Архіў навін 2009 года
/ Навіны / Архіў навін / Верасень 2009 года
30.09.2009
Адкрыты інтэрнет-сайт Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
У сетцы Інтэрнет па адрасе http://www.imef.basnet.by адкрыты сайт Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якога з'яўляюцца вывучэнне этнакультурных працэсаў на тэрыторыі Беларусі, даследаванне міжэтнічных сувязей беларусаў, рускіх, украінцаў і іншых народаў у галіне матэрыяльнай і духоўнай культуры, аналіз праблем гісторыі і тэорыі беларускага мастацтва, антрапалогіі. На інтэрнэт-сайце, некаторыя раздзелы якога яшчэ знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, прадстаўлена разгорнутая інфармацыя аб арганізацыйнай структуры інстытута, гісторыі, асноўных напрамках і выніках дзейнасці яго аддзелаў, аспірантуры інстытута, выконваемых дзяржаўных праграмах, канферэнцыях.
29.09.2009
Заўтра адкрываецца Міжнародны навукова-практычны семінар "Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы"
30 верасня 2009 г. у Інстытуце эксперыментальнай батанікі ім. В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная 27, к. 315) адкрываецца Міжнародны навукова-практычны семінар "Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы". Семінар праводзіцца ў рамках плана мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па правядзенні Года роднай зямлі і будзе працаваць 2 дні. У рабоце семінара прымаюць удзел прадстаўнікі ведамстваў, устаноў навукі, аховы прыроды, адукацыі, культуры і прадпрыемстваў лясной гаспадаркі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Германіі, Канады, Туркменістана. Праграмай семінара прадугледжана работа двух секцый: "Актуальныя праблемы класіфікацыі і картаграфавання расліннасці балот" і "Ахова і выкарыстанне балот: сучасныя праблемы, падыходы, метады і вынікі". Пленарнае пасяджэнне пачнецца ў 11.00. Рэгістрацыя ўдзельнікаў будзе праводзіцца 30 верасня з 8.30. З праграмай семінара можна азнаёміцца тут.
29.09.2009
Дзесяць гадоў таму ў Акадэміі навук створаны Цэнтр маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў
Дзесяць гадоў таму Урадам Рэспублікі Беларусь была прынята прапанова Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства статыстыкі і аналізу аб стварэнні Цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў у складзе Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў якасці яго структурнага падраздзялення. Палажэннем аб маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 1999 г. №1494, устанаўлівалася, што такі маніторынг уяўляе сабой прагнозна-аналітычную сістэму адсочвання працэсаў міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, а Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ажыццяўляе агульную каардынацыю дзейнасці па арганізацыі і вядзенню маніторынгу, вызначае па ўзгадненні з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання арганізацыйную схему вядзення маніторынгу, сістэму паказчыкаў і тэрміны прадастаўлення інфармацыі. За мінулыя гады Цэнтрам маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў створана сістэма маніторынгу працэсаў інтэлектуальнай міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь, выдадзены тры калектыўныя манаграфіі па праблематыцы ўзнаўлення навуковых кадраў і інтэлектуальнай міграцыі, якія атрымалі станоўчы водгук у навуковай супольнасці. Цэнтр прыняў удзел у стварэнні Атласа навукі Рэспублікі Беларусь, удзельнічае ў выкананні Дзяржаўнай міграцыйнай праграмы на 2006-2010 гады і заданняў падпраграмы "Аптымізацыя міграцыйных працэсаў" Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гг. У рамках дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў "Эканоміка і грамадства" на 2006-2010 гг. Цэнтрам ажыццяўляецца навуказнаўчы аналіз і маніторынг развіцця кадравага патэнцыялу навукі і сістэмы ўзнаўлення навуковых кадраў ва ўмовах станаўлення інавацыйнай эканомікі.
28.09.2009
Аб'яўлены адкрыты конкурс навукова-тэхнічных праектаў заданняў дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Касмічныя сістэмы і тэхналогіі" на 2010-2012 гады
У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку распрацоўкі і выканання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2005 г. №961, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі абвясцілі аб правядзенні адкрытага конкурсу навукова-тэхнічных праектаў заданняў дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Касмічныя сістэмы і тэхналогіі" на 2010-2012 гады. Прапановы неабходна накіроўваць у галаўную арганізацыю-выканаўца праграмы - дзяржаўную навуковую ўстанову "Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі" (220012, г. Мінск, вул. Сурганава, 6. Тэл.: 2842277, факс: 2842175, e-mail: tvt@newman.bas-net.by). Матэрыялы афармляюцца па ўстаноўленых Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях формах, якія можна атрымаць у галаўной арганізацыі-выканаўцы праграмы або дзяржкамітэта. Праекты заданняў павінны быць прадстаўлены да 2 лістапада 2009 г. у чатырох асобна прашытых экземплярах. Накіраваныя на конкурс матэрыялы не вяртаюцца.
