Вучоныя Беларусі: Пётр Георгіевіч Нікіценка (Да 65-годдзя з дня нараджэння)
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы
Вучоныя Беларусі: Пётр Георгіевіч Нікіценка (Да 65-годдзя з дня нараджэння)

| Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУКВыдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Асобны артыкул з нумара 1, 2008 (С. 124--125)
ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI
Мядзведзеў В. Ф.
Пётр Георгіевіч Нікіценка (Да 65-годдзя з дня нараджэння)
Споўнілася 65 гадоў Пятру Георгіевічу Нікіценку, беларусу, акадэміку, прафесару, доктару эканамічных навук, члену Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміку-сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, дырэктару Інстытута эканомікі НАН Беларусі.
Практык дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання, вучоны ў галіне эканомікі, палітычнай эканоміі, дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання, П. Г. Нікіценка свой працоўны шлях пачаў электразваршчыкам Віцебскага ЖБК. Нарадзіўся ён у в. Жыгалава Віцебскага раёна, заўсёды трывала авалодваў прафесіяй і ў гады службы ў арміі, і пад час навучання ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава, які закончыў з адзнакай у 1969 г. па спецы-яльнасці "планаванне прамысловасці". У такой жа ступені паспяхова пасля навучання ў аспірантуры абараняе кандыдацкую дысертацыю ў 1976 г.
На ўсіх дзяржаўных пасадах, якія займаў Пётр Георгіевіч, ён праявіў сябе кваліфікаваным спецыялістам, сумленным кіраўніком, які бярэ на сябе адказнасць за даручаную справу і давераны калектыў. Шмат энергіі, сіл і кіраўнічага таленту вучоны аддаў камсамольскай і партыйнай рабоце, дзейнасці ў выканаўчых органах улады г. Мінска. Аднак увесь гэты шлях прывёў да навуковай кар’еры; работы ў Белдзяржуніверсітэце. Пад час работы ва універсітэце Пётр Георгіевіч сфарміраваўся не толькі як вучоны, але і як выкладчык. Ён распрацаваў шэраг новых спецкурсаў па пераходу эканомікі на рыначныя асновы і прагназа ванню ў новых умовах гаспадарання, стаў арганізатарам навуковых даследаванняў па актуальных эканамічных пытаннях. Яшчэ ў 70-я гады ён прымаў удзел у распрацоўцы арганізацыйна-функцыянальных структур па рабоце з насельніцтвам, з’яўляючыся адным з аўтараў комплексных планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў г. Мінска. Паспяховая іх рэалізацыя была адзначана сярэбраным медалём ВДНГ СССР "За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР". Манаграфія П. Г. Нікіценкі "Інтэнсіфікацыя вытворчасці і фондаёмістасць прадукцыі", якая выйшла ў 1981 г., была адзначана Ганаровай граматай Цэнтральнага кіравання Навукова-эканамічнага грамадства СССР.
Пад час работы ў БДУ Пётр Георгіевіч распрацаваў канцэпцыю ўдасканалення кіравання ўстойлівым сацыяльна-эканамічным развіццём г. Мiнска. У выніку была надрукавана манаграфія "Эфектыўнасць накаплення: сістэмны імператыў і метад прадпрымальніцтва".
П. Г. Нікіценка працягвае свае навуковыя пошукі. Ён заканчвае дактарантуру АГН пры ЦК КПСС, у 1991 г. паспяхова абараняе ў г. Маскве дысертацыю на тэму "Сацыялістычнае накапленне і фондаэканомны метад павышэння яго эфектыўнасці". Адным з першых даказвае, што грамадскае ўзнаўленне неабходна ажыццяўляць на макраўзроўні, з улікам сацыяльных і экалагічных фактараў. Пётр Георгіевіч становіцца доктарам эканамічных навук. Яму даручаюць узначальваць СП "Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр". У 1991 г. П. Г. Нікіценку прысвоена вучонае званне прафесара, у 1994 г. ён абраны членам-карэспандэнтам, а ў 2000 г. -- акадэмікам. У Нацыянальную акадэмію навук Беларусі Пётр Георгіевіч прыходзіць як дырэктар дзяржаўнай установы "Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" (далей -- Інстытут эканомікі НАН Беларусі) у 1998 г. З красавіка 2002 г. ён -- акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адначасова дырэктар інстытута.
