Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст 
   
  Расшыраны пошук
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Інтэрнэт-сайт I з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны прававы Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Вучоныя Беларусі: Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 3, 2006 (С. 123--124)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Трухан Т.М.
Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 95-годдзя з дня нараджэння).

У ліпені 2006 г. споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мовазнаўцы, члена-карэспандэнта НАН Беларусі доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча Беларусі, лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч.

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч нарадзілася 27 ліпеня 1911 года ў в. Ухлё Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1929 г. яна скончыла сямігодку і паступіла ў Магілёўскі педагагічны тэхнікум. Пасля яго заканчэння працавала настаўніцай пачатковай школы ў в. Гулькі Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1934 г. Ю.Ф. Мацкевіч закончыла падрых- тоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ і ў гэтым жа годзе паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут на факультэт мовы і літаратуры. Пасля яго заканчэння па рэкамендацыі вядомага беларускага лінгвіста прафесара К. I. Гурскага Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч паступіла ў аспірантуру Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, дзе спецыялізавалася па гісторыі беларускай мовы пад кіраўніцтвам прафесара Е. С. Істрынай (Ленінград).

Далейшай навуковай працы перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. У гады вайны Ю.Ф. Мацкевіч жыла з дзецьмі ў в. Слабада Смалявіцкага раёна і была сувязной партызанскай брыгады.

У 1945 г. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч вярнулася ў Мінск і з радасцю прыняла запрашэнне на працу ў сектар мовы Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, якім кіраваў у той час К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва). Яна, працуючы ў сектары, адразу ўключылася ў групу складальнікаў Руска-беларускага слоўніка (1953). Адначасова Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч працавала над кандыдацкай дысертацыяй "Літоўскі статут 1529 г. як помнік беларускай літаратурнаій мовы XV - пачатку XVI стагоддзя" і паспяхова абараніла яе ў 1946 г.

Пасля вайны ў Беларусі аднаўляюцца дыялекталагічныя даследаванні, і гэта галіна мовазнаўства стала адным з асноўных навуковых інтарэсаў Ю.Ф. Мацкевіч.

У 1950 г. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч ўзначаліла сектар дыялекталогіі. 3 гэтага часу яна фактычна становіцца кіраўніком ўсёй дыялекталагічнай работы, што вялася ў Беларусі. Нязменным кіраўніком сектара дыялекталогіі яна была да 1986 г.

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч з'яўляецца кіраўніком і адной з самых актыўных удзсльніц такіх фундаментальных калектыўных работ Інстытута, як "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963). "Нарысы па беларускай дыялекталогіі" (1964), "Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі" (1962), "Лінвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак" (1968-1969). У 1971 г. за комплекс гэтых прац Ю.Ф. Мацкевіч і ўсяму аўтарскаму калектыву была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч -- аўтар звыш 100 навуковых прац у галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускай мовы, лексікаграфіі і тапанімікі. Адметнае месца сярод гэтых прац займае манаграфія Ю.Ф. Мацкевіч "Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове" (1959).

3 60-х гадоў XX ст. даследаванні беларускіх дыялектолагаў былі накіраваны на вывучэнне лексічнага складу беларускіх народных гаворак.

Пад кіраўніцтвам Юзэфы Фларыянаўны і пры яе актыўным удзеле быў падрыхтаваны пяцітомны "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1979-1986). У слоўніку прадстаўлена разнастайная лексіка паўночна-заходняй дыялектнай зоны.

3 1970 г. Ю.Ф. Мацкевіч разам з іншымі калегамі сектара дыялекталогіі працуе над новай буйной лінгвагеаграфічнай работай -- "Лексічным атласам беларускіх народных гаворак". У 1971 г. пачаўся збор матэрыялаў, затым - складанне карт. У 1981 г. праца над атласам пад кіраўніцтвам Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч была завершана. Апублікаваны пяць тамоў атласа: "Жывёльны і раслінны свет" (1993), "Сельская гаспадарка" (1994), "Чалавек" (1996), "Побыт" (1997), "Се-мантыка. Словаўтварэнне. Націск" (1998). Лексічны атлас беларускіх народных гаворак -- адзін з найбольш поўных лінгвістычных атласаў у славянскім мовазнаўстве, якія прысвечаны картаграфаванню лексікі. На картах атласа прадстаўлены намінацыі розных прадметна-тэматычных груп беларускай дыялектнай мовы. Яны змяшчаюць таксама і новыя цікавыя даныя па фанетыцы, акцэнталогіі, словаўтварэнню і семантыцы. Гэтая грунтоўная праца атрымала высокую ўзнагароду -- Ю.Ф. Мацкевіч і асноўнаму аўтарскаму калектыву прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г.

У 1969 г. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч як буйнейшы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі, аўтар шматлікіх навуковых прац была абрана членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1978 г. ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Ю.Ф. Мацкевіч узнагароджана ордэнам Дружбы народаў (1981) і медалём "За доблесную працу" (1970).

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч памёрла 23 лістапада 2003 г.

Яна захавалася ў памяці сваіх калег як нястомны, працавіты, сціплы, добразычлівы чалавек. Да апошніх дзён жыцця ўсе свае веды і сілы Ю.Ф. Мацкевіч аддавала справе развіцця беларускай лінгвістычнай навукі.

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 20 верасня 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2006 Выдавецкі дом "Беларуская навука"