27.09.2009
Сёння спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта У.К. Саўчанкі
27 верасня 2009 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння генетыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1979-1990 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР, у 1980-1990 гг. старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта па праграме ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера", у 1990-2002 гг. галоўнага праграмнага спецыяліста сектара прыродазнаўчых навук ЮНЕСКА, у 2003-2007 гг. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Уладзіміра Кірылавіча Саўчанкі.
26.09.2009
Выдадзены зборнік архіўных матэрыялаў, звязаных з уз'яднаннем Заходняй Беларусі з БССР

У Выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшаў з друку зборнік "Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі...". Верасень 1939 г. -1956 г.: дакументы і матэрыялы" у двух кнігах. Зборнік падрыхтаваны да Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Восень 1939 года ў гістарычным лёсе Беларусi", прысвечанай 70-годдзю ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, і з'яўляецца вынікам сумеснай працы вучоных Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і спецыялістаў Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі. У двухтомніку змешчана больш за 200 унікальных дакументаў 1939-1956 гг., якія адлюстроўваюць падзеі, звязаныя з уз'яднаннем беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве, а таксама з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі пераўтварэннямі, накіраванымі на этнічную і тэрытарыяльную кансалідацыю аб'яднанай Беларусі. У якасці ілюстрацый змешчаны фотадакументы з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Большасць дакументальных архіўных матэрыялаў зборніка апублікавана ўпершыню і выклікае цікавасць навукоўцаў і грамадскасці.
25.09.2009
Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка К.В. Горава (1904-1988)
25 верасня 2009 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне металазнаўства, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1938-1947 гг. прэзідэнта АН БССР, у 1947-1949 гг. дырэктара Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, у 1947 акадэміка-сакратара АН БССР, у 1950-1973 гг. загадчыка лабараторыі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, у 1969-1973 гг. віцэ-прэзідэнта АН БССР, у 1974-1976 гг. в.а. акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР, у 1976-1988 гг. старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Канстанціна Васільевіча Горава.
23.09.2009
Заўтра адкрываецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Восень 1939 года ў гістарычным лёсе Беларусі"
24 верасня 2009 г. у 11.00 у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск, вул. Акадэмічная 1, к. 223) адкрываецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Восень 1939 года ў гістарычным лёсе Беларусі". Канферэнцыя праводзіцца ў рамках выканання дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006-2010 гг. "Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры" і будзе працаваць два дні. Яе праграмай прадугледжана работа двух секцый: "Грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча Заходняй Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст." і "Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў Заходняй Беларусі". Пленарнае пасяджэнне пачнецца ў 11.30. Рэгістрацыя ўдзельнікаў будзе праводзіцца 24 верасня з 9.00. З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца тут.
23.09.2009
Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акадэміка В.І. Парфёнава
23 верасня 2009 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага ў галіне батанікі і экалогіі, які ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне і сістэматыку флоры Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1973 г. дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі імя У.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, з 2000 г. ганаровага дырэктара і загадчыка аддзела гэтага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Віктара Іванавіча Парфёнава.
22.09.2009
Унесены змяненні і дапаўненне ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 жніўня 2003 г. №1065
Пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2009 г. №1202 унесены змяненні і дапаўненне ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 жніўня 2003 г. №1065 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб міжнародных навукова-тэхнічных праектах, якія выконваюцца ў рамках міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь". Змены тычацца, у прыватнасці, парадку фарміравання прапаноў аб аб'ёмах сродкаў рэспубліканскага бюджэту для фінансавання навукова-тэхнічных праектаў, парадку заключэння дзяржаўнымі заказчыкамі з арганізацыямі-выканаўцамі праектаў дагавораў на выкананне прадугледжаных у іх работ, а таксама вызначэння адказнасці дзяржаўнага заказчыка навукова-тэхнічных праектаў за мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў, накіраваных на выкананне праектаў, і своечасовае прыняцце мер па вяртанню выдзеленых на выкананне праектаў бюджэтных сродкаў, выкарыстаных не па мэтаваму прызначэнню або з парушэннем бюджэтнага заканадаўства.
21.09.2009
Інвестыцыі як фактар росту эканомікі
Гэтай тэме прысвечаны вераснёўскі нумар часопіса Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі "Навука і інавацыі", які выйшаў з друку. Што адбываецца на гэтым полі дзейнасці сёння і што неабходна зрабіць, каб павялічыць прыток замежнага капіталу ў эканоміку нашай краіны заўтра, - гэтыя пытанні рэдакцыя выдання адрасавала вядучым айчынным і замежным спецыялістам. Сваімі поглядамі на праблему падзяліліся першы намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Пётр Жабко, намеснік дырэктара ЗАТ "Інвестыцыйная кампанія "ЮНІТЕР" Раман Осіпаў, дырэктар РУП "Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва" Віктар Каваленка, намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах ТАА "Белінтэртранс" Сяргей Касько, прафесар кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў БДЭУ Анатоль Ільін, кіраўнік Аддзела садзейнічання гандлю і інвестыцыям Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь саветнік Веслаў Пакладэк, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін НАН Украіны Любоў Гальперын. Набыць свежы нумар часопіса "Навука і інавацыі" можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга".
