Вучоныя Беларусі: Памяці члена-карэспандэнта НАН Беларусі Андрэя Аляксандравіча Богуша
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы
Вучоныя Беларусі: Памяці члена-карэспандэнта НАН Беларусі Андрэя Аляксандравіча Богуша

|
Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ФІЗІКА-МАТЭМАТЫЧНЫХ НАВУКВыдавец: Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Асобны артыкул з нумара 4, 2009 (С. 123--124)
ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСІ
Памяці члена-карэспандэнта НАН Беларусі Андрэя Аляксандравіча Богуша
Беларуская навука панесла цяжкую страту. Пасля працяглай хваробы 21 ліпеня 2009 г. пайшоў з жыцця вядомы беларускі фізік, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Андрэй Аляксандравіч Богуш.
Андрэй Аляксандравіч нарадзіўся ў 1925 г. на Гродзеншчыне ў мястэчку Карэлічы. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе рабочай моладзі, якую закончыў з залатым медалём. У 1947 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт (аддзяленне фізікі) Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які закончыў з адзнакай у 1952 г. Пасля заканчэння універсітэта працаваў настаўнікам фізікі СШ № 8 г. Магілёва, а з 1953 г. -- выкладчыкам кафедры фізікі Магілёўскага педагагічнага інстытута.
3 1957 г., пасля наступления ў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР, Андрэй Аляксандравіч назаўсёды звязаў свой лес з гэтай акадэмічнай установай, дзе сфарміраваўся як вучоны. Тут ён прайшоў шлях ад аспіранта да доктара навук, стваральніка і загадчыка буйной лабараторыі.
Праблемы сіметрыі ў свеце элементарных часціц былі ў цэнтры яго навуковых даследаванняў, якія ажыццяўляліся ў лабараторыі тэарэтычнай фізікі пад кіраўніцтвам выдатнага фізіка Фёдара Іванавіча Фёдарава.
У 1963 г. А.А. Богуш паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1974 г. -- доктарскую (яна была першай у Беларусі ў галіне фізікі элементарных часціц).
Значны ўклад зрабіў А.А. Богуш у развіццё групавога і алгебраічнага падыходаў у тэорыі элементарных часціц.
Вынікі даследаванняў А.А. Богуша адлюстраваны больш чым у 300 навуковых працах, у тым ліку ў трох манаграфіях ("Уводзіны ў тэорыю класічных палёў", у суаўтарстве з Л. Р. Марозам (1968), "Уводзіны ў палявую тэорыю элементарных часціц" (1981), "Уводзіны ў калібровачную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў" (1987)), а таксама ў пяці кнігах і брашурах, прысвечаных папулярызацыі фізічных ведаў, гісторыі навукі, праблемам арганізацыі навуковых даследаванняў і выкладання некаторых пытанняў сучаснай навукі.
Вялікая навуковая праца Андрэя Аляксандравіча арганічна спалучалася з навукова-арганізацыйнай. 3 1978 да 2004 г. ён кіраваў створанай ім лабараторыяй фізікі высокіх энергій, супрацоўнікі якой дабіліся значных навуковых вынікаў. Шмат сіл і ўвагі аддаваў вучоны пытанням развіцця тых экспериментальных работ, якія ажыццяўлялі супрацоўнікі Інстытута фізікі разам з вучонымі Аб'яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне, Інстытута высокіх энергій у Серпухаве, Фізічнага інстытута імя П. М. Лебедзева і Інстытута ядзерных даследаванняў РАН у Маскве, Еўрапейскага цэнтра ядзерных даследаванняў (CERN, г. Жэнева, Швейцарыя) і іншых міжнародных навуковых арганізацый. У гэтых работах атрыманы значныя навуковыя вынікі ў галіне эксперыментальнай фізікі высокіх энергій: устаноўлены новыя заканамернасці множнага нараджэння часціц, з рэкорднай дакладнасцю вымераны сячэнні гіперзарадаваабменных рэакцый і разлічаны канстанты, якія сведчаць аб складанай сруктуры часціц. Паспяхова завершаны су-месныя работы па стварэнні і натурных выпрабаваннях каларыметраў для Вялікага адроннага калайдэра (LHC) у г. Жэневе.
У 1995--2005 гг. А.А. Богуш каардынаваў рэспубліканскія праграмы навуковых даследаванняў у галіне фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Ён быў членам савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце фізікі імя Б. I. Сцяпанава HAH Белаpyci, Нацыянальнага каардынацыйнага савета па фізіцы часціц і высокіх энергій пры Паўнамоцмым прадстаўніку АІЯД (г. Дубна, Расія) у Рэспубліцы Беларусь, а таксама навукова-рэдакцыйнага савета Беларускай энцыклапедыі.
Напрыканцы 1990-х - на пачатку 2000-х гадоў А.А. Богуш выканаў шэраг прац у новым напрамку развіцця тэарэтычнай фізікі -- тэорыі квантавых груп і плённа працаваў у галіне гісторыі развіцця фізікі XX стагоддзя.
Многа і плённа працаваў Андрэй Аляксандравіч з моладдзю. Пад яго кіраўніцтвам абаронены дванаццаць кандыдацкіх дысертацый; з яго ўдзелам падрыхтаваны чатыры дактары навук. Курсы "Класічныя палі" і "Тэорыя калібровачных палёў", якія вучоны на працягу 35 гадоў чытаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, нязменна карысталіся папулярнасцю ў студэнтаў-старшакурснікаў, якія спецыялізаваліся ў галіне тэарэтычнай фізікі. Вялікі ўклад А.А. Богуша ў арганізацыю і забеспячэнне вучэбнага і навукова-даследчага працэсаў на фізічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (ён ажыццяўляў шматгадовае кіраўніцтва філіялам кафедры тэарэтычнай фізікі ГДУ пры Інстытуце фізікі імя Б.I. Сцяпанава).
А.А. Богуш на працягу многіх гадоў быў намеснікам старшыні рэдакцыйна-выдавецкага савета Інстытута фізікі, уваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса "Весці Акадэміі навук Беларусі" (серыя фізіка-матэматычных навук), з'яўляўся рэферэнтам міжнародных часопісаў па матэматыцы "Цэнтралблат фюр матэматык" і "Матэматыкал рэвью".
За шматгранную, пленную навуковую і навукова-арганізацыйную працу А.А. Богуш быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980), атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР (1988), абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).
Таленавіты вучоны, працавіты, надзейны, пунктуальны, добразычлівы, надзелены значным пачуццём гумару -- такім назаўседы застанецца Андрэй Аляксандравіч Богуш у памяці калег і сяброў.
/ Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі
Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 11 лютага 2010 г.
Створана пры ўдзеле Людмілы В. Смаленцавай
Капірайт © 2009-2010 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2009 Выдавецкі дом "Беларуская навука"