Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Запрашаем у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі!
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі, ці НАНБ) з'яўляецца вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыяй Рэспублікі Беларусь - краіны ў самым цэнтры Еўропы. Акадэмія навук падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, падсправаздачная Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, якія выконваюцца ўсімі суб'ектамі навуковай дзейнасці, правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў з мэтай атрымання новых ведаў аб чалавеку, грамадстве, прыродзе і штучна створаных аб'ектах, павелічэння навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Нацыянальная акадэмія навук ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю дзяржаўнай навуковай экспертызы, праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку, каардынацыю і дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці арганізацый у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, выступае ў якасці галаўной арганізацыі Беларусі па навукова-метадычнаму забеспячэнню развіцця інфарматызацыі, а таксама выконвае ў межах паўнамоцтваў, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і Статутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асобныя функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў галіне навукі.

Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску
Заснаваная ў кастрычніку 1928 года як Беларуская акадэмія навук і ўрачыста адкрытая 1 студзеня 1929 г., Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з'яўляецца вядучым даследчым цэнтрам Беларусі, які аб'ядноўвае высокакваліфікаваных вучоных розных спецыяльнасцей і дзесяткі навукова-даследчых, навукова-вытворчых, канструктарскіх і ўкараняльніцкіх арганізацый. У Нацыянальнай акадэміі навук працуе звыш 18,2 тыс. даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслугоўваючага персаналу. Сярод іх каля 6,5 тыс. даследчыкаў, 511 дактароў навук і 1943 кандыдаты навук.