19.09.2009
Сёння спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.П. Прахарэнкі (1939-2008)
19 верасня 2009 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне фізікі неразбураючага кантролю, тэхнічнай дыягностыкі і матэрыялазнаўства, у 1984-1993 гг. загадчыка лабараторыі, у 1993-2005 гг. дырэктара, з 2005 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Пятра Пятровіча Прахарэнкі.
19.09.2009
Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння акадэміка Я.Р. Канавалава (1914-1974)
19 верасня 2009 г. спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне тэхналогіі машынабудавання, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БCCР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1955 г. загадчыка лабараторыі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, з 1970 г. в.а. акадэміка-сакратара, з 1973 акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Яўменія Рыгоравіча Канавалава.
18.09.2009
Вызначаны парадак устанаўлення статусу ўдзельніка ліквідацыі наступстваў і статусу пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый
У адпаведнасці з артыкуламі 10 і 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2009 г. №1170 зацверджана Палажэнне аб парадку ўстанаўлення грамадзянам, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, статусу ўдзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, статусу пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, а таксама выдачы дакументаў, якія пацвярджаюць права на льготы. Міністэрству па надзвычайных сітуацыях даручана даваць тлумачэнні аб парадку прымянення гэтай пастановы.
17.09.2009
Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Г.Д. Карпенкі (1949-1999)
17 верасня 2009 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне тэхналогіі новых матэрыялаў і пакрыццяў, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1983-1987 гг. загадчыка аддзела Беларускага НДІ парашковай металургіі, у 1987-1990 гг. дырэктара Маладзечанскага завода парашковай металургіі, у 1990-1992 гг. старшыні камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у 1991-1994 гг. старшыні Маладзечанскага гарвыканкама, у 1996 г. намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі.
17.09.2009
Сёння адкрываецца III Сесія Савета па кнігавыданню пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук
17 верасня ў 15.30 у будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66, к. 216) адкрывае сваю працу III Сесія Савета па кнігавыданню пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН). Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук створана ў 1993 годзе з мэтай аб'яднання намаганняў 15 акадэмій навук у вырашэнні на шматбаковай аснове найважнейшых навуковых праблем, у захаванні гістарычна склаўшыхся і развіцці новых творчых сувязяў паміж навукоўцамі. У МААН на правах паўнапраўных членаў уваходзяць акадэміі навук краін СНД і В'етнама, а Славакіі і Чэхіі - у якасці назіральнікаў. Савет па кнігавыданню пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук створаны для развіцця супрацоўніцтва ў выдавецкай сферы, садзейнічання кнігаабмену паміж акадэміямі навук, якія ўваходзяць у Асацыяцыю. Праграмай Сесіі прадугледжана абмеркаванне вынікаў дзейнасці Савета па кнігавыданню і яго бліжэйшых задач, праекта Дэкларацыі аб падтрымцы кнігі, пытанняў правядзення конкурсу на лепшы навукова-выдавецкі праект, культуры выдання творчай спадчыны класікаў беларускай літаратуры, праблем выхаду ўкраінскага кнігавыдання ў міжнародную навукова-выдавецкую вытворчасць, распаўсюджвання навуковых выданняў НАН Казахстана. У рамках Сесіі праходзіць Міжнародная навуковая канферэнцыя "Славянскае кнігадрукаванне і культура кнігі", прысвечаная тэарэтыка-метадалагічным праблемам вывучэння гісторыі кніжнай культуры, крыніцазнаўчым і гісторыяграфічным аспектам даследавання гісторыі славянскага кнігадрукавання.
16.09.2009
Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.В. Кудзельскага
16 верасня 2009 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага, буйнога спецыяліста ў галіне рэгіянальнай геалогіі і гідрагеалогіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, з 1971 г. вучонага сакратара Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, у 1974-1991 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута геалагічных навук АН БССР, у 1992-1993 гг. намесніка дырэктара па навуцы Беларускага навукова-даследчага цэнтра "Экалогія" Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі, з 1993 г. загадчыка лабараторыі Інстытута геалагічных навук, з 2008 г. загадчыка лабараторыі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара Анатолія Віктаравіча Кудзельскага.