Сёння П. Г. Нікіценка -- вядомы вучоны ў галіне палітычнай эканоміі, эканомікі дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання. Упершыню ім абгрунтавана і ўведзена ў сусветны навуковы ўжытак паняцце "наасферная эканоміка" як эканоміка, заснаваная на выкарыстанні планетарнага розуму-ведаў, распрацаваны і ў 1990 г. атэставаны Акадэміяй грамадскіх навук пры ЦК КПСС наасферная сацыяльна-эканамічная тэорыя чалавечага развіцця і трохсектарная мадэль грамадскай вытворчасці, сфармуляваны эканамічныя падставы і прыярытэты інавацыйнага развіцця. Пётр Георгіевіч -- аўтар тэарэтыка-метадалагічных і метадычных распрацовак па праблемах наасфернай эканомікі, эфектыўнасці інавацыйнага грамадскага ўзнаўлення, нацыянальнай бяспекі, устойлівага развіцця Беларусі ў кантэксце даследавання праблем чалавечай цывілізацыі.
Пэўным вынікам чарговага этапу ў біяграфіі вучонага стала фундаментальная праца "Наасферная эканоміка і сацыяльная палітыка: стратэгія інавацыйнага развіцця". У якасці эпіграфа выкарыстаны словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі: "Грамадства не можа існаваць без цэльнага збору ідэй, каштоўнасцей і норм, якія аб’ядноўваюць усіх грамадзян". Акадэмік П. Г. Нікіценка трактуе паняцце "наасферная эканоміка" больш шырока, чым раней, як разумны посткапіталістычны і постіндустрыяльны спосаб грамадскага ўзнаўлення тавараў, работ і паслуг на аснове ўдакладнення інавацыйных вытворчых зносін і пераважна постіндустрыяльных вытворчых сіл з адпаведнымі крытэрыямі эфектыўнасці: ступені адукаванасці чалавека, захоўваннем прыроды дзеля будучых пакаленняў, устойлівым ростам УВП і яго справядлівым размеркаваннем паміж членамі грамадства. У рабоце падкрэсліваецца, што ў трэцяй цывілізацыі дастойнае месца зоймуць тыя дзяржавы, якія фарміруюць у сваіх грамадзян яснае наасфернае мысленне, паколькі менавіта грамадства -- не пакінутая прыродай данасць, яно вынік дзейнасці людзей. Менавіта розум і дух чалавека фарміруюць грамадства.
Значнымі з’яўляюцца базавыя ўмовы станаўлення наасфернай эканомікі і сацыяльнай палітыкі. Аўтар манаграфіі падрабязна разглядае тэорыю і функцыі ўласнасці, у тым ліку на прыкладзе нашай краіны, робіць акцэнт на развіццё дасканалай канкурэнцыі шляхам павышэння якасці тавараў і паслуг, а таксама прадпрымальніцтва, бізнесу і фондавага рынку У выніку разважанняў дадзены рэкамендацыі. У кнізе разглядаюцца падыходы і інструменты ўсталявання механізма інтэлектуальнай уласнасці. Засноўваючыся на навуковым прагнозе, аўтар канстатуе: карэнныя эканамічныя пераўтварэнні немагчымы без стварэння інстытуцыянальнай інфраструктуры, якая "прызначана забяспечыць устойлівасць новых эканамічных зносін, іх увязку ў сістэмным полі і, нарэшце, незваротнасць рэформ". Акадэмік П. Г. Нікіценка падкрэслівае, што інавацыйнае развіццё -- не даніна модзе або чыёй-небудзь заўзятасці: "Яно абумоўлена шэрагам прычын і нацэлена на стварэнне посткапіталістычнай і постіндустрыяльнай (наасфернай) эканомікі".
