіў пад сумненне такія фундаментальныя тэарэтычныя палажэнні, як "узрастанне кіруючай ролі партыі", "партыя рабочага класса -- партыя ўсяго савецкага народа", а таксама практыку рэгулявання прыёму ў КПСС.
Як усё гэта ўспрымалася ў той час? З аднаго боку, па свайму статусу партыйнага работніка я не быў падрыхтаваны да ўспрымання ідэі адмаўлення кіруючай ролі КПСС, а тым больш увядзення шматпартыйнасці. У партыйным апараце любога ўзроўню такая ідэя, шчыра кажучы, не ўсхвалялася. 3 другога боку, як чалавек і навуковец я ў значнай меры пагаджаўся з аргументамі дысертанта, бо, як і многія іншыя камуністы, бачыў, што жыццё, партыйная і савецкая практыка не заўсёды адпавядалі рэальнай рэчаіснасці. У мяне паступова выспявалі сімпатыі да маладога вучонага, які добра аргументаваў сваю смелую пазіцыю. Тым не менш, я і мае калегі з трывогай чакалі абароны яго доктарскай дысертацыі. Але ж абарона адбылася і працягвалася значна доўга. I хаця не ўсе тады зразумелі новыя, смелыя падыходы даследчыка, але дысертацыя была зацверджана Вучоным саветам, а пасля і ВАК СССР. А было тады навукоўцу У.А. Бабкову 35 гадоў, па мерках таго часу -- малады вучоны.
Расказваю пра гэта так падрабязна таму, што, на мой погляд, той эпізод добра высвечвае і сітуацыю, якая тады панавала ў гісторыка-партыйнай навуцы, і самаго У.А. Бабкова як вучонага і чалавека дапытлівага, прынцыповага ў меркаваннях.
У 1989 годзе адбыліся чарговыя выбары ў нашу Акадэмію, і Уладзімір Андрэевіч быў абраны членам-карэспандэнтам па спецыяльнасці "Гісторыя КПСС і КПБ" у першым туры галасавання. Гэта была значная перамога вучонага.
Сумесная работа ў Акадэміі зрабіла яшчэ больш цеснымі і сяброўскімі нашы ўзаемаадносіны. Тым больш, што і лёс наш вельмі падобны. Уладзімір Бабкоў, як і я, сялянскі хлопец.
Кароткая даведка: нарадзіўся ён 22 лютага 1939 года ў вёсцы Салтанаўка Жлобінскага раёна. Бацькі яго працавалі ў сельскай гаспадарцы. Мой сябра з вялікай любоўю згадвае сваю маці Вольгу Васільеўну, якая пайшла з жыцця, калі Валодзі не было і сямі гадоў, бабулю Арыну Пракопаўну Лабачову, якая, хоць і не мела аніякай адукацыі, але вырасціла і выхавала ўнука. Ён скончыў Пірэвіцкую сярэднюю школу, два гады папрацаваў, а затым паступіў у Белдзяржуніверсітэт. Пазней -- аспірантура, абарона кандыдацкай, доктарскай дысертацый, работа загадчыкам сектара ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, галоўным навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук, загадчыкам кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, дырэктарам Мінскага НДІ сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем і зноў у НАН Беларусі -- загадчыкам аддзела міждзяржаўных адносін Інстытута эканомікі. Плённы шлях вучонага, які прысвяціў сваё жыццё навуковаму пошуку.
Кола навуковых інтарэсаў У.А. Бабкова даволі шырокае. У значнай ступені дзякуючы яго навуковым і арганізатарскім здольнасцям у Беларусі фаміраваўся такі навуковы кірунак, як паліталогія. Значны ўклад ён зрабіў у гісторыю, сацыялогію, рэгіянальную эканоміку, урбаністыку Многія навукоўцы, супрацоўнікі і кіраўнікі Мінгарвыканкома, сталічных службаў ведаюць У.А. Бабкова як ініцыятара і ідэйнага натхняльніка ажыццяўлення цікавых і перспектыўных праектаў мадэрнізацыі жыццядзейнасці горада, яго ўстойлівага развіцця. Стратэгічны план развіцця Мінска да 2020 года, распрацаваны пад кіраўніцтвам Уладзіміра Бабкова, высока ацэнены ААН. Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, якія раней штогод праводзіліся Мінскім НДІ, узнялі беларускую сталіцу на п'едэстал вядомага ў свеце цэнтра гарадской навукі. У гэтым выпадку Уладзімір Бабкоў паказаў добры прыклад спалучэння навуковай і арганізатарскай дзейнасці.
Пра гэта сведчыць і адна з самых апошніх і буйных яго навуковых прац -- калектыўная манаграфія "Гісторыя Мінска" агульным аб'ёмам звыш 70 друкаваных аркушаў Манаграфія падрыхтавана пад навуковым кіраўніцтвам і пры аўтарскім удзеле У. Бабкова. Усяго ж у юбіляра 15 індывідуальных манаграфій і звыш 20 буйных калектыўных прац, дзе ён кіраваў аўтарскімі калектывамі і рыхтаваў рукапісы да друку.
У пачатку 90-х гадоў У.А. Бабкоў узначаліў падрыхтоўку кафедрай паліталогіі навуковага дапаможніка, а затым і падручніка па гэтаму прадмету для вышэйшых навучальных устаноў Гэта быў адзін з першых беларускіх падручнікаў па паліталогіі ў суверэннай Беларусі.
Значны ўдзел прымае Уладзімір Андрэевіч і ў грамадскім жыцці. Яго намаганнямі ў 1993 годзе створана грамадская арганізацыя -- Беларуская асацыяцыя палітычных навук, якая аб'ядноўвае палітолагаў, эканамістаў, юрыстаў, філосафаў, гісторыкаў, палітыкаў I вось ужо 15 гадоў мы разам працуем на грамадскіх пачатках у гэтай шаноўнай арганізацыі: ён старшынёй, я -- членам праўлення. Асацыяцыя займаецца аналізам беларускага і сусветнага палітычнага працэсу, выпрацоўвае вывады і рэкамендацыі па самых надзённых пытаннях грамадскага жыцця.
Адзначым, дзе б ні працаваў Уладзімір Андрэевіч, заўжды вакол яго збіраюцца навукоўцы, спецыялісты, разгортваюцца спрэчкі, дыскусіі. Бо такі ён чалавек -- непаседлівы, шчыры, адкрыты людзям, заўжды гатовы дапамагчы, параіць, падказаць. У яго і сёння шмат новых творчых задумак -- па даследаванню праблематыкі СНД, Саюзнай дзяржавы, іншых рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў, па навуковаму забеспячэнню дзейнасці органаў улады і кіравання. Праблематыка, як бачым, звышактуальная, вызначаная самім жыццём.
У заключэнне шчыра пажадаем Уладзіміру Андрэевічу Бабкову, нашаму шаноўнаму юбіляру, новых творчых, навуковых поспехаў, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця на карысць нашай Радзімы!
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі
Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 24 лютага 2009 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2009 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2009 Выдавецкі дом "Беларуская навука"