15.09.2009
Акадэмічнымі арганізацыямі падпісаны кантракты з венесуэльскімі калегамі амаль на два мільёны долараў ЗША
На мінулым тыдні, падчас візіту афіцыйнай дэлегацыі Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла на чале з прэзідэнтам Уга Чавесам у Мінск, у Міністэрстве замежных спраў адбылася знамянальная падзея - адразу 5 арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падпісалі кантракты са сваімі венесуэльскімі калегамі на агульную суму 1 млн 885 тыс. долараў ЗША з тэрмінамі рэалізацыі ад года да трох гадоў. Асноўнымі партнёрамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сталі Венесуэльскі інстытут навуковых даследаванняў (IVIC), Інжынерны інстытут (II) і Нацыянальны інстытут сельскагаспадарчых даследаванняў (INIA). У рамках падпісаных кантрактаў Інстытут мікрабіялогіі будзе ствараць комплекснае біяўгнаенне для шырокага спектру бабовых культур, Інстытут цепла- і масабмену імя А.В.Лыкова зоймецца вытворчасцю і захоўваннем вадароду, атрыманага з гідракарбіду, і сінтэзам вугляродных нанотрубак, супрацоўнікі Інстытута прыродакарыстання будуць праводзіць ацэнку ўзроўню забруджвання і рызык, звязаных з хімічнымі і радыеактыўнымі шкоднымі рэчывамі ў навакольным асяроддзі, а Інстытута генетыкі і цыталогіі - удасканальваць сістэмы біябяспекі ў галіне сельскагаспадарчай біятэхналогіі ў Беларусі і INIA. Сферай дзейнасці НІРУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" стане выкарыстанне геаінфармацыйных тэхналогій для прадухілення экалагічных рызык, звязаных з эрозіяй глеб у прыбярэжных зонах, а ў будучыні, у адпаведнасці з Пратаколам аб намерах з Нацыянальным цэнтрам навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак у галіне тэлекамунікацый пры Міністэрстве народнай улады па навуцы, тэхналогіі і сярэдняй прамысловасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, - стварэнне вылічальнага цэнтра апрацоўкі інфармацыі і праграмна-апаратнага комплексу прыёму касмічнай інфармацыі ў Венесуэле. У ходзе адбыўшагася візіту венесуэльскія партнёры ўзялі на сябе абавязацельства на працягу месяца завяршыць працэдуру разгляду яшчэ 5 кантрактных прапаноў Акадэміі навук з тым, каб паспець ажыццявіць іх двухбаковае ўзгадненне да запланаванага на студзень 2010 года візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Каракас.
14.09.2009
Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.М. Шырокава (1924-2003)
14 верасня 2009 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і тэорыі інфармацыі, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, з 1982 г. загадчыка кафедры, дэкана Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з 1990 г. рэктара Інстытута сучасных ведаў, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Аляксандра Міхайлавіча Шырокава.
12.09.2009
Зацверджаны пералік відаў раслін, сарты якіх ахоўваюцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб патэнтах на сарты раслін"
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 1995 г. "Аб патэнтах на сарты раслін" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2009 г. №1152 зацверджаны пералік 78 відаў раслін, сарты якіх ахоўваюцца ў адпаведнасці з дадзеным Законам Рэспублікі Беларусь. Адначасова прызнаныя страціўшымі сілу шэраг пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы новых сартоў раслін і рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб патэнтах на сарты раслін", якім рэгулююцца маёмасныя і асабістыя немаёмасныя праваадносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем (выяўленнем, вывядзеннем), прававой аховай і выкарыстаннем сартоў раслін, на якія выдадзены патэнты.
11.09.2009
Выдавецкі дом "Беларуская навука" удастоены "Залатога фаліянта" за кнігу "Галасы страчаных вёсак"
Кніга "Галасы страчаных вёсак", якая ў мінулым годзе пабачыла свет у Выдавецкім доме "Беларуская навука", атрымала ўзнагароду 49-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" - статуэтку "Залаты фаліянт" і дыплом лаўрэата ў намінацыі "Зямля мая...". Падвядзенне вынікаў конкурсу "Мастацтва кнігі - 2009" і ўручэнне прызоў яго пераможцам адбылося ў рамках Дня беларускай пісьменнасці, які прайшоў у Смаргоні.

У кнігу "Галасы страчаных вёсак" увайшлі матэрыялы даследаванняў, што праводзіліся Веткаўскім музеем народнай творчасці ў рэгіёне Веткі больш за 25 гадоў. На яе старонках прадстаўлена мастацкая культура і традыцыі вёсак, страчаных у выніку наступстваў Чарнобыльскай трагедыі. Гэта шэраг стараверскіх паселішчаў, якія захавалі старажытную кніжную культуру і стварылі непаўторны іканапіс, а таксама беларускія вёскі з багатай фальклорнай традыцыяй, якая ўвасобілася ў народнай іконе, асаблівасцях жаночага касцюма, арнаменце тканых ручнікоў. Аўтары кнігі імкнуліся перадаць чытачу захапленне гармоніяй традыцыйнай культуры, поўнай таямніц і паэзіі. Кніга багата ілюстравана, разлічана не толькі на навукоўцаў-гуманітарыяў, але і на ўсіх тых, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай. Яна была таксама прадстаўлена на VI Міжнародным конкурсе дзяржаў-удзельніц СНД "Мастацтва кнігі", урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў якога адбылося ў верасні падчас правядзення ХХIІ Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У намінацыі "Мая краіна" кніга "Галасы страчаных вёсак" адзначана дыпломам I ступені.