Навуковы кіраўнік інавацыйных дзяржаўных праграм, прагнозаў бізнес-праектаў Пётр Георгіевіч працягвае фундаментальныя даследаванні па эканамічнай і сацыяльнай палітыцы, эканамічнай бяспецы з калектывам вучоных ін-стытута. Ён аўтар 250 навуковых прац, метадычных дапаможнікаў, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў.
Ужо сёння пад кіраўніцтвам акадэміка П. Г. Нікіценкі выкананы Комплексныя прагнозы навукова-тэхнічнага прагрэсу на перыяд да 2020 года, у якіх вызначаны прыярытэты і стратэгія інавацыйнага развіцця. Распрацавана Нацыянальная праграма развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2006--2010 гады, якая стала навуковай асновай фарміравання экспартнай палітыкі, эканамічных зносін Рэспублікі Беларусь. З 2006 г. інстытут распрацоўвае новыя дзяржаўныя праграмы, сярод якіх "Эканоміка і грамадства" і "Нацыянальная бяспека".
Значным з’яўляецца ўклад вучонага ў падрыхтоўку навуковых кадраў Дзякуючы яму, больш за 30 айчынных і замежных дактароў і кандыдатаў навук працуюць сёння самастойна. На працягу шэрагу гадоў ён быў старшынёй экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь па эканамічных навуках, а сёння ўзначальвае Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый пры Інстытуце эканомікі НАН Беларусі.
Пётр Георгіевіч Нікіценка з’яўляецца членам рэдкалегіі шматлікіх айчынных і міжнародных часопісаў.
Акадэмік П. Г. Нікіценка ўнёс значны ўклад у арганізацыю навукі ў Рэспубліцы Беларусь. З яго прыходам на пасаду дырэктара Інстытута эканомікі НАН Беларусі новы імпульс атрымаў працэс фарміравання інстытута як комплекснай эканамічнай навуковай установы, якая спалучае фундаментальныя даследаванні з распрацоўкай мэтавых прыкладных праграм развіцця нацыянальнай эканомікі Беларусі. Для вырашэння гэтых задач у інстытуце адкрыты новыя, аптымізаваны існуючыя і адноўлены былыя кірункі навуковай дзейнасці, сярод якіх даследаванні сусветнай эканомікі і міжнародных зносін з сусветнай супольнасцю; распрацоўка пытанняў развіцця і адраджэння вёскі; інавацыйнага развіцця; вывучэнне рэсурснага патэнцыялу і эканамічнай бяспекі і шэраг іншых актуальных напрамкаў Створаныя ў інстытуце арганізацыйныя структуры дазваляюць забяспечыць выкананне комплексу актуальных сацыяльна-эканамічных даследаванняў.
Пётр Георгіевіч неаднаразова адзначаўся высокімі ўрадавымі ўзнагародамі за дасягненні ў галіне навукі і дзяржаўнай дзейнасці. Ён узнагароджаны медалямі СССР, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сярэбраным медалём ВДНГ СССР, Ганаровай граматай НЭГ СССР "За лепшую апублікаваную работу ў галіне арганізацыі і кіравання эканомікай", Ганаровымі граматамі Мінгарвыканкома, ВАКа, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Ён з’яўляецца лаўрэатам узнагарод Прэзідэнтаў трох акадэмій (Украіна, Беларусь, Малдова) за выдатныя навуковыя дасягненні (2002 г.), Міжакадэмічнага міжнароднага рэйтынгу папулярнасці "Залатая фартуна" (2004 г.). Узнагароджаны знакам "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", граматамі міністэрстваў і ведамстваў.
Неаднаразова быў абраны дэпутатам мясцовых Саветаў.
Узрастаючы інтарэс, які акадэмік П. Г. Нікіценка праяўляе да рэалій нашага часу, пакідае надзею на тое, што і далей вучоны будзе ў фарватары навукі і грамадскага жыцця. З юбілеем!
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі
Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 16 лютага 2008 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2008 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2008 Выдавецкі дом "Беларуская навука"