10.09.2009
Унесены змяненні ў пастанову Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 жнiўня 2001 г. №1137
Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 8 верасня 2009 г. №1156 унесены змяненні ў пастанову Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 жнiўня 2001 г. №1137 "Аб аб'яўленнi калекцый твораў мастацтва аддзела старажытнабеларускай культуры i калекцыi фальклорных запiсаў аддзела славiстыкi Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя Кандрата Крапiвы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi навуковымi аб'ектамi, якiя складаюць нацыянальны здабытак". Згодна з дадзенай пастановай фiнансаванне расходаў па забеспячэнню захаванасцi i функцыянiравання гэтых калекцый будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, якiя ва ўстаноўленым парадку прадугледжваюцца Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi на прыкладныя навуковыя даследаванні, навукова-тэхнічныя праграмы і праекты ў галіне агульнадзяржаўнай дзейнасці.
10.09.2009
Зацверджана дзяржаўная праграма прыкладных навуковых даследаванняў "Фармтэхналогіі" на 2009-2011 гады
Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 4 верасня 2009 г. №79 зацверджана дзяржаўная праграма прыкладных навуковых даследаванняў "Распрацоўка і асваенне тэхналогіі доследна-прамысловага выпуску фармацэўтычных сродкаў лячэбна-прафілактычнага дзеяння на аснове біялагічна актыўных рэчываў сінтэтычнага і прыроднага паходжання" (ДППД "Фармтэхналогіі") на 2009-2011 гады, сфарміраваная ва ўстаноўленым парадку па выніках дзяржаўнай навуковай экспертызы і конкурснага адбору заданняў. У ходзе выканання ДППД "Фармтэхналогіі", рэалізацыя якой прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.06.2009 №777, будуць атрыманы новыя навуковыя даныя аб ролі біялагічна актыўных злучэнняў сінтэтычнага і прыроднага паходжання ў рэгуляцыі абмену рэчываў у чалавека і жывёл і рэалізацыі фармакалагічных эфектаў; распрацавана тэхналогія стварэння новых фармацэўтычных сродкаў лячэбна-прафілактычнага дзеяння і асвоены доследна-прамысловы выпуск. Прэзідыумам НАН Беларусі зацверджаны таксама навуковы кіраўнік праграмы - першы намеснік дырэктара дзяржаўнай установы "Навукова-вытворчы цэнтр "Інстытут фармакалогіі і біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" кандыдат хімічных навук Пятроў П.Ц., склад навуковага савета і план работ па праграме на 2009 год. Галаўной арганізацыі-выканаўцу работ па ДППД "Фармтэхналогіі" даручана прыняць меры па прыцягненню пазабюджэтных сродкаў для выканання заданняў праграмы, у тым ліку сродкаў патэнцыйных спажыўцоў вынікаў выканання навукова-даследчых работ.
09.09.2009
Выйшла з друку кніга "Беларусы: Сучасныя этнакультурныя працэсы"
У Выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшла з друку кніга "Беларусы: Сучасныя этнакультурныя працэсы", падрыхтаваная Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі i фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У гэтым 600-старонкавым выданні ўпершыню ў беларускай этналогіі на падставе матэрыялаў шматгадовых палявых экспедыцыйных даследаванняў, статыстычных i архіўных крыніц аналізуюцца сучасныя этнакультурныя працэсы, развіццё навуковай думкі аб паходжанні беларусаў, асноўныя фактары этнакультурнай дынамікі. Раскрываецца роля дзяржавы ў фарміраванні сучасных этнакультурных працэсаў, апісваюцца сучасныя святы, традыцыі сямейнага выхавання i этнакультурныя змены ў сям'і, прафесійная культура i дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Кніга будзе карыснай для спецыялістаў дзяржаўных устаноў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, а таксама этнолагаў, гісторыкаў, культуролагаў, сацыёлагаў, эканамістаў i для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца пытаннямі культуры беларусаў. Набыць кнігу можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга".
08.09.2009
Міжнародная канферэнцыя "Навука ў Балтыйскім рэгіёне: дасягненні і перспектывы супрацоўніцтва" адбудзецца 16-17 верасня ў Вільнюсе
16-17 верасня 2009 г. у Вільнюсе (Літоўская Рэспубліка) адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя "Навука ў Балтыйскім рэгіёне: дасягненні і перспектывы супрацоўніцтва", якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Акадэміяй навук Літвы. Канферэнцыя праводзіцца з мэтай актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва паміж вучонымі краін Балтыйскага рэгіёну і будзе праходзіць паралельна з Беларуска-Літоўскім міжнародным эканамічным форумам. Праграмны камітэт міжнароднай навуковай канферэнцыі ўзначальваюць Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі М.У. Мясніковіч, Прэзідэнт Літоўскай акадэміі навук В. Разумас і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы У.М. Дражын. З праграмай дадзенага мерапрыемства, умовамі ўдзелу ў ім і іншай неабходнай інфармацыяй больш падрабязна можна азнаёміцца на сайце канферэнцыі.
08.09.2009
Выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб дадатковых мерах па стымуляванні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці
7 верасня 2009 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №441 "Аб дадатковых мерах па стымуляванні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці", ініцыятарам прыняцця і распрацоўшчыкам праекта якога выступіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Гэтым заканадаўчым актам устаноўлена, што пры правядзенні найбольш значных для Рэспублікі Беларусь навуковых даследаванняў і распрацовак для аплаты працы непасрэдна выконваючых іх работнікаў прымяняецца тарыфная стаўка першага разраду, устаноўленая Урадам Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, з улікам павышаючага каэфіцыента да 2,5, а прэміраванне па выніках выканання адпаведных работ або іх этапаў ажыццяўляецца ў памеры да 5 службовых акладаў (акладаў) у межах сродкаў фонду аплаты працы. Найбольш значныя для Рэспублікі Беларусь навуковыя даследаванні і распрацоўкі па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, рэалізацыя якіх будзе садзейнічаць умацаванню нацыянальнай бяспекі, паляпшэнню якасці жыцця насельніцтва, павелічэнню аб'ёму экспарту прадукцыі айчынных вытворцаў, вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Указам Кіраўніка дзяржавы кіраўнікам навуковых арганізацый НАН Беларусi, што фінансуюцца з бюджэту, прадастаўлена права накіроўваць да 15% сродкаў планавага фонду заработнай платы на павышэнне да 200% тарыфных акладаў асобных работнікаў, якія непасрэдна выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне стварэння і асваення новых відаў прадукцыі і тэхналогій, новых арганізацыйна-тэхнічных рашэнняў вытворчага і сацыяльна-эканамічнага характару, а таксама арганізуюць іх ўкараненне. Пералік такіх работ будзе зацвярджацца Прэзідыумам Акадэміі навук па прадстаўленню вучоных (навукова-тэхнічных) саветаў навуковых арганізацый. Акрамя таго, фінансуемыя з бюджэту акадэмічныя навуковыя арганізацыі, у якіх аб'ём работ па дагаворах на выкананне НДДК(Т)Р, што фінансуюцца заказчыкамі з пазабюджэтных крыніц, складаў у папярэднім годзе больш за 40%, маюць права ў межах сродкаў, атрыманых з пазабюджэтных крыніц, устанаўліваць для аплаты працы тарыфную стаўку першага разраду, якая не перавышае больш чым у 2 разы тарыфную стаўку першага разраду, устаноўленую для работнікаў бюджэтнай сферы. Кіраўнікам навуковых арганізацый НАН Беларусі, што фінансуюцца з бюджэту, прадастаўлена права ажыццяўляць стымуляванне работнікаў, якія забяспечваюць рэалізацыю НДДК(Т)Р, навукова-тэхнічнай прадукцыі на экспарт, у форме выплаты штомесячнага ўзнагароджання, што ўстанаўліваецца ў працэнтных адносінах да сродкаў, атрыманых ад іх рэалізацыі, без абмежавання гэтага ўзнагароджання максімальнымі памерамі. Пералік такіх работнікаў, канкрэтныя памеры і ўмовы выплаты штомесячнага ўзнагароджання будуць устанаўлівацца кіраўніком арганізацыі.
Указам Кіраўніка дзяржавы таксама вызначана, што дзяржаўныя юрыдычныя асобы і гаспадарчыя таварыствы, у адносінах да якіх Рэспубліка Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, валодаючы акцыямі (долямі ў статутных фондах), можа вызначаць рашэнні, што прымаюцца гэтымі гаспадарчымі таварыствамі, якія з'яўляюцца ўладальнікамі выключных правоў на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, селекцыйныя дасягненні, нераскрытую інфармацыю (ноў-хаў), у тым ліку створаныя з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, не менш за 40% атрыманых па ліцэнзійных дагаворах сродкаў, якія засталіся ў распараджэнні гэтых юрыдычных асоб пасля выплаты падаткаў, збораў, іншых абавязковых плацяжоў, накіроўваюць на выплату ўзнагароджанняў аўтарам названых аб'ектаў права прамысловай уласнасці за іх выкарыстанне ў парадку і на ўмовах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана ў шасцімесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
07.09.2009
Праз тыдзень завяршаецца прыём дакументаў у аспірантуру навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
14 верасня 2009 г. завяршаецца прыём дакументаў у аспірантуру навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пералік спецыяльнасцей, па якіх ажыццяўляецца прыём у аспірантуру ў гэтым годзе, апублікаваны ў газетах "Савецкая Беларусь" ад 2 чэрвеня 2009 г., "Веды" ад 1 чэрвеня 2009 г. і на гэтым сайце. З падрабязнай інфармацыяй аб умовах прыёму ў аспірантуру і формамі дакументаў можна азнаёміцца на інтэрнет-сайце Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (http://ipnk.basnet.by/postgr_dep/).
07.09.2009
Падпісаны напрамкі перспектыўнага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы паміж Украінай і Беларуссю
4 верасеня 2009 г., падчас візіту дэлегацыі Нацыянальнага касмічнага агенцтва Украіны (НКАУ) у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, Генеральным дырэктарам НКАУ А.А. Зінчанкам і Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі М.В. Мясніковічам падпісаны "Напрамкі перспектыўнага супрацоўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь і Украіны па рэалізацыі рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінетам Міністраў Украіны аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах". Напрамкі перспектыўнага супрацоўніцтва дзвюх краін прадугледжваюць сумеснае выкананне навуковых касмічных даследаванняў і прыкладных праграм, у прыватнасці, стварэнне міні- і мікраспадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і карыснай нагрузкі для іх, сістэм кіравання, прыёму і апрацоўкі інфармацыі ад касмічных апаратаў, распрацоўку сучасных тэхналогій апрацоўкі даных дыстанцыйнага зандзіравання для рашэння прыкладных задач. У рамках візіту ўкраінская дэлегацыя таксама наведала шэраг акадэмічных арганізацый - Інстытут цепла- і массобмену імя А.В. Лыкава, Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі і Навукова-інжынернае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" для азнаямлення з вынікамі работы беларускіх вучоных па касмічнай тэматыцы і наладжвання ўзаемавыгадных кантактаў.
06.09.2009
Сёння ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень беларускага пісьменства
6 верасня 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята - Дзень беларускага пісьменства, якое святкуецца штогод у першую нядзелю верасня. Агульнацыянальныя святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды традыцыйна праводзяцца ў беларускіх гарадах, што з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню яны былі праведзены ў 1994 годзе ў старажытным Полацку, эстафету ў якога прынялі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў і Барысаў. Сёлетняй сталіцай Дня беларускага пісьменства з'яўляецца горад Смаргонь. Свае віншаванні ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У віншаванні адзначана, што за час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў адметнай з'явай культурнага жыцця краіны, сімвалам шанавання яе духоўных каштоўнасцей. "Беларускае пісьмовае слова пачыналася ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, набірала сілу ў друкаваных кнігах Францыска Скарыны, Сымона Буднага і Сімяона Полацкага, узнялося на сусветны ўзровень у творах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, іншых выдатных літаратараў Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, пажадаўшы ўсім арганізатарам і гасцям свята жыццёвага аптымізму, шчасця, дабрабыту і творчага плёну.
05.09.2009
Зацверджана дзяржаўная праграма прыкладных навуковых даследаванняў "Кампазіцыйныя матэрыялы" на 2009-2013 гады
Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 20.08.2009 №75 зацверджана дзяржаўная праграма прыкладных навуковых даследаванняў "Навукаёмістыя кампазіцыйныя матэрыялы, атрыманыя метадамі парашковай металургіі, з выкарыстаннем энергіі выбуху, тэхналогій зваркі, рэзкі, пайкі, наплаўкі і нанясення ахоўных пакрыццяў" (ДППД "Кампазіцыйныя матэрыялы") на 2009-2013 гады, сфарміраваная ва ўстаноўленым парадку па выніках дзяржаўнай навуковай экспертызы і конкурснага адбору заданняў. У ходзе выканання ДППД "Кампазіцыйныя матэрыялы", рэалізацыя якой прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.02.2009 №173, будуць распрацаваны і выраблены лабараторныя ўзоры кампазіцыйных матэрыялаў, доследных тэхналагічных працэсаў, абсталявання з выкарыстаннем тэхналогій парашковай металургіі, энергіі выбуху, тэхналогій зваркі, рэзкі, пайкі, наплаўкі і нанясення ахоўных пакрыццяў; створаны ўзоры аснасткі, абсталявання для рэалізацыі гэтых тэхналогій, што забяспечваюць якаснае паляпшэнне эксплуатацыйных характарыстык вузлоў і дэталяў машын, будаўнічых канструкцый, тэхналагічнага абсталявання; павышана канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі на аснове арганізацыі зададзенай структуры матэрыялаў, павелічэння колькасці выконваюцца імі функцый. Прэзідыумам НАН Беларусі зацверджаны таксама навуковы кіраўнік праграмы - генеральны дырэктар Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання парашковай металургіі - дырэктар дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут парашковай металургіі", член-карэспандэнт Ільюшчанка А.Ф., склад навуковага савета і план работ па праграме на 2009 год.
04.09.2009
Аб'яўлены конкурс на атрыманне ў 2010 годзе стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў вочнай формы навучання
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.06.2006 №405 "Аб зацвярджэнні стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў, якія навучаюцца па вочнай форме ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне паслявузаўскай адукацыі" аб'яўлены конкурс на атрыманне ў 2010 годзе стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў, якія навучаюцца па вочнай форме. Сто названых стыпендый прызначаюцца тэрмінам на адзін год, памер стыпендыі складае 25 базавых велічынь. Першыя два этапы дадзенага конкурсу для ўдзельнікаў з ліку аспірантаў, якія навучаюцца пры навуковых арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, праводзяцца ў Акадэміі навук. Парадак вылучэння кандыдатаў для прызначэння стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь даведзены да навуковых арганізацый лістом ад 03.09.2008 № 14-01/3868. Дакументы прадстаўляюцца да 21 верасня 2008 г. у аддзел прэмій, стыпендый і ўзнагарод Упраўлення кадраў і кадравай палітыкі НАН Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 66, пакой 411. Кантактны тэл. 284-28-26. Палажэнне аб парадку правядзення ў НАН Беларусі конкурсу па вылучэнні кандыдатур і электронныя формы дакументаў размешчаны тут.
03.09.2009
Зацверджана Дзяржаўная праграма "Навуковае суправаджэнне развіцця атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перыяд да 2020 года"
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2009 г. №1116 зацверджана Дзяржаўная праграма "Навуковае суправаджэнне развіцця атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перыяд да 2020 года". Дзяржаўнымі заказчыкамі Дзяржаўнай праграмы вызначаны Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства энергетыкі і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, заказчыкам-каардынатарам Дзяржаўнай праграмы - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Галаўной арганізацыяй, якая выконвае навуковае суправаджэнне работ па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы, зацверджана дзяржаўная навуковая ўстанова "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Персанальная адказнасць за своечасовае і якаснае выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ўскладзена на Старшыню Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністра энергетыкі і Міністра па надзвычайных сітуацыях.
02.09.2009
Нацыянальную акадэмію навук Беларусі наведала дэлегацыя амерыканскай карпарацыі Honeywell
Як паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, учора ў Акадэміі навук прайшлі перагаворы дэлегацыі амерыканскай карпарацыі Honeywell з прадстаўнікамі інстытутаў Аддзялення фізіка-тэхнічных навук і Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі па пытаннях будучага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Карпарацыя Honeywell, абарот якой складае 36 млрд дал. ЗША, займаецца распрацоўкай і вытворчасцю высокатэхналагічнай прадукцыі па чатырох асноўных напрамках: аэракасмічнае абсталяванне і паслугі, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, спецыяльныя матэрыялы і транспартныя сістэмы. Навукова-тэхнічныя эксперты Honeywell выказалі сваю зацікаўленасць распрацоўкамі вучоных Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага, Інстытута цепла- і масабмену імя А.В.Лыкава, ДНВА парашковай металургіі, Фізіка-тэхнічнага інстытута і Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі. Узаемаадносіны Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і карпарацыі Honeywell будуць будавацца на аснове правядзення сумесных даследаванняў або набыцця беларускіх "ноу-хау", прычым пытанне аб першых канкрэтных праектах будзе вырашана ўжо да канца верасня.
02.09.2009
Абноўлены склад каардынацыйнага савета па ўзаемадзеянні дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль за бяспечнасцю выкарыстання харчовай сыравіны, прадуктаў харчавання і кармавых біядабавак
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2009 г. №1107 унесены дапаўненні і змяненне ў Палажэнне аб міжведамасным каардынацыйным савеце пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзаемадзеянні дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль за бяспечнасцю выкарыстання харчовай сыравіны, прадуктаў харчавання і кармавых біядабавак, і выкладзены ў новай рэдакцыі яго склад. Міжведамасны каардынацыйны савет, які з'яўляецца каардынуючым органам і дзейнічае на пастаяннай аснове, створаны пастановай Урада Рэспублікі Беларусь у траўні 2008 года ў мэтах удасканалення ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на папярэджанне і прадухіленне вытворчасці і абароту няякаснай харчовай сыравіны, прадуктаў харчавання і кармавых біядабавак. У абноўлены склад міжведамаснага каардынацыйнага савета, які ўзначаліў намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Бамбіза І.М., уключаны намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Гусакоў У.Р. і генеральны дырэктар рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні", член-карэспандэнт Лоўкіс З.В.
01.09.2009
Выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб некаторых пытаннях набыцця маёмасных правоў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці і распараджэння гэтымі правамі"
У мэтах удасканалення парадку выкарыстання вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, распараджэння маёмаснымі правамі на гэтыя вынікі выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2009 г. №432 "Аб некаторых пытаннях набыцця маёмасных правоў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці і распараджэння гэтымі правамі". Указам устанаўліваецца парадак набыцця маёмасных правоў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаныя поўнасцю або часткова за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, у тым ліку сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, а таксама за кошт сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, перадачы маёмасных правоў на дадзеныя вынікі і прадастаўлення права іх выкарыстання. У прыватнасці, прадугледжана, што маёмасныя правы на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаныя поўнасцю або часткова за кошт дзяржаўных сродкаў, набывае Рэспубліка Беларусь або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, уладальнікамі такіх правоў з'яўляюцца дзяржаўны заказчык і (або) выканаўца - дзяржаўная арганізацыя. Указам устаноўлена, што распараджэнне маёмаснымі правамі на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці ўключае поўную або частковую перадачу іншым асобам маёмасных правоў на гэтыя вынікі, прадастаўленне іншым асобам права выкарыстання вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і іншыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству. Вызначана таксама кола асоб, якім дзяржаўны заказчык, што з'яўляецца уладальнікам маёмасных правоў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, можа бязвыплатна перадаваць маёмасныя правы на іх, а таксама прадастаўляць права выкарыстання гэтых вынікаў. Падрабязней з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2009 г. №432 можна азнаёміцца тут.
/ Навіны / Архіў навін / Верасень 2